Як храм ля замчышча ўзвялі?

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

10 фактаў пра самы старадаўні будынак Мінска

Адзін са стэрэатыпаў, звязаных са сталіцай, сведчыць: у Мінску не захавалася старадаўніх будынкаў. Маўляў, амаль усе былі зруйнаваны ў час Вялікай Айчыннай вайны. Аднак меркаванне гэтае зусім не адпавядае рэчаіснасці. І сведчаннем таму — Свята-Петрапаўлаўскі сабор на Нямізе, які днямі адсвяткаваў сваё 400-годдзе. Прывядзём 10 фактаў з яго багатай гісторыі.

/i/content/pi/cult/387/7712/14-4.jpeg

1. Храм Святых Пятра і Паўла з’яўляецца на сённяшні дзень самым старадаўнім будынкам Мінска. Яго гісторыя бярэ пачатак у лістападзе 1611 года, калі Аўдоцця Рыгораўна, князёўна Друцкая-Горская, удава Багдана Сцяцкевіча, каралеўскага маршалка, “...з доброе воли свое отдала и даровала... три пляцы мои в месте Минском лежачые... на улицы Юревской... иноком общого жытия, которые то иноцы на том кгрунте монастыр и церков светых Апостол Петра и Павла… збудоват…”.

2. Да пачатку ХVII ст. у Мінску не засталося ніводнай праваслаўнай царквы, таму, каб хоць неяк выправіць такое становішча, 52 чалавекі з ліку шляхты і гараджан у Мінскім замку падпісалі акт аб узвядзенні праваслаўнага Петрапаўлаўскага манастыра і храма. Пры гэтым фундатары не толькі абавязваліся на свае сродкі пабудаваць храм, манастырскія будынкі, але і школу, якая адкрылася ў 1617 г.

3. Мяркуецца, што будавалася царква не больш за два гады (хутчэй за ўсё, з лістапада 1611-га ці з вясны 1612 г.) — тэрмін, надзвычай малы для пабудовы каменнай царквы, таму існуюць версіі, што першапачаткова храм быў драўляным.

4. Пра высокі статус манастыра сведчыць той факт, што 18 сакавіка 1633 г. кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV даў Мінскаму царкоўнаму брацтву і манастыру Святых апосталаў Пятра і Паўла грамату, якая пацвярджала ўсе ранейшыя яго правы і вызваляла ад выплаты ўсякіх падаткаў і грашовых павіннасцей, а акрамя таго, дазваляла будаваць школы і стварыць уласную друкарню.

5. Пасля далучэння Мінска да Расійскай Імперыі ў сакавіку 1773 г. Петрапаўлаўская царква, якая была перайменавана ў гонар імператрыцы ў Екацярынінскую, на некалькі дзесяцігоддзяў стала кафедральным саборам Мінскіх архірэяў. Адметна, што расійская імператрыца ў 1795-м ахвяравала Екацярынінскаму сабору каштоўныя рэчы са свайго гардэроба.

6. У 1812 годзе, пад час вайны з Францыяй, царква істотна пацярпела. Выказваліся прапановы яе зачыніць, але з-за таго, што ў тагачасным Мінску, акрамя яшчэ двух храмаў, іншых праваслаўных цэркваў не было, напрыканцы сакавіка 1813-га кансісторыя пастанавіла прыступіць да рамонту будынка, які літаральна праз год быў завершаны.

7. Пасля паўстання ў 1863-м наступіў перыяд ганення на ўсё, што мела “каталіцкія рысы”. І хоць Екацярынінскі сабор заўсёды з’яўляўся праваслаўным, аднак, як лічылася, ён не меў таго аблічча царкоўнага будынка, які быў выпрацаваны ў XVIII — XIX стст. у Расійскай Імперыі, у, так бы мовіць, “маскоўска-візантыйскім” стылі. У выніку змянілі як знешняе, так і ўнутранае аблічча храма.

8. Пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у сувязі з разбурэннем амаль усяго жылога фонду горада будынак храма быў часова перароблены пад жылое памяшканне. Пасля яго прыстасавалі пад архіў, а інтэр’еры — цалкам перарабілі. І толькі ў 1991-м храм быў вернуты вернікам.

/i/content/pi/cult/387/7712/14-5.jpeg

9. Пад час археалагічных даследаванняў на тэрыторыі вакол станцыі метро “Няміга” было вызначана месцазнаходжанне падмуркаў манастыра. Так, калі ісці ад тэрыторыі Мінскага замка, то па левы бок будуць землі манастыра — гэтая прастора якраз і адпавядае месцу, дзе знаходзіцца Петрапаўлаўскі сабор. Вынікі археалагічных раскопак 2003 г. пад кіраўніцтвам археолага Пятра Русава высветлілі і абставіны, якія “праліваюць святло” на незвычайнасць месца ўзвядзення храма, а таксама выявілі шэраг пахаванняў і артэфактаў на тэрыторыі колішняга манастыра.

10. У саборы сёння можна адначасова назіраць узоры рознастылёвага манументальнага мастацтва XVII — ХХ стст., у якім спалучыліся заходнія і ўсходнія плыні. Так, першы слой фрэскавага перыяду — рэшткі роспісу XVII ст., які захаваўся асобнымі фрагментамі. Другі, так званы екацярынінскі, — манументальны роспіс XVIIІ ст., выкананы ў зялёных стрыманых тонах і багата ўпрыгожаны дэкорам. Трэці, ужо алейны, слой датуецца 1871 годам, калі вынішчаліся ўсе сляды заходнееўрапейскіх мастацкіх уплываў. Гэты роспiс быў выкананы па ўзорах пецярбургскіх храмаў Расійскай Iмперыi. Чацвёрты слой — роспic пачатку ХХ ст., які адлюстроўвае новы этап у развiццi выяўленчага мастацтва: з’яўленне стылю мадэрн. І, нарэшце, апошні, пяты, які ўдалося выявіць рэстаўратарам, выкананы ў 1942 — 1944 годзе пад кіраўніцтвам мастака Мікалая Гусева і з’яўляецца, галоўным чынам, абнаўленнем папярэдняга роспісу.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"