Дом Галубка

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Штрыхі да партрэта

/i/content/pi/cult/377/7375/1-4.jpegМайскімі днямі будзе адзначацца 130-годдзе з дня нараджэння выбітнага беларускага драматурга, тэатральнага дзеяча Уладзіслава Галубка. Зробленае ім на пачатку ХХ стагоддзя складае падмурак сучаснай беларускай сцэнічнай культуры.
Па словах загадчыка філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры "Гасцёўня Уладзіслава Галубка" Таццяны Гаршковай, да юбілею творцы падрыхтаваны шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку новы выставачны праект "Нястомны рыцар тэатра", што дазволіць пазнаёміцца з малавядомымі фактамі з біяграфіі майстра сцэны. Тым больш, музей актыўна супрацоўнічае з роднымі творцы: частым госцем "Гасцёўні..." з'яўляецца ўнучка Уладзіслава Іосіфавіча - Ізабэла Баброва, якая падарыла ўстанове сваю карціну.

Успаміны сваякоў Галубка - ці не адзіная сёння крыніца новай інфармацыі пра ягоны лёс. Па словах Таццяны Гаршковай, на жаль, захавалася зусім мала архіўных дакументаў, прысвечаных жыццю Галубка, кіраўніка Беларускага дзяржаўнага вандроўнага тэатра, паколькі пры яго арышце ўсе матэрыялы, запісы, фотаздымкі і нават тэатральны рэквізіт былі канфіскаваны НКВД, а пасля знішчаны.
/i/content/pi/cult/377/7375/1-5.gif
А таму, каб хаця б трошкі зразумець асобу гэтага творцы, трэба пазнаёміцца з яго асяроддзем, у першую чаргу - з біяграфіямі ягоных родных. Скажам, існуе версія, што пасля смерці Уладзіслава Галубка яго жонка зрабіла спробу самагубства. Разам з тым, сваякі творцы цалкам адмаўляюць версію. Справа ў тым, што тыя, хто ведаў гэтую мужную жанчыну, якая з гонарам вытрымлівала ўдары лёсу, не могуць паверыць у падобную легенду. У пацвярджэнне думкі варта сказаць і яшчэ колькі слоў пра сям'ю выдатнага тэатральнага дзеяча. Як вядома, Уладзіслаў Галубок быў пастаянна заняты працай у тэатры, разнастайнымі творчымі клопатамі, а таму зразумела, што часу займацца гаспадаркай у яго практычна не было. Тым не менш, паводле сведчанняў сваякоў, ён вельмі любіў усё жывое: дома ў яго жылі і вожыкі, і каты з сабакамі, якіх ён знаходзіў на вуліцах Мінска, а таксама шмат свойскай жывёлы. І гэта прытым, што ў яго было шасцёра дзяцей. І менавіта жонка, якая, да таго ж, яшчэ ўдзельнічала ў пастаноўках Галубка, мусіла займацца ўсімі гаспадарчымі клопатамі...

Дарэчы, не так даўно музею былі перададзены ўнікальныя матэрыялы - дакументы на дом, дзе, як мяркуецца, /i/content/pi/cult/377/7375/1-3.jpgжыў Уладзіслаў Галубок, у тым ліку - тэхнічны пашпарт, натарыяльныя ды іншыя даведкі. Захаваліся арыгінальныя паперы, якія афіцыйна пацвярджаюць, што дом належаў Паліне Голуб - маці выбітнага дзеяча культуры. Згодна з імі, да 1970-х гадоў гэты дом знаходзіўся на тэрыторыі сённяшняга будынка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Пазней, калі Галубку прысвоілі званне народнага артыста, ягоная сям'я пераехала ў выдзеленую дзяржавай кватэру ў раёне цяперашняй Плошчы Перамогі. Аднак і гэты дом не захаваўся: у гады Вялікай Айчыннай вайны туды патрапіла бомба...

Нельга не адзначыць і яшчэ адзін факт, непасрэдна звязаны з катастрафічным недахопам дакументальнай інфармацыі пра творцу. У прыватнасці, пасля арышту і абвяшчэння Галубка "ворагам народа" на некаторых фотаздымках постаць Уладзіслава Іосіфавіча замалёўвалася ці выразалася. Разам з тым, жывапісныя палотны Галубка падпісваліся іншымі прозвішчамі, што ўскладняе іх ідэнтыфікацыю сёння. Па словах Таццяны Гаршковай, на дадзены момант захавалася толькі сем яго карцін, якія раскіданы па дзяржаўных музеях і прыватных калекцыях краіны. Пры гэтым зусім нядаўна выявілася невядомая даследчыкам карціна Галубка, што таксама будзе прадстаўлена на выстаўцы з нагоды юбілею творцы.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"