Феерыя Гальшан

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

На гэтыя выхадныя дні старадаўнія і таямнічыя Гальшаны зноў стануць цэнтрам фестывальнага руху нашай краіны.

/i/content/pi/cult/379/7443/2_2.jpgУ прыватнасці, у гэтым мястэчку ўчора адбылася V Міжнародная наукова-практычная канферэнцыя “Гісторыка-культурная спадчына Ашмяншчыны”, а на сёння запланаваны ўласна фестываль “Гальшанскі замак”. Яго арганізатарамі выступілі Ашмянскі райвыканкам і прыватнае турыстычнае агенцтва.

З самага ранку ў Гальшанах распачнуць працу рамесныя ды забаўляльныя пляцоўкі, пройдзе парад рэтра-аўтамабіляў. Акрамя таго, у праграме фестывалю запланавана выступленне тэатра “Фламея”, майстар-класы па танцах Сярэднявечча, барока і Рэнесанса з улікам таго, з якога беларускага горада пэўныя "па" родам. Вялікую цікавасць у гледачоў маюць выклікаць рыцарскі і конны турніры, а таксама турнір лучнікаў.

Завершацца ж урачыстасці канцэртам старадаўняй музыкі з удзелам гуртоў “Яварына”, “Стары Ольса”, “Тутэйшыя”, “Унія” ды іншых, а таксама феерычным фаер-шоу.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"