Пазлы атлантаў і старых знаёмых

№ 23 (1046) 09.06.2012 - 16.06.2012 г

“Пірамідай” — да “Рамонту”

/i/content/pi/cult/381/7509/2-3.jpg“Адзін і многія” — у Мемарыяльным музеі-майстэрні З.І. Азгура працуе персанальная выстаўка скульптара Канстанціна Селіханава. Постаці даўганогіх герояў прыхільнікам ягонага таленту даводзілася бачыць неаднойчы. Яны, нібы персанажы гісторыі, якую мы калісьці чулі ў дзяцінстве, выклікаюць адчуванне “старых знаёмых”… Але сабраныя разам у пэўным асяроддзі (а гаворка, паўтаруся, — аб прасторы Музея Заіра Азгура), “знаёмыя” раскрываюць таямніцы пра сябе.

Урэшце, усё пачынаецца з "Урокаў" - інсталяцыі на першым паверсе. Вязаная кофтачка на вітрыне з подпісам "Косцю - 6 гадоў" і фотаздымак скульптара ў юнацтве; некалькі шэрагаў шклянак з малаком на падносе - "прывітанне" дзіцячым садкам, школам, летнікам; шкілет голуба на падстаўцы і зубная шчотка на фоне транспаранта з лозунгам, які з-за яго непатрэбнасці-сцёртасці ўжо і не прачытаць... Усе гэтыя сімвалы-прадметы, асабліва - для тых, хто заспеў савецкую эпоху, чамусьці рэзаніруюць не проста ў мінулае, а ў чыёсьці персанальнае мінулае, ад якога аддзяліцца сапраўды цяжка. У галоўным жа пакоі музея - інсталяцыя "Адзін і многія": яны, манументальныя экспанаты музея, пазіраюць на безыменных герояў з паблажлівай цікаўнасцю. Але... Ці безыменныя нашы героі? Часта мы можам бачыць подпіс пад шэрагам работ: "Давід", "Давід-3", "Давід і Галіяф"... Нават скульптурная выява Льва Талстога мае подпіс "Давід-2". Магчыма, у гэтых паўторах і ёсць ключ да разгадкі гісторыі?/i/content/pi/cult/381/7509/2-4.jpeg

Урэшце, хто такі Давід? Пастух, які перамог ільва, мядзведзя, і, нарэшце, Галіяфа - магутнага воіна. Маленькі чалавек, які, абапіраючыся на сваю веру, перамог у загадзя няроўным па сілах баі. Гэта ён з братамі трымае купал неба, цяжар мінулага і ўласных памылак ("Атланты"), стаіць маўкліва і асуджана ў чарзе, будуе бессэнсоўныя піраміды ("Піраміда") і, урэшце, ідзе наперад, робячы крок з апошняй прыступкі лесвіцы кудысьці ў пустэчу ("Уверх")... І ўсё - у атачэнні застылых правадыроў разца Азгура.

Ды ёсць і яшчэ адзін пазл. "Рамонт" - такую назву мае інсталяцыя на другім паверсе, дзе калідор вядзе да партрэта Ніцшэ. Выява філосафа прапалена,  і ў адтуліне, якая ўтварылася праз жэст зрыньвання аўтарытэту, мы бачым лес як сакральнае месца сілы і духу.

"Не ведаю, куды ісці далей, калі, як сцвярджае Ніцшэ, тое, што ў прыродзе чалавека працівіцца злу - ёсць ілжывае, памылка выхавання", - скульптар бярэ выказванне Льва Талстога. І выбірае яго аднадумцам, які, нагадаем, да апошняга верыў у моц чалавечага духу.

"Адзін і многія" - гэта развага пра мінулае, якое прарастае ў нас невядомымі раслінамі. Свядомы выбар Селіханава - вырасціць уласны міф.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"