Краток са “…Львом”

№ 33 (1055) 18.08.2012 - 24.08.2012 г

15 жніўня ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрылася выстаўка ілюстрацый да чэшскага анімацыйнага фільма “Krtek” — “Краток”.

Яго знакаміты персанаж паланіў не адно пакаленне і беларускіх гледачоў. Сумесны праект Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Міністэрства культуры нашай краіны і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў стаўся падарункам не толькі для дзяцей, але і для дарослай публікі, якая з задавальненнем завітала ў галерэю паглядзець на знакамітага анімацыйнага героя.

/i/content/pi/cult/391/7824/8-4.jpeg

Сімпатычны, вясёлы, добры — ды яшчэ кемлівы і працавіты — Краток мастака Здэнека Мілера стаўся сапраўдным сімвалам Чэхіі. Уявіце сабе, першая серыя мультфільма была ўганаравана “Залатым ільвом” Венецыянскага кінафестывалю больш за паўстагоддзя таму — у 1957-м! — але гэты персанаж да сёння не страціў сваёй папулярнасці. Чэшскага "Кратка” маюць фільматэкі больш чым у 80 краінах свету. Што і казаць, пра такі лёс свайго твора можа марыць кожны стваральнік мультыплікацыйнага персанажа…

Усё ж сваім існаваннем Краток абавязаны чэшскаму мастаку Здэнеку Мілеру, ілюстратару дзіцячых кніг і мультыплікатару. Стваральнік “Krteka”, радзіма якога, горад Кладна паблізу ад Прагі, славіўся не толькі сваім непаўторным мастацкім стылем, але і выдатным пачуццём гумару. Мастак за сваю працяглую кар’еру стварыў больш за 70 мультфільмаў. Яны зрабілі славу чэшскай анімацыі.

Сёння спадчыну майстра, які некалькі гадоў таму пайшоў з жыцця, падтрымлівае і папулярызуе яго дачка Катаржына Мілер. Дзякуючы яе дапамозе ілюстрацыі да славутага мультфільма, як, уласна, і сама стужка — дзесяць яе серый — будуць дэманстравацца ў галерэі цягам усіх дзён выстаўкі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"