Рыжскія адкрыцці

№ 21 (1044) 26.05.2012 - 01.06.2012 г

У наступным годзе Купалаўскі музей плануе азнаёміцца з фондамі музеяў Латвіі і, магчыма, знайсці страчаныя сляды перапіскі Янкі Купалы і Яна Райніса.

Чарговым крокам па папулярызацыі творчай спадчыны беларускіх пісьменнікаў за мяжой стане адкрыццё Музея Янкі Купалы ў латвійскай сталіцы. Праца над ім распачалася ў Рыжскай асноўнай школе, што носіць імя класіка нашай літаратуры.

Днямі дэлегацыя на чале з дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы Аленай Ляшковіч вярнулася з Рыгі, дзе пад час трохдзённай паездкі абмяркоўваліся пытанні па навуковай канцэпцыі будучага музея і яго тэматычнай структуры. Акрамя таго, рыжскім калегам быў перададзены 51 прадмет, які папоўніць фонды ўстановы. Сярод іх — графічны партрэт Янкі Купалы, выданні твораў класіка розных гадоў, памятныя медалі, зборнікі навуковых канферэнцый. Па словах Алены Ляшковіч, будучы музей запланаваны адносна невялікі па памерах — усяго 20 квадратных метраў, — аднак і на такой пляцоўцы будуць прадстаўлены асноўныя вехі з жыцця ды творчасці паэта.

У экспазіцыі музея будзе адлюстравана сувязь Янкі Купалы з латвійскай зямлёй, у прыватнасці, з Рыгай, дзе ў чэрвені 1941 года пабываў Пясняр. Таксама можна даведацца пра стасункі паміж Янкам Купалам і Янам Райнісам, паміж якімі не адзін год вялася перапіска. Дарэчы, Ян Райніс збярог падарунак Купалы: дзве кнігі з яго аўтографам, што захаваліся да сённяшняга дня і сталі сапраўдным адкрыццём для беларускай дэлегацыі.

Шэраг мерапрыемстваў у рамках візіту дэлегацыі з Беларусі адбыўся ў Рыжскай асноўнай школе імя Янкі Купалы, дзе адкрылася выстаўка “Роднай нівы я мільённая часціна”, што расказвае пра стасункі Песняра з прадстаўнікамі замежных літаратараў і перакладчыкаў, на якой, у тым ліку, дэманструюцца пераклады твораў Купалы на латышскую мову. Адбылася і мультымедыйная прэзентацыя. Завяршыліся ж мерапрыемствы акцыяй “Чытаем Купалу разам”, да якой далучыліся не толькі мясцовыя школьнікі, але і прадстаўнікі беларускай дыяспары і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвіі.

Па словах Алены Ляшковіч, плануецца наладзіць шчыльныя стасункі з замежнымі калегамі, у прыватнасці, з Аб’яднаннем мемарыяльных музеяў Латвіі. Сумесна з ім у будучым годзе плануецца рэалізаваць выставачны праект, а таксама азнаёміцца з фондамі мемарыяльных музеяў і, магчыма, знайсці страчаныя сляды перапіскі Янкі Купалы і Яна Райніса.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"