Немарыніст прыехаў да Шагала

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Чым беларускі гай натхніў каталонскага мастака?

/i/content/pi/cult/378/7434/13_1.jpeg"Больш за ўсё мяне ў вашай краіне ўразілі беларускія лясы", - прызнаўся карэспандэнту "К" іспанскі мастак Давід КАЛАЎ ЖЭНЭ, які прыехаў у нашу краіну ўпершыню. "З аднаго боку, яны супакойваюць і суцяшаюць, але з іншага - поўныя жыцця: іх гоман і таемны рух адчуваеш увесь час прабывання ў гаі. Гэта незабыўна!.."

Толькі дзеля гэтай трапнай і паэтычнай заўвагі славутаму мастаку з Каталоніі трэба было завітаць у Беларусь, але ж, вядома, прывяла яго ў нашу краіну не толькі прага новых адкрыццяў. Маюцца таксама бізнес-інтарэс ды перспектывы сумесных праектаў. А на сёння Давід прыняў удзел у здымках дакументальнага фільма пра Марка Шагала, над якім працуюць рэжысёр Зоя Катовіч і сцэнарыст Вера Савіна, ды выказаў спадзяванні на супрацу з мастачкай Ганнай Балаш.

- Менавіта Ганна Балаш стала тым чалавекам, які адкрыў для мяне Беларусь, - кажа мастак, - і я вельмі спадзяюся, што наша сяброўства перарасце ў плённае супрацоўніцтва.

- Вядома, што менавіта ад яе вы атрымалі запрашэнне прыехаць да нас...

- Так. Сам я родам з невялічкага каталонскага горада Камбрылс, які знаходзіцца непадалёк ад Тарагоны. Барселона ж за сто кіламетраў ад нас. Але менавіта пад час знаходжання Ганны ў Камбрылсе мы і пазнаёміліся: яна проста зайшла ў маю галерэю. Так і пасябравалі, а потым ужо Ганна запрасіла мяне ў вашу краіну.

- Ведаю, што вам удалося не толькі паглядзець Мінск, але і пабываць на радзіме Марка Шагала - у Віцебску...

- Так. Мяне запрасілі прыняць удзел у здымках дакументальнай стужкі пра славутага мастака. У цэлым, Віцебск і Дом-музей Марка Шагала мяне моцна ўразілі. Я прызвычаены да музеяў, дзе ў першую чаргу прадстаўляюць творчасць мастакоў, а тут атрымаў магчымасць пазнаёміцца з асяродкам, у якім вырас славуты майстар пэндзля, з тым, што атачала яго ў маленстве, юнацтве. Гэта дае шмат падстаў для ўяўлення розных вобразаў, у тым ліку і карцін з ягонага жыцця...

- Калі б выбіралі колер Беларусі для ўласных твораў, на якім спыніліся б? Магчыма, на зялёным, улічваючы ваша ўражанне ад хараства лясоў?

- Ведаеце, я не спыняўся б на адным колеры. Яны мусяць быць розныя. Але я абавязкова засялю вашы лясы, калі буду іх маляваць, рознымі істотамі. Калі мы шпацыравалі па гаі, мне ўвесь час падавалася, што навокал адбываецца нябачнае жыццё...

- Давід, калі гаворка зайшла пра вашу творчасць, я хачу задаць нават трошкі правакацыйнае пытанне. Перш чым прыйсці да вас на інтэрв'ю, я ўважліва азнаёмілася з работамі, прадстаўленымі на вашай інтэрнэт-старонцы. Яны - поўныя яскравых колераў, рытмікі, страсці. У іх можна ўбачыць і спадчыну Пікаса, Эль Грэка, і нават Гарсія Лоркі... І мне падумалася пад час прагляду: а ці маю я рацыю, калі назаву вашы творы... іспанскімі?

- Вядома, гэта добра, што мае творы, на ваш погляд, утрымліваюць спадчыну нацыянальнай жывапіснай школы, але мне хацелася б, каб вы ў першую чаргу адзначылі, што я - гэта я. Натуральна, мастак не можа існаваць паасобку, і я з'яўляюся, нават міжволі, правадніком сваёй культуры, але для мяне было справай прынцыповай не трапіць у заложнікі мастацтва мінулага. Менавіта таму я сышоў у пэўны час з нашай Акадэміі мастацтваў, бо вырашыў знайсці ўласную форму і стыль, застацца вольным у пошуку свайго творчага выказвання, а не бяздумна пераймаць манеру знаных майстроў.

- Наколькі лёгка знайсці сябе маладому мастаку ў вашай краіне, ажыццявіць, так бы мовіць, свой прафесійны праект?

- На тэрыторыі рыначных зносін, як вядома, кожнаму творцу даводзіцца вырашаць вядомую дылему. У маёй біяграфіі быў такі момант, калі мае карціны мелі вялікі поспех. Паколькі горад стаіць ля мора, я, несумненна, знаходжуся пад яго моцным уплывам. У мяне шмат работ адпаведнай тэматыкі - марскіх пейзажаў, замалёвак, эцюдаў, - і некалькі гадоў таму большасць гэтых твораў была прадстаўлена на вялізнай персанальнай выстаўцы ў Музычным палацы Валенсіі. Экспазіцыя мела вялікі рэзананс. І галерыст, з якім я ў той час працаваў, пасля гэтага поспеху быў узрушаны: "Давід, давай яшчэ падобныя работы! Давай!". Але для мяне дадзеная тэма была ўжо вычарпана: у рэшце рэшт, я не марыніст, каб пісаць толькі адно мора. І ў выніку, хоць гэты кірунак прыносіў мне стабільны прыбытак, я сышоў з яго, бо захацеў стварыць нешта іншае.

- Прызнацца, і мне прыйшліся даспадобы марскія пейзажы, якія, у тым ліку, прадстаўлены на вашым сайце...

- (Усміхаецца.) Дарэчы, ніколі не надаваў вялікае значэнне Сусветнаму павуцінню, хоць разумею, што гэта рэч карысная. Той сайт зрабіў мне сябра - я нават не ведаю, якія мае работы ён там размясціў. Цікава, што падобная сітуацыя - сімптаматычная праява сённяшняга рынку: калі галерысты ці сябры, якія, безумоўна, жадаюць нам толькі лепшага, прапаноўваюць у выніку "свой" варыянт творчасці мастака. А нам увесь час потым даводзіцца даказваць, што мы не толькі такія, якімі нас убачыў пэўны спецыяліст, але яшчэ і іншыя.

- Тады я папрашу вас распавесці пра тое, над чым вы зараз працуеце і што для вас сёння важна...

- Распрацовак шмат, але распавяду пра галоўнае. Цягам вось ужо некалькіх гадоў я працую над скульптурным праектам, частка якога на сёння рэалізавана ў Камбрылсе. Да мяне звярнуліся ўлады горада з просьбай стварэння мемарыяльнага помніка загінулым рыбакам: у 1911 годзе ў Камбрылсе адбылася вялікая трагедыя, калі ў моры патанула некалькі рыбацкіх шхун з бацькамі і дзецьмі. З нагоды стагоддзя той трагедыі горад і вырашыў займець адпаведны скульптурны манумент. Прызнаюся, я не адразу пагадзіўся на гэтую прапанову. Маёй умовай быў дазвол быць вольным у трактоўцы тэмы. І мая ідэя заключалася ў тым, што я вырашыў стварыць мемарыял, які не толькі нагадвае пра трагічную падзею, але і дае надзею.

Так і з'явілася скульптурная група, што ўяўляе з сябе кампазіцыю з дзвюх русалак-сірэн (адна з іх - уладарка штармоў, другая - уладарка загінулых у моры), рыбакоў з кошыкамі рыбы і выявай дзіцяці наперадзе гэтай групы, якое і атаясамлівае надзею. Я разумею, што гэта надзея - ілюзорная, але працаваў з вялікай аддачай.

- Як прынялі вашу работу?

- Па-рознаму. Помнік выкананы ў манеры сучаснага мастацтва, але знаходзіцца ў старажытнай частцы горада. Нехта прыняў яго, хтосьці - не, але для мяне істотным было працаваць над падобным заказам, які дазваляе выказацца і сэрцу, і рукам, і галаве. І, мяркуючы па рэзанансе, я бачу, што для людзей падобны падыход да мастацтва таксама нешта значыць.

- А ці прывяло абмеркаванне да пэўных вынікаў?

- Здаецца, так. Бо сёння ўжо горад аб'явіў конкурс на стварэнне скульптуры на іншую тэматыку, і ўсе пададзеныя заяўкі аказаліся ў стылі сучаснага мастацтва. Цікава, што ўлады паставіліся да гэтага цалкам станоўча...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"