Раз, два, тры, чатыры, пяць — я іду музей шукаць!

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

Як карэспандэнт "К" "намацваў" шлях да сталічных экспазіцый

Атрымаўшы рэдакцыйнае заданне напісаць матэрыял, прысвечаны юбілею знакавай постаці ў айчыннай культуры - Уладзіслава Галубка, што быў змешчаны ў мінулым нумары, карэспандэнту "К"неабходна было скарыстацца дакументамі з філіяла Дзяржаўнага музея тэатральнай і музычнай культуры нашай краіны  - "Гасцёўня Галубка". А заадно было цікава даведацца, наколькі сёння мінчане і шматлікія госці беларускай сталіцы ведаюць пра тую хоць і маленькую, але ад гэтага не менш цікавую ўстанову, якая знаходзіцца ў самым сэрцы Мінска - Траецкім прадмесці.
На жаль, вынікі невялікага імправізаванага апытання, што праводзілася літаральна за сто метраў ад "Гасцёўні...", былі несуцяшальнымі: абсалютная большасць рэспандэнтаў не толькі не змагла назваць месцазнаходжанне гэтага музея, але і была па-шчыраму здзіўлена фактам існавання апошняга. Яно і не дзіва: ніводнага ўказальніка, банера з інфармацыяй пра "Гасцёўню Галубка" сёння ў цэнтры Мінска не сустрэць, таксама як, перакананы, і ў яго ваколіцах.

І калі адсутнасць інфармацыі пра "Гасцёўню Галубка" можна спісаць на яе філіяльны статус, то чым тлумачыцца "дэфіцыт" указальнікаў да іншых музеяў - літаратурных і не толькі, - што знаходзяцца ўсё ў тым жа Траецкім прадмесці ці непадалёк ад яго і маглі б стаць аднымі з асноўных аб'ектаў турыстычнай інфраструктуры горада?

Адказаць на гэтае пытанне можна, зноў-такі, праз невялікі эксперымент. Варта толькі пачаць сваё падарожжа па Мінску са станцыі метро "Няміга" ці "Кастрычніцкая" - самых папулярных у турыстаў. Выходзячы з апошняй, можна заўважыць ёмістую інфармацыю хіба толькі Нацыянальнага мастацкага музея, плакаты якога размешчаны нават у падземным пераходзе, што, відавочна, прыносіць свае істотныя дывідэнды ў выглядзе атрыманых сродкаў ад продажу ўваходных білетаў і сувеніраў. Такое адчуванне, што астатнім музеям застаецца толькі чакаць турыста, які выпадкова да іх завітае, або мэтанакіравана, з дапамогай знойдзенай, да прыкладу, у Інтэрнэце інфармацыі, захоча пазнаёміцца з іх калекцыямі.

Зразумела, сродкаў на "прадуктыўную" вулічную рэкламу ў большасці айчынных музеяў, хутчэй за ўсё, не знойдзецца, але ж, пагадзіцеся, існуе вельмі шмат варыянтаў "вулічнага прасоўвання" свайго "прадукту", у тым ліку праз супрацоўніцтва з прыватнымі кампаніямі. Скажам, на плакатах у цэнтры сталіцы з інфармацыяй пра той або іншы музей можна было б змясціць не толькі адрас установы, але і рэкламную інфармацыю спонсара. Тое ж самае магчыма зрабіць і з буклетамі, якімі аказаліся б ахоплены і Чыгуначны вакзал, і Нацыянальны аэрапорт. Альбо, да прыкладу, пройдзе, як кажуць, на ўра двухбаковы буклет, дзе змешчана як схема мінскага транспарту, так і падрабязны "музейны маршрут", а таксама лагатыпы спонсараў. І, вядома ж, падобны праект зможа прынесці плён толькі тады, калі гэты буклет можна будзе знайсці ў кожным трансферным ці турыстычным аўтобусе, што праязджае праз цэнтр Мінска.

Думаецца, прыток "культурных" падарожнікаў мусіць зацікавіць найперш мясцовыя ўлады. Аднак адсутнасць элементарных указальнікаў прымушае зрабіць зусім іншыя высновы. Тым больш, што той жа Інфацэнтр "Мінск", які таксама не так ужо і проста знайсці, мог бы ўлічыць заходнееўрапейскі досвед і ў цёплае надвор'е "выходзіць на паветра": у цэнтры горада паставіць адмысловую палатку і раздаваць буклеты, кансультаваць гасцей сталіцы, як гэта робіцца ў тым жа бельгійскім Льежы. Тады быў бы заўважаны і Музей гісторыі Мінска, што "схаваўся" акурат непадалёк ад Інфацэнтра. Дарэчы, указанняў на яго месцазнаходжанне сустрэць таксама не давялося.

А пакуль, думаецца, на парадку дня - ініцыятыва. Чаму б самім музеям больш актыўна не ўлічваць сучасныя формы прыцягнення замежных турыстаў, у тым ліку змяшчаць інфармацыю на інтэрактыўных картах для смартфонаў, больш шырока выкарыстоўваць найноўшыя тэхналогіі Інтэрнэта, супрацоўнічаць з вытворцамі праграмнага забеспячэння аўтамабільных і пешых навігатараў? Словам, разнастайных варыянтаў, каб "асвяціць" шлях да музея, - процьма. Галоўнае - больш актыўна і смела ўкараняць іх у сваю дзейнасць.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"