“Поспехі залежаць ад штодзённай працы”

№ 22 (1045) 02.06.2012 - 08.06.2012 г

28 мая ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася традыцыйная сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь з лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У ёй прымалі ўдзел рэктары ВНУ сферы культуры і мастацтваў, а таксама педагогі, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей моладзі, яе выхаванне і адукацыю.

/i/content/pi/cult/380/7462/2_1.jpegЯк адзначыў пад час адкрыцця сустрэчы міністр культуры краіны Павел Латушка, трэба заўсёды шанаваць талент, дадзены Богам, бацькамі, і працаваць над ім, над яго раскрыццём. “Вы працуеце над сваім талентам, робіце яго падобным да зоркі, Зоркі Венеры над нашай Беларуссю. Важна зразумець, што сёння вы знаходзіцеся на вяршыні славы, а далей вашы поспехі будуць залежаць таксама ад штодзённай працы”, — падкрэсліў ён у сваім звароце да прысутных юнакоў і дзяўчат.

Па словах міністра культуры, вельмі важна памятаць пра тое, што ўсе мы разам працуем для беларускай культуры — культуры, якая зрабіла важкі ўнёсак у скарбонку сусветнай спадчыны. І таму сёння ад творчай таленавітай моладзі будзе залежаць далейшае развіццё айчыннага мастацтва. Павел Латушка выказаў падзяку моладзі за зробленае яе лепшымі прадстаўнікамі для нашай краіны, найперш — у творчым плане, а таксама тым людзям, якія працавалі з імі, перадусім — бацькам і настаўнікам.

Акрамя таго, у рамках сустрэчы міністр культуры Павел Латушка і старшыня Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Ніна Мазай уручылі пасведчанні, нагрудныя знакі лаўрэатаў спецфонду ды падарункі.

На здымку: удзельнікі сустрэчы.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"