Ружы — да Дня Незалежнасці

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

3 ліпеня Батанічны сад вырашыў зрабіць мінчанам і гасцям сталіцы падарунак: арыгінальнае святочнае мерапрыемства “Квітнеючая Беларусь: ружы Батанічнага саду — да Дня Незалежнасці” ў гэты дзень разгорнецца на яго тэрыторыі. Майстар-класы, лекцыі, выстаўкі, выступленні творчых калектываў і выканаўцаў складуць праграму свята разам з галоўнай падзеяй: свае дзверы для вольнага наведвання ў святочны час адкрые самае прыгожае месца Мінска — славуты ружоўнік Батанічнага.

/i/content/pi/cult/384/7618/2-1.jpegКалі заходзіш у гэты невялікі па памерах кветнік, галава пачынае кружыцца ад водараў.

Белыя, ружовыя, малінавыя, каралавыя, жоўтыя, перламутравыя... Усё гэта - ружы, і ўсе яны разам вабяць сваім незабыўным пахам ды прыгажосцю.

- Наша калекцыя налічвае 287 гатункаў з 17 садовых груп, - знаёміць з прадстаўніцамі ружоўніка малодшы навуковы супрацоўнік, куратар калекцыі руж Валянціна Фоміч. - Гэта, да прыкладу, чайна-гібрыдная група, фларыбунда, пляцістыя, паліянтавыя, пляцістыя буйнакветкавыя...

Дарэчы, 3 ліпеня, адзначае спецыяліст, наведвальнікам не толькі пакажуць калекцыю руж у атачэнні матылькоў і птушак - у ружоўніку будзе зладжана адмысловае анімацыйнае шоу, - але і падрабязна распавядуць пра яе.

- Каб людзі пашырылі свае веды пра кветкі, - дадае Валянціна Іванаўна, - мы вырашылі правесці адмысловую лекцыю пра гатункі руж ды іхнія групы. Яна пройдзе ў канферэнц-зале Экспазіцыйнай аранжарэі...

Трошкі ўводзячы ў тэму, куратар калекцыі тлумачыць, што, да прыкладу, на парастку ружы групы фларыбунда колькасць кветак можа быць вялікая, а вось на чайна-гібрыднай ружы - толькі ад аднаго да трох./i/content/pi/cult/384/7618/2-2.jpeg

- Самыя старадаўнія кветкі нашай калекцыі - гэта ружы рэмантатнай групы, - Валянціна Іванаўна спыняецца ля суквецця ружова-бэзавых руж. - Яны былі выведзены ў ХІХ стагоддзі, прыкладна ў 1863 - 1864-м. Вельмі духмяныя. Натуральна, мы аднаўляем гатунак, чаранкуем яго, і сёння ружы рэмантатнай групы - перліны нашай калекцыі...

Спецыяліст падзялілася, што старадаўні гатунак прыйшоўся даспадобы жонцы колішняга французскага пасла: жанчына неаднаразова прыходзіла палюбавацца на іх. "Нібыта трапіла на парфумерную фабрыку", - так францужанка казала пра ружы і, сапраўды, мела рацыю: водар яны вылучаюць надзвычайны.

- А калі ўвогуле быў закладзены ружоўнік? - цікаўлюся я.

/i/content/pi/cult/384/7618/2-3.jpeg

- У 1956 годзе, - адказвае Валянціна Фоміч. - Першымі кветкамі, што "атрымалі прапіску" ў нашым ружоўніку, былі, да слова, чайныя ружы з Кабардзіна-Балкарыі, якія, на жаль, з-за халодных зім у нас не прыжыліся...

Чамусьці большасць людзей, распавядае спецыяліст, любіць менавіта гэты гатунак, які не вельмі прызвычаены да беларускіх зім. Між тым, такія холадаўстойлівыя групы, як фларыбунда ці паліянтавыя, не саступаюць яму ў прыгажосці.

- Паглядзіце, - паказвае Валянціна Фоміч на нізкарослых белых прыгажунь з маленькімі кветкамі. - Ці ж не прыгажосць?

Асобнай увагі заслугоўваюць і самі назвы гатункаў. Куст белых паліянтавых "малечаў" мае назву "Поп-корн", чайна-гібрыдная ружа жоўтага колеру завецца "Артур Бел", трошкі правей можна ўбачыць перламутравую "Разалінду", за якой квітнее чырвоная "Шалом"...

/i/content/pi/cult/384/7618/2-4.jpeg

Якія толькі імёны ні маюць кветкі: "Марыя Элізабет", "Анжаліка", "Анна Кокер", "Дам де Кер", "Грын Айс", "Корал Доўн", "Сноў Балет", "Аметыст", "Фарао", "Фламентанц"...

- Мой любімы гатунак - гэта "Глорыя Дэй": жоўтага колеру з ружовым абадком, але вы не ўбачыце яе ў ружоўніку. Яна - у нашай Экспазіцыі руж, дзе мы высаджваем самыя лепшыя ды прыгожыя кветкі. І, прынамсі, экспазіцыя адкрыта не толькі на Дзень Незалежнасці, - дадае куратар калекцыі. - Але ж магу паказаць тое-сёе незвычайнае і тут: толькі распускаецца "Орандж Шлемас" - пярэстая, аранжава-жоўта-чырвоная... Ці ж не арыгіналка?..

Валянціна Іванаўна прызналася, што цягам ужо трох гадоў работнікі ружоўніка назіраюць, у тым ліку, і за новым - беларускім - гатункам ружы ў калекцыі. Але паказаць яго пакуль не могуць.

- Час яшчэ не прыспеў, - кажа яна. - Але калі будзем упэўнены - абавязкова прадэманструем прыгажуню мінчанам.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"