Жыццё прывяло Сяргея Каткова ў Мінск. Тут у 1937—1939 гадах ён выкладаў у мастацкай студыі пры Палацы піянераў і школьнікаў. Ваяваў у Вялікую Айчынную. Па вяртанні з вайны зноў працуе ў згаданай мастацкай студыі, потым выкладае ў Мінскім мастацкім вучылішчы, а далей — у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. Пражыў мастак 65 гадоў і большую частку аддаў выхаванню маладых талентаў. Меў званне заслужанага настаўніка Беларусі. Выкладаць у Тэатральна-мастацкім інстытуце Сяргею Пятровічу не давялося, хоць кампетэнцыя давала яму такое права. Але калі прыняць да ўвагі, што студыя пры Палацы піянераў фактычна з’яўлялася “падрыхтоўчымі курсамі” для Мастацкага вучылішча і Рэспубліканскай школы-інтэрната, а тыя — прыступкамі на шляху ў Тэатральна-мастацкі інстытут, дык атрымліваецца, што працаваў Каткоў якраз на вышэйшую школу. Сярод тых, хто пад ягоным наглядам рабіў першыя крокі ў мастацтве, — Уладзімір Стальмашонак, Май Данцыг, Уладзімір Тоўсцік, Леанід Левін, Васіль Сумараў, Зоя Літвінава. Мастачкай стала і дачка Сяргея Пятровіча — Святлана.
Плённа спалучаць настаўніцтва і творчасць складана, бо і першае, і другое патрабуе поўнай аддачы. Але ж Сяргей Пятровіч і настаўнікам, і жывапісцам быў выдатным. Спецыялізаваўся ён у краявідзе і нацюрморце. Меў мастак сваё бачанне свету, але паводле стылістыкі яго творчасць — нешта паміж “суровым стылем” і дэкаратывізмам. Зрэшты, ён ўмеў прыгожа маляваць зямлю, якую любіў, нашу Беларусь. На выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім музеі — каля васьмі дзясяткаў работ — творы майстра і ягоных вучняў. Асабліва кранальна бачыць дзіцячыя малюнкі 1960-х. Іх аўтары — студыйцы Палаца піянераў.