Драўляны квартал у 3D

№ 29 (1051) 21.07.2012 - 27.07.2012 г

Апошнім часам вялікая ўвага грамадскасці надаецца драўлянай архітэктуры беларускіх гарадоў. Неаднаразова і ў “К” размяшчаліся аналітычныя матэрыялы, прысвечаныя захаванню такіх адметных аб’ектаў ды іх выкарыстанню ў турыстычнай інфраструктуры. Не абышлі сваёй увагай нашы карэспандэнты і старадаўні Гомель (гл. "К" № 26 за 2012 г.), для якога драўляная архітэктура, відавочна, — не пусты гук.

/i/content/pi/cult/387/7683/1-4.jpegТак, сваё бачанне праблемы стварэння прывабнага ансамбля драўляных вуліц Гомеля мае мясцовы архітэктар Сяргей Ляпін, выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, які распрацаваў праект Культурна-забаўляльнага квартала ў старым горадзе над Сожам.

Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам "К" Сяргей Ляпін, пад час працы над праектам яму даводзілася звяртацца па кансультацыі да прафесіяналаў у галіне гісторыі, горадабудаўніцтва, улічваць ранейшы вопыт. Як вынік - кожная дэталь у гэтым 3D-макеце (ад уласна дэкору да разных дзвярэй і самой пабудовы) - дакладная копія гомельскай традыцыйнай архітэктуры, што была адноўлена па дакументах ды графічных выявах.

Разам з тым, галоўны клопат маладога архітэктара - рэалізацыя задуманага праекта, кошт якога, безумоўна, вымяраецца не адным мільёнам рублёў. Па яго словах, зараз вядзецца пошук патэнцыйных інвестараў.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"