"Лайнеры" на гарызонце: імёны і колеры Беларускага тыдня моды

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Як немагчыма забыць пунсовую сукенку з калекцыі беларускага дызайнера Наталлі Цуран, так нельга пакінуць па-за ўвагай Беларускі тыдзень моды ("Belarus Fashion Week"), які завяршыўся ў Мінску колькі дзён таму. Больш за 20 дызайнерскіх паказаў, госці з Расіі, Украіны, Грузіі, Польшчы, конкурс маладых дызайнераў "New names", адукацыйная пляцоўка для прафесійнага развіцця і кар'ернага росту - Fashion Study Centre з шэрагам майстар-класаў, паказы дзіцячага адзення, спаборніцтва fashion-блогераў... Ды самае галоўнае - падтрымка Беларускага тыдня моды айчыннымі вытворцамі, што выявілася як у прадстаўленні матэрыялаў, уласнай прадукцыі дызайнерам BFW, так і - першапачаткова - у жаданні стаць часткай моднай падзеі.

/i/content/pi/cult/377/7407/1-2.jpegПрэлюдыя і людзі

Палац мастацтва ў цэнтры Мінска. У вялізнай зале на другім паверсе - не работы беларускіх мастакоў, не выстаўка мёду, а натоўп моднікаў у прадчуванні відовішча. На ўваходзе ў дэманстрацыйную залу ў спякоце і густоўных строях віруюць fashion-журналісты, прадстаўнікі моднага бізнесу, зацікаўленыя гледачы, celebrity... Французскі журналіст Марселіус Джонс з маленькім сабачкам на плячы вядзе рэпартаж у атачэнні беларускіх калег - на мерапрыемства былі акрэдытаваны і замежныя журналісты (прынамсі, сусветна вядомы fashion-канал заяўлены ў інфармацыйных партнёрах)... Атмасфера пануе нязмушаная ды свецкая. Строі публікі вызначаюцца не толькі веданнем модных трэндаў, але і "прыемнай" экстравагантнасцю. Той жа Марселіус штодня змяняў не толькі касцюм і абутак, але і сукенку свайму маленькаму гадаванцу. Такім чынам, першае, чым уражвае BFW, - гэта спецыфічная публіка і атмасфера, уласцівая сапраўды моднаму мерапрыемству.

Па-другое, уласна месца... Прастору выставачнай залы было не пазнаць. Як прызнаўся карэспандэнту "К" мадэльер Іван Айплатаў, які некалькі дзён таму вярнуўся з форуму моды ў Парыжы, "...пляцоўка французскага мерапрыемства арганізавана гэткім жа чынам: усё вельмі крута". Таму і ўбачыць на адпаведнай падзеі V.I.P-гасцей - справа заканамерная. Адзін з паказаў свецкай дзеі наведаў міністр культуры краіны Павел Латушка. Прысутнічалі на дэфіле мастацкі кіраўнік Беларускага цэнтра моды Эльвіра Жвікава, тэлевядучая Алена Спірыдовіч, спявачка Іна Афанасьева, дуэт "Аляксандра & Канстанцін", рэжысёр Юрый Брэус, дызайнер Дзмітрый Сурскі, дырэктар кінастудыі "Беларусьфільм" Алег Сільвановіч, пісьменнікі, перакладчыкі, галерысты... Аргкамітэт Беларускага тыдня моды паклапаціўся пра тое, каб беларускі бамонд меў адчуванне далучанасці да, лічы, прафесійнай падзеі - і ў гэтым ёсць сэнс.

Незабыўны выхад

Уласна, самі дэманстрацыі калекцый. Язык не павернецца сказаць, што глядзець моду pret-a-porter - моду "гатовай сукенкі", паўсядзённую моду - справа сумная. Асабліва гэта датычыцца паказу ліній такіх дызайнераў, як Людміла Тараканава (TARAKANOVA), Наталля Цуран (NATASHA TSU RAN), Вольга Кучарэнка-Лабурдава (KUCHERENKO), сёстры Парфяновіч (Sisters Parfenovich), Ціна Магалашвілі (Tinatin Magalashvili), якія спалучалі ўласна дэманстрацыю адзення з элементамі шоу. "А ці адважацца апрануць такія рэчы спажыўцы?" - часам гучала пытанне на прэс-канферэнцыях пасля паказаў вышэйзгаданых аўтараў, але дызайнеры ставіліся да падобных сумневаў спакойна. "Усё ж такі паказ калекцыі - гэта шоу, - падкрэсліла Наталля Цуран, - і не хацелася б, каб мадэлі проста хадзілі па подыуме. Таму асабіста мне было цікава распавесці гісторыю з завязкай, кульмінацыяй ды развязкай".

У прыватнасці, калекцыя Наталлі "Цёплае сэрца ў халодных зялёных водах", на якую натхнілі "зімовыя ландшафты Паўночнага мора", распавядала пра гісторыю кахання Дзяўчыны і Рыбака. Праз строі дызайнер таленавіта візуалізіравала паўнавартасную мясцовую легенду: "каханне герояў", "Яго і Яе жыццё пасля расстання", "пакуты герояў і іх надзея"... Наталля ўжывала лаканічныя формы, стрыманасць натуральных тканін, колеры, якія гарманічна змяняліся ад блакітнага-зялёнага да чорнага, не абышлося і без імітацыі невада, які з'яўляўся ў розных формах ды варыяцыях: ад прынтаў на тканінах да аксесуараў... /i/content/pi/cult/377/7407/1-1.jpeg

Марскую тэматыку па духу і колерах, па музычным афармленні, па смелых формах і сілуэтах падтрымала і віцебскі дызайнер мужчынскага адзення Людміла Тараканава. Яе калекцыю, дзе незвычайна і гарманічна спалучаліся шоўкавыя кашулі са стужкамі-завязкамі, укарочаныя штаны, утульныя кардыганы з валанамі, каўнеры-жабо з трусіка, лідскія буркі, можна лічыць лепшай на BFW. Нягледзячы на гэткі "радыкальны дэндзізм", лінія ўражвала сваім "канструктарскім рашэннем", свежасцю і арыстакратызмам. "Ці адважацца апрануць такое беларускія мужчыны? - адказвала на распаўсюджанае пытанне Людміла Тараканава. - Чаму б і не? Ведаеце, на маім паказе запрошанай мадэллю працаваў саліст гурта "Цвет Алоэ". Спачатку ён нерваваўся, як будзе выглядаць, але потым, апрануўшы строй, супакоіўся і пачаў распытваць пра адзенне. А калі пэўныя элементы падаюцца вам занадта экстравагантнымі, вы можаце іх зняць".

І простая... элегантнасць

Калі ж мы рушым ад "смелай моды" ў бок цалкам насібельнага pret-a-porter і стрыманага відовішча, дык трэба адзначыць, што ў гэтай умоўнай намінацыі калекцый на BFW дакладана не бракавала. Асабліва адзначыла публіка лінію беларускага дызайнера Ірыны Бойцік (BOITSIK): яе элегантныя і простыя мадэлі - па-майстэрску пашытыя - прыйшліся даспадобы многім. "Хоць бяры ды апранай!" - сказала карэспандэнту "К" дзяўчына, што сядзела побач на паказе.

Марына Давыдава, Дзіяна Паўлоўская прапанавалі жынчынам разнапланавыя вытанчаныя строі ад аблічча "таямнічай незнаёмкі", якая з фантазіяй спалучае трыкатаж са скурай, эксперыментуе з кроем (Davidova), пяшчотнай лэдзі, што знаходзіць натхненне і ў модзе мінулых эпох (Diana Pavlovskaya), да рамантычнай сучаснай дамы, якая абагаўляе карункі ды гіпюр, але са спагадай ставіцца да жывёл, замяняючы ў сваіх строях натуральнае футра на штучнае.

У цэлым, сезон восень - зіма-2012/2013 мае стаць адным з самых разнапланавых па колеры (белы, бэжавы, малочны, адценні марской хвалі, чырвоны, чорны, ружовы, руды...) і, у той жа час, камфортных ды ўтульных, абапіраючыся на матэрыялы, якія абіраюць дызайнеры (поўсць, бавоўна, шоўк, аксаміт, ангора, гіпюр, трыкатаж, карункі, лён...). Маскоўскі аўтар Настасся Макей (Nastya Makkey) увогуле зрабіла немагчымае, прадставіўшы на суд публікі адзенне са шчыльнай суконнай воўны. Матэрыял для ейнай калекцыі ласкава прадаставілі айчынныя прадпрыемствы "Сукно" ды "КамВоль", і вынік, па словах іх прадстаўнікоў, пераўзышоў усе чаканні.

"Звычайна мы апранаем Узброеныя Сілы ды іншыя сілавыя структуры, - зазначыў на прэс-канферэнцыі прадстаўнік кампаніі "Сукно" Міхаіл Сучко, - і я быў здзіўлены, што наша прадукцыя можа быць цалкам здатнай для стварэння паўсядзённага адзення". Як зазначыў спецыяліст, прыклад Настассі Макей падштурхнуў айчыннага вытворцу падумаць і пра выпуск "грамадзянскага асартыменту".

Яшчэ адно абяцанне прагучала ўжо ад спецыялістаў Аршанскага льнокамбіната, які не застаўся ўбаку ад моднай падзеі, выступіўшы партнёрам некалькіх паказаў і - галоўнае - прадставіўшы выбар з 600 узораў тканіны маладым аўтарам конкурсу "New names".

- Нам было цікава ўбачыць новыя варыянты выкарыстання лёну, - патлумачыў пазіцыю камбіната начальнік аддзела распрацоўкі асартыменту і рэкламы прадукцыі Ігар Ешчанка, - і некаторыя ідэі маладых дызайнераў сапраўды прыйшліся даспадобы...

Згодна з умовамі, пераможца (дарэчы, імі сталі Валянціна Няборская і Алена Пляскач) атрымлівае права на стварэнне капсульнай калекцыі прадпрыемству. І, як падкрэслілі супрацоўнікі "Беларускага лёну", удзел у BFW - спроба пераасэнсавання дызайнерскай прадукцыі камбіната.

- Вядома, што змены не адбудуцца тут жа, - пракаменціраваў пазіцыю прадпрыемства Ігар Ешчанка, - але ўжо зараз наш камбінат праходзіць складаную працэдуру перааснашчэння. Асвойваецца сума ў 300 мільёнаў еўра, запускаецца новае абсталяванне, і ў 2018 годзе мы выйдзем на зусім іншы ўзровень прадукцыі ў рэспубліканскіх маштабах...

Вось так - ад малога да вялікага - BFW не толькі знаёміць з тэндэнцыямі сезона, але і, хочацца верыць, змяняе курсы прамысловых лайнераў беларускай моднай індустрыі.

Мода пачынаецца тут і працягваецца...

Яшчэ пад час прэс-канферэнцыі адкрыцця кіраўнік BFW - дырэктар і мастацкі кіраўнік Цэнтра моды і прыгажосці "Крыштальная німфа" Яніна Ганчарова адзначыла, што мэтай Беларускага тыдня моды з'яўляюцца не асобныя паказы асобных дызайнераў, а развіццё асяродка моднай індустрыі. Адсюль і конкурс дызайнераў пры падтрымцы Аршанскага льнокамбіната, супрацоўніцтва Настассі Макей з ААТ "Сукно", спаборніцтва fashion-блогераў, якія аналізуюць беларускую моду, ствараючы яе аблічча ў інфармацыйнай прасторы... Вышэйзгаданыя памкненні ў пэўных формах ды маштабах здзейсніліся на "Belarus Fashion Week" .

Але ж, перафразуючы лозунг BFW "Мода пачынаецца тут!", хочацца пажадаць, каб наша, беларуская, мода, у рэшце рэшт, не толькі распачынала свой рух, але і працягвала яго на самых разнастайных пляцоўках і ў вымярэннях: на дзяржаўных прадпрыемствах, якія маюць і не маюць да яе непасрэднага дачынення, у крамах, у кафэ, на вуліцах, на сцэне... Каб тыя сустрэчы і дыялог паміж вытворцамі ды спажыўцамі, якому садзейнічае BFW ужо ў чацвёрты раз, нарэшце стаў прыносіць плён не толькі ў кулуарах падзеі.

Фота Наталлі ТАЛМАЧОВАЙ і Настассі БАНДАРЭНКА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"