Пяць навук для сапраўднага рыцара

№ 19 (1042) 12.05.2012 - 19.05.2012 г

Замест футбола ў Сярэднявеччы...

/i/content/pi/cult/377/7374/1-2.jpegВарыянтаў актыўнага баўлення вольнага часу існуе сёння незлічонае мноства. Гэта і новыя прыгодніцкія калектыўныя гульні, звязаныя з пошукам у незнаёмым горадзе тых або іншых прадметаў, і скіраваныя на развіццё спрытнасці турніры са спартыўнай зброяй, а таксама ўжо традыцыйныя для нас тэніс, валейбол, футбол…

А як бавілі час нашы продкі ў Сярэднявеччы? І ці былі ў іх на гэта вольныя гадзіны? На дадзеныя пытанні паспрабуем даць адказ разам з айчыннымі даследчыкамі даўніны Юрыем Боханам і Настассяй Скеп’ян — аўтарамі кнігі “Побыт феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV — сярэдзіне XVII стст.”, якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве “Беларусь”.

"Рыцарскія забавы" на такарным станку

На думку даследчыкаў, штодзённае жыццё большасці людзей Сярэднявечча звычайна праходзіла ў працы. Нават сярэдняя шляхта праводзіла дзень у гаспадарчых клопатах. А вось распарадак дня быў па-рознаму арганізаваны ў горадзе і ў сельскім маёнтку. Акрамя таго, часам нават лад жыцця мужа і жонкі істотна адрозніваўся. Часцей за ўсё гэта было характэрна для магнатэрыі, асабліва калі жонка пастаянна жыла ў адной з рэзідэнцый, а муж быў вымушаны часта ад'язджаць па справах, удзельнічаць у сеймах. У асобных выпадках распарадак дня, заняткі і нормы баўлення вольнага часу жонкі і дзяцей вызначаліся мужам у спецыяльных цыркулярах.

Як высветлілі гісторыкі, найбольш папулярнай забавай нашых продкаў было паляванне, а ўжо на другі план выходзілі "рыцарскія забавы", што ўключалі турніры і спаборніцтвы, а таксама банкеты, аздобленыя музыкай ды танцамі, і разнастайныя забаўкі ды гульні. Разам з тым, знаёмыя ці не кожнаму сёння падарожжы, чытанне, збіральніцтва ці захапленне нейкай творчасцю былі распаўсюджаны далёка не ва ўсіх слаях грамадства. Па меркаванні даследчыкаў, звязана гэта было з тым, што асабістыя творчыя здольнасці невысока цаніліся ў шляхецкім асяродку. І калі хто-небудзь і аддаваў даніну павагі мастацтву, то часцей за ўсё рабіў гэта, трымаючыся тагачаснай моды. Да прыкладу, мала хто ведае, што ў часы Жыгімонта III Вазы сталі моднымі разьба на такарным станку і выраб гадзіннікаў, якімі захапляўся сам кароль. Акрамя таго, з часоў каралевы Боны побыт найвышэйшых слаёў грамадства стала вызначаць мода на італьянскія рэчы. Калі шляхціч і не меў сам творчых здольнасцей, то наймаў людзей для праслаўлення сваіх подзвігаў. Як ні дзіўна, але менавіта гэтыя матывы і абумовілі пашырэнне ды росквіт у XV - XVII стст. мецэнацтва.

Многія формы баўлення вольнага часу былі цесна звязаны з неабходнымі для кожнага мужчыны "навукамі". Імі быў павінен валодаць сапраўдны рыцар. У прыватнасці, дадзеныя навукі ўключалі верхавую язду, уменне плаваць, спяваць, граць на музычных інструментах, танчыць і, вядома ж, складаць вершы.

З арлом і сокалам

І ўсё ж ці не самым папулярным заняткам у Сярэднявеччы было паляванне. Да прыкладу, як сведчаць архіўныя /i/content/pi/cult/377/7374/1-1.jpegдакументы, для вялікага князя Вітаўта паляванне з'яўлялася найбольш улюбёным заняткам поруч з гульнёй у шахматы. Вялікую схільнасць да палявання выказваў і Жыгімонт Аўгуст. Так, у 1546 г. ён правёў на паляванні цэлых 223 дні. Цікава, што ў сваім захапленні паляваннем жанчыны з вялікакняжацкага роду не адставалі ад мужчын. Да прыкладу, як вельмі добрая паляўнічая была вядомая Альдона Гедымінаўна і сястра Вітаўта Ганна, княгіня Плоцкая.

Аднак далёка не ўсе жывёлы былі аб'ектам увагі для высакародных паляўнічых. Па звестках гісторыкаў, для палявання падыходзіў толькі так званы чорны звер: вяпрук, воўк, мядзведзь - тыя жывёліны, з якімі можна змагацца сам-насам. Разам з тым, дазвалялася паляваць і на "чырвонага звера" - лася, аленя, лань, - што вымагала доўгай і цяжкай пагоні на конях. Варта адзначыць, для такога палявання адмыслова гадавалі паляўнічых сабак і птушак, коней, рыхтавалі зброю і адзенне.

Тым не менш, самым арыгінальным і, адначасова, шляхетным для ўсіх краін Еўропы з'яўлялася паляванне з драпежнымі птушкамі, якое патрабавала не толькі вялікіх выдаткаў, але і адпаведнай спрытнасці. У прыватнасці, паляўнічым дапамагалі такія драпежнікі, як арлы, ястрабы, каршакі, а таксама совы.

Што да нашых земляў, то такім відам палявання захапляліся і вялікія князі літоўскія, у тым ліку Вітаўт, і магнатэрыя. Разглядаліся сокалы і як каштоўны падарунак. Невыпадкова ў 1406 г. дзве птушкі былі падораны Вітаўтам вялікаму маршалку Тэўтонскага ордэна.

Дарэчы, дзякуючы лістам Аляксандра Людвіка Радзівіла можна даведацца, што навучанне і ўтрыманне сокала было цяжкім заняткам, што патрабаваў не толькі спецыяльных ведаў, але і людзей, якія рыхтавалі птушак. Так, цягам 1629 - 1630 гг. ён чакаў ад Крыштофа Радзівіла абяцаную пару сокалаў, і ўся цяжкасць заключалася ў тым, што птушак можна было адправіць толькі з сакольнічым у адмысловых клетках.

Заапарк пад Нясвіжам

Варта нагадаць, што для буйной шляхты паляванне было больш забавай, а таму злоўленыя зверы часам змяшчаліся ў адмысловыя звярынцы - месцы, дзе яны ўтрымліваліся ў няволі, кшталту сучасных заапаркаў. Такая мода з'явілася на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ў XV ст. дзякуючы Ягайлу і Вітаўту. Як паведамляюць гісторыкі, Ягайла меў свой звярынец у Вавелі, куды ў 1406 г. з Фларэнцыі былі дасланы львы з падрабязнай інструкцыяй па іх утрыманні. У звярынцы ж Вітаўта ў Троках знаходзіліся прадстаўнікі мясцовай фаўны: зубры і туры.

Дакладна вядома пра ўтрыманне экзатычных жывёлін у Слуцку і Альбе. У князёў Алелькавічаў-Слуцкіх у 30-я гг. XVI ст. быў свой звярынец, дзе ўтрымліваліся львы. Вядома, што пара іх была падорана каралю Жыгімонту Старому. Сведчаннем існавання звярынца ў 1-й палове XVI ст. можа быць і Падзяка ад герцага Альберта Прускага ў 1533 г. за дасланых звяроў. У сярэдзіне XVI ст. да львоў у Слуцку дадаліся яшчэ і леапарды. У 1579 г. Крыштоф Радзівіл пісаў да Канстанціна Астрожскага, аднаго з апекуноў па тастаменце князя Юрыя Слуцкага, з просьбай звярнуцца да маладых князёў і папрасіць іх падарыць яму леапарда, паколькі льва ён ужо знайшоў, а гэтых, больш дробных, драпежнікаў здабыць не здолеў. Адметна, што ў Слуцку звярынец размяшчаўся непасрэдна ў замку, і ў 1582 г. ён быў перабудаваны, бо львам было зацесна, і яны пачалі пратэставаць: адмаўляцца ад ежы.

Па звестках Юрыя Бохана і Настассі Скеп'ян, звярынцы былі закладзены і ў Альбе пад Нясвіжам, Міры, Ружанах, Слоніме. Да прыкладу, у Альбе ў Радзівіла Сіроткі акрамя зверанят з Налібоцкай пушчы, прызначаных для палявання, жылі і ўжо на той час рэдкія зубры. Да таго ж, некалькі жывых экзатычных экзэмпляраў Сіротка прывёз са свайго падарожжа ў Іерусалім...

На ілюстрацыях: дошка для гульні ў шашкі; паляванне з сокалам (мініяцюра XV ст.).

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"