Па словах начальніка аддзела культуры Чэрвеньскага райвыканкама Аксаны Качановіч, смілавіцкі палац плануе выкупіць прыватнік. Калі ягоныя задумы па набыцці аб’екта спадчыны здзейсняцца, дык архітэктурная перліна раёна будзе паступова адрэстаўравана, а ў яе сценах паўстане турыстычны цэнтр. У планах, натуральна, і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, а таксама стварэнне на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу конегадоўчай фермы.
Але, па словах Аксаны Качановіч, пакуль усе названыя пераўтварэнні існуюць толькі “на паперы”, таму распавядаць пра іх падрабязна не выпадае. Асцярожнасць начальніка мясцовага аддзела культуры — невыпадковая і мае пад сабой рэальную глебу. Як вядома, яшчэ адзін славуты палац Чэрвеньшчыны, што знаходзіцца ў Раванічах, не так даўно выкупіў прыватнік, які таксама заяўляў пра разнастайныя амбіцыйныя планы наконт названага аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны. Але пакуль тыя задумы так і засталіся няздзейсненымі. Таму, на думку Аксаны Качановіч, спачатку варта пачакаць рэальных дзеянняў ад прыватніка, які жадае стаць уласнікам славутага палаца Агінскіх-Манюшкаў у Смілавічах.