Сакрэт — у вяршках

№ 25 (1048) 23.06.2012 - 29.06.2012 г

Манастырскія загадкі полацкай Рагнеды

/i/content/pi/cult/383/7572/1-4.jpegСёлетні юбілей Полацка багаты не толькі на святочныя мерапрыемствы, але і на новыя навуковыя даследаванні ды адкрыцці.

Сведчаннем таму стала новая кніга "Полацк. Гонар вякоў", прэзентацыя якой адбылася ў сценах Нацыянальнага гістарычнага музея. Аўтарам выдання, што пабачыла свет у выдавецтве "Беларусь" на беларускай і рускай мовах з грунтоўным англійскім рэзюмэ, з'яўляецца вядомы гісторык, археолаг і пісьменнік Сяргей Тарасаў, разам з якім над кнігай працаваў фотамастак з Наваполацка Ігар Супранёнак.

Нават пры першым знаёмстве выданне вылучаецца сваёй адметнай тэкставай кампаноўкай. У прыватнасці, Сяргей Тарасаў, у чым сам аўтар і прызнаўся, пісаў, так бы мовіць, "блокамі", "эпохамі", праз якія праходзіў Полацк, пачынаючы з часоў Рагвалода і Рагнеды. Але, акрамя знаёмай многім са школьнага курса гісторыі інфармацыі адносна гэтага старажытнага горада, ён вылучыў шмат нявысветленых на сённяшні дзень аспектаў. Да прыкладу, у Цвярскім летапісе згадваецца, што ў свой час полацкая князёўна Рагнеда прыняла пострыг пад імем Анастасія і пайшла ў манастыр, дзе, як вядома, і памерла ў 1000 годзе. Ды справа ў тым, што на тэрыторыі Кіеўскай Русі ў той час было ўсяго два манастыры, і абодва - мужчынскія... Цікавы і яшчэ адзін, прыведзены аўтарам кнігі, факт: усяго за шматгадовую гісторыю Полацка там налічвалася 11 манастыроў і толькі адзін з іх быў жаночы./i/content/pi/cult/383/7572/1-5.jpeg

Невялікае даследаванне Сяргей Тарасаў правёў у дачыненні да славутага Крыжа Святой Ефрасінні, а дакладней - вызначыў яго сапраўдны памер, бо ў розных энцыклапедыях і даведніках,  як сучасных, так і больш даўніх, - розныя даныя адносна яго даўжыні: 50, 51, 51,8 см. Але аўтар кнігі заўважае, што ў той час нашы продкі вымяралі ў зусім іншых адзінках - вяршках. І калі гэтыя вяршкі перавесці ў сантыметры, то атрымліваецца: 50,4 см.

1150-годдзю Полацка прысвечана і іншая навукова-папулярная кніга - "Войска Полацкага Княства ад часоў Рагвалода да эпохі Усяслава Чарадзея". Аўтар яе - загадчык аддзела археалогіі, нумізматыкі і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Мікалай Плавінскі, які апошнія дзесяць гадоў займаецца дадзенай тэматыкай у нашай краіне.

Паводле ягоных слоў, пры стварэнні гэтага навукова-папулярнага выдання выкарыстоўваліся археалагічныя крыніцы, старадаўнія летапісы, скандынаўскія сагі, наўгародскія берасцяныя граматы і нават тагачасныя графіці. Нягледзячы на распаўсюджанае меркаванне пра тое, што аб Полацку ўжо знойдзена ўся інфармацыя, насамрэч, па прызнанні Мікалая Плавінскага, яе даводзілася збіраць па крупінках. Галоўнай жа задачай гэтай кнігі стала, на думку аўтара, спроба наноў перагледзець гісторыю Полацка, але ўжо ў ваенным аспекце. У выданні прыведзены не толькі апісанні мячоў ды сякер, разнастайных бітваў - ваенны аспект уклаўся ў рэчышча полацкай гісторыі, пачатку беларускай дзяржаўнасці.

Варта адзначыць, што кніга ахоплівае толькі невялікі перыяд - ад 2-й паловы Х да ХІ стагоддзя, а таму ў перспектыве можна чакаць працяг гэтай пазнаваўчай серыі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"