Фармат для стадыёна: беларускамоўны і завадны

№ 30 (1052) 28.07.2012 - 03.08.2012 г

Пра музычныя прыярытэты беларускага спорту і прававую нестыкоўку / Дэталь па сутнасці ў перадалімпійскім кантэксце

Спорт вышэйшых дасягненняў ужо не адно дзесяцігоддзе з’яўляецца масавым (і касавым) шоу, гэтаксама як, скажам, музычныя прадстаўленні. Сёння ўсё часцей можна назіраць сінкрэтычнасць. Да прыкладу, на адкрыцці ўсіх буйных спартыўных форумаў і тых жа Алімпійскіх гульняў зоркі эстрады выконваюць загалоўную песню спаборніцтваў, а пад час саміх паядынкаў можна пачуць іх запісы ў перапынку паміж таймамі.

“Шайбу!!! — клюшкі на лёд!..”

Пагадзіцеся, вельмі прыемна было пачуць у замежным лядовым палацы і па тэлевізары пасля кожнай закінутай беларусамі шайбы на сёлетнім Чэмпіянаце свету па хакеі ў Фінляндыі і Швецыі прыпеў знакамітай песні “Касіў Ясь канюшыну” ў выкананні “Песняроў”.

Ды і ў родных сценах, а дакладней, у “Мінск-Арэне”, пад час выступлення адзінага прадстаўніка нашай краіны ў Кантынентальнай хакейнай лізе — мінскага “Дынама” — рэгулярна гучыць беларуская музыка, і што немалаважна — беларускамоўная. Да прыкладу, кожную гульню “зуброў” суправаджае іх гімн на роднай мове, які пачынаецца словамі “Шайбу!!! — клюшкі на лёд! Шайбу!!! — волю ў кулак! Выхад, нібыта ўзлёт…” Галоўнае ж патрабаванне ў музычных запытах кіраўніцтва хакейнага клуба — завадны характар мелодый.

/i/content/pi/cult/388/7734/4-1.jpeg

А што прагучыць у Лондане?

Не адстаюць ад хакеістаў і айчынныя футбольныя клубы ды, уласна, алімпійская зборная, якая гэтымі днямі распачынае свае першыя матчы ў Лондане. Футбольныя заўзятары памятаюць, як, набыўшы білет на гульні нашай нацыянальнай зборнай у Мінску, варта было прыйсці за некалькі гадзін перад стартавым свістком арбітра і ўбачыць на алімпійскім стадыёне “Дынама” канцэрт зорак беларускай эстрады.

Уздымае музыка баявы настрой і футбалістаў клубаў вышэйшай лігі Чэмпіянату Беларусі. Праўда, далёка не на кожным стадыёне можна пачуць айчынных выканаўцаў. Як аказалася, самымі патрыятычна настроенымі футбалістамі сталі прадстаўнікі клубаў, якія сёлета прадстаўляюць нашу краіну ў еўракубках — у прыватнасці, Лізе Еўропы УЕФА. Так, менавіта на гомельскім стадыёне “Цэнтральны” сёлета вырашылі падтрымліваць беларускую мову. Гэта адносіцца і да музычных прыярытэтаў. Па словах дыктара стадыёна Юрыя Крышнева, на “Цэнтральным” часта выкарыстоўваюцца песні, якія маюць нацыянальны, этнічны накірунак. Не выпадкова на стадыёне гучаць такія гурты, як, скажам, “Стары Ольса” і “Палац”. Не абыходзяць увагай у Гомелі і сусветнавядомыя хіты з “беларускімі каранямі”. Так, мясцовая футбольная публіка “на ўра” прыняла песню Аляксандра Рыбака “Небасхіл Еўропы” на беларускай мове. Калі ж казаць яшчэ пра адно ноу-хау гомельскага стадыёна, то нельга не адзначыць, што на электронным табло з нядаўняга часу пачалі дэманстравацца нават відэакліпы.

Яшчэ адзін прадстаўнік нашай краіны на еўрапейскай арэне, футбольны клуб “Нафтан” з Наваполацка імкнецца вар’іраваць музычны рэпертуар, які гучыць на стадыёне “Атлант”. Па словах супрацоўніка арэны Мікалая Грыбко, перад гульнёй мясцовай каманды часта гучаць лацінаамерыканскія матывы. Разам з тым, нярэдка выкарыстоўваецца і айчынная музыка, у тым ліку — ваенна-патрыятычныя песні.

Цікавы піяр-ход вынайшлі ў мазырскім футбольным клубе “Славія”, дзе на мясцовым стадыёне “Юнацтва” выконваюцца разнастайныя хіты — як беларускія, так і замежныя. Іх выбар і ратацыя ажыццяўляецца праз створаную групу ў адной з сацыяльных сетак, куды фанаты і заўзятары накіроўваюць свае прапановы.

Акрамя таго, некаторыя футбольныя клубы маюць свой невялікі, але гучны аркестр. У свой час давялося трапіць на еўракубкавую гульню бабруйскай “Белшыны” і сесці непадалёк ад музыкантаў, якія ці не кожную атаку сваёй каманды падтрымлівалі гучнымі мелодыямі. У выніку каманда з Бабруйска ўпэўнена перамагла, а ў вушах яшчэ некалькі дзён стаяў звон ад запальнага аркестра.

Каб спадабалася фанатам…

Дык якія музычныя перавагі маюць айчынныя аматары спорту і наколькі патрэбны ім забаўляльныя застаўкі перад і пад час спартыўных паядынкаў? Каб адказаць на гэтыя пытанні, карэспандэнт “К” завітаў на мінскі стадыён “Дынама”, які неўзабаве чакае вялікая рэканструкцыя, і правёў невялікае апытанне сярод спартыўных фанатаў. На думку пераважнай большасці апытаных, доўгі час істотную праблему на айчынных стадыёнах выклікалі перапынкі паміж таймамі, калі замест добрай музыкі гучала, да прыкладу, інфармацыя ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Так, гэта карысна. Але ці засвояцца звесткі, калі заўзятары больш захоплены вынікам гульні? Куды больш цікава было б, да прыкладу, убачыць невялікае па часе, але запамінальнае забаўляльнае шоу.

Маюць пэўныя прэтэнзіі аматары айчыннага футбола і да музычнага аздаблення, якое часам не адпавядае настрою каманды на гульню. У цэлым жа, усе апытаныя выказалі зацікаўленасць да выкарыстання рэпертуару айчынных спевакоў і гуртоў. Галоўнае, на думку фанатаў, каб гэты плэй-ліст фарміраваўся з улікам пажаданняў публікі, бо, як вядома, менавіта для яе і гуляюць спартсмены.

А як быць з аўтарскімі?

У больш шырокім выкарыстанні беларускай музыкі ў час спартыўных дзействаў павінны быць зацікаўлены і самі выканаўцы, і аўтары іх твораў. Гэта можа быць рэалізавана пры функцыянаванні сістэмы аўтарскіх адлічэнняў.

А таму нельга не сказаць колькі слоў і аб прававых аспектах выкарыстання музыкі пад час спаборніцтваў. Як адзначылі ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці, сёння толькі пачынаецца праца са спартыўнай супольнасцю ў гэтым кірунку і пакуль мае праявы разавага характару.

Па словах начальніка Цэнтра па калектыўным кіраванні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксея Бічурына, іх установа рэгулярна звяртаецца да кіраўніцтва спартыўных клубаў і стадыёнаў з мэтай збору аўтарскіх адлічэнняў, аднак далёка не ўсе пагаджаюцца пералічыць 1 — 2 працэнты сумы, атрыманай ад продажу білетаў, выканаўцам музыкі. Як адзначыў Аляксей Бічурын, часцей за ўсё ігнаруюць іх звароты хакейныя клубы Беларусі.

Мяркуецца, што больш цеснае супрацоўніцтва паміж спартыўнымі структурамі і Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці распачнецца, калі выкарыстанне музыкі на стадыёнах і ў лядовых палацах набудзе масавы характар ды з’явіцца разуменне, што без падтрымкі адно аднаго не магчымае далейшае развіццё.

Калі ж казаць ці не пра самую прыемную мелодыю як для спартсменаў, так і тых, хто іх падтрымлівае, то такой без сумненняў з’яўляецца Дзяржаўны гімн, які, спадзяёмся, будзе неаднаразова гучаць пад час Алімпійскіх гульняў у Лондане на цырымоніі ўзнагароджання нашых атлетаў.

 

Што ж гучыць на спаборніцтвах?

Сёння на спартыўных пляцоўках нашай краіны ўсё часцей можна пачуць беларускую музыку: як правераныя часам шлягеры ў выкананні славутых “Песняроў”, так і сучасныя калектывы з рысамі этна і фолка кшталту “Старога Ольсы” і “Палаца”, рок-кампазіцыі ад айчынных гуртоў, а таксама папулярныя замежныя хіты, у тым ліку “Небасхіл Еўропы” на беларускай мове нашага суайчынніка з Нарвегіі Аляксандра Рыбака. Акрамя таго, ці не кожны спартыўны клуб мае свой адметны гімн, які становіцца візітоўкай каманды ды выконваецца літаральна ўсім стадыёнам.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"