Дзявятка “Анімаёўкі”

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

На конкурс XV Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2012”, які пройдзе з 10 па 15 верасня, было атрымана 112 фільмаў з 19 краін.

 

“Аднак трапілі ў конкурсную праграму толькі 76 з той колькасці, — паведаміла карэспандэнту “К” дырэктар магілёўскага форуму Ірына Белякова. — І ўпершыню ў фестывалі возьмуць удзел Фінляндыя, Кітай, Тайвань, Іспанія, Партугалія і Швейцарыя”.

З сёлетніх навацый форуму — міжнародны склад камісіі, якая адбірала фільмы на конкурс. У яе ўваходзілі: ад Беларусі — Ігар Волчак, ад Расіі — рэжысёр, сцэнарыст і аніматар Людміла Трапезнікава і ад Украіны — рэжысёр і аніматар Наталля Чарнышова. Гэты ход быў уведзены дырэкцыяй з мэтай узняць прэстыж фестывалю, і ў выніку сфарміравана 9 конкурсных праграм.

Імя старшыні журы ўжо вядомае. Гэта — дырэктар Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек і анімацыйных фільмаў для дарослых “Лялька таксама чалавек”, польскі рэжысёр Марэк Хадачыньскі.

Акрамя асноўнага спаборніцтва, XV юбілейны падтрымае і закладзеную на мінулым форуме традыцыю конкурса фільмаў, зробленых дзіцячымі студыямі, — “Я не чараўнік, я толькі вучуся…”. Гэтым разам юныя аўтары пройдуць з гасцямі фестывалю па “чырвонай дарожцы” да галоўнага кінатэатра “Анімаёўкі-2012” — “Радзіма” на плошчы Зорак Магілёва.

Што да ганаровых гасцей, “Анімаёўка” чакае прыбыцця на сваю сцэну народнага артыста СССР Льва Дурава, заслужаную артыстку Расіі Аксану Сташэнка, а таксама юную “зорачку”Аліну Кукушкіну — голас якой ведае сёння “і стары, і малады”: у славутым анімацыйным фільме “Маша і Мядзведзь” яна агучвае гарэзніцу Машу. Не забыліся запрасіць арганізатары і сталых сяброў фестывалю: да прыкладу, свой майстар-клас вядомыя педагогі і аніматары Яраслаўскага цэнтра анімацыйнай творчасці і гуманітарнага развіцця “Перспектыва” Уладзімір і Маргарыта Ішчук дадуць у новым кінатэатры ў Горках, што адкрыецца 1 верасня.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"