Небасхіл паэта

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

Па традыцыі, да дня памяці Максіма Багдановіча — 25 мая — у Мінску адбыўся шэраг мерапрыемстваў з удзелам даследчыкаў творчай спадчыны класіка, сучасных беларускіх літаратараў, аматараў мастацкага слова. Сёлета споўнілася 95 гадоў, як пакінуў гэты свет славуты творца.

У прыватнасці, мерапрыемствы пачаліся з ускладання кветак да помніка Максіму Багдановічу ў скверы каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, дзе адбылося выступленне дзеячаў культуры нашай краіны, а таксама супрацоўнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Літаральна адразу пасля ўрачыстай цырымоніі ўдзельнікі памятных мерапрыемстваў перамясціліся ў сабор Святых Пятра і Паўла, дзе адбылася паніхіда на беларускай мове з удзелам хору праваслаўнага брацтва ў гонар святых Віленскіх мучанікаў.

Завяршыліся ж мерапрыемствы вечарам “Пад зоркай Максіма”. У ім прынялі ўдзел даўнія сябры Літаратурнага музея Багдановіча, у тым ліку пісьменнікі, літаратуразнаўцы, акцёры, рэжысёры і музыканты.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"