Трэнды ўступнай

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Праз колькі дзён чакаецца афіцыйнае залічэнне ў студэнты ВНУ сферы культуры і мастацтваў.

Тым не менш, ужо зараз можна падвесці папярэднія вынікі і тэндэнцыі ўступнай кампаніі 2012 года. Як адзначылі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, адна з найбольш папулярных спецыяльнасцей у гэтай установе адукацыі якраз новая — “Культурная спадчына і турызм”. Акрамя таго, сёлета карыстаўся поспехам “Менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы”. Нямала выпускнікоў школ, якія жадаюць у будучым займацца рэжысурай народных святаў, а таксама народнымі рамёствамі. Усяго ж у гэтым годзе БДУКіМ плануе прыняць на бюджэтнай аснове 708 першакурснікаў, у тым ліку 16 — у філіяле ўніверсітэта ў Мазыры.

Самы вялікі набор у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі сёлета на спецыяльнасць “Струнныя смычковыя інструменты”. Асвойваць яе ў новым навучальным годзе будуць 30 першакурснікаў. Як адзначыла сакратар прыёмнай камісіі Акадэміі Ірына Кузаўкова, папулярнасцю карыстаюцца спецыяльнасці, звязаныя з акадэмічнымі спевамі, майстэрскім авалоданнем баяна і акардэона. Аднавіўся набор на запатрабаваную спецыяльнасць “Харэаграфічнае мастацтва і рэжысура”. Калі казаць лічбамі, то сёлета сярэдні конкурс па Акадэміі музыкі склаў 1,4 чалавека на месца, а агульная колькасць першакурснікаў мае дасягнуць лічбы ў 196 чалавек.

Традыцыйна карыстаецца папулярнасцю і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Сёлета ў гэтую ВНУ плануецца залічыць амаль роўную колькасць студэнтаў — 146 і 141, адпаведна — як на бюджэтную, так і на платную формы навучання. Пры гэтым самы вялікі набор ажыццяўляецца на спецыяльнасць “Акцёрскае мастацтва. Драматычны тэатр і кіно”, якую будуць асвойваць 15 студэнтаў першага курса.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"