У фокусе ўвагі сенатараў

№ 16 (1039) 21.04.2012 - 28.04.2012 г

Законапраектам Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь” прадугледжана магчымасць стварэння ў арганізацыях культуры апякунскіх саветаў, што павінна садзейнічаць прыцягненню прыватнага капіталу ў сферу.

Адразу некалькі законапраектаў, якія непасрэдна звязаны са сферай культуры, былі разгледжаны пад час другога пасяджэння восьмай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання.

У прыватнасці, законапраект "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь" быў распрацаваны з мэтай неабходнасці ўдасканалення заканадаўства ў гэтай сферы з улікам практыкі яго выкарыстання, а таксама палажэнняў Канцэпцыі развіцця кінематаграфіі ў нашай краіне на 2009 - 2014 гг., адобранай Кіраўніком дзяржавы. Міністр культуры нашай краіны Павел Латушка, які прадстаўляў законапраекты на пасяджэнні Савета Рэспублікі, адзначыў: у выніку прыняцця Закону чакаецца павышэнне зацікаўленасці прадзюсараў у камерцыйным поспеху фільма, які створаны з дзяржаўнай фінансавай падтрымкай, а таксама замацаванне эканамічных стымулаў, што дапамогуць прыцягнуць у кінавытворчасць прыватныя інвестыцыі. Акрамя таго, дзеючы Закон дапаўняецца палажэннямі аб дзяржаўнай падтрымцы кінематаграфіі шляхам прадастаўлення прадзюсарам крэдытаў на вытворчасць фільмаў, а таксама льгот арганізацыям кінематаграфіі. Па словах Паўла Латушкі, прыняцце Закону будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў. Нельга не адзначыць, што ў Законе вызначана магчымасць пакрыцця фінансавых рызык для стваральнікаў фільмаў.

У сваю чаргу, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Антаніна Морава адзначыла, што законапраектам вызначаюцца прыярытэтныя напрамкі для стварэння нацыянальных фільмаў, што ў будучым будзе садзейнічаць развіццю і папулярызацыі айчыннага кінематографа.

Вялікае значэнне для далейшага развіцця культуры і мастацтва ў нашай краіне будзе мець і прыняцце Закону "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь", накіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання культурнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца арганізацыямі культуры і суб'ектамі творчай дзейнасці. У прыватнасці, законапраектам уводзяцца такія паняцці, як "культурна-відовішчнае мерапрыемства", "культурнае мерапрыемства", "культурны праект". Па словах міністра культуры, у Законе прадугледжана магчымасць стварэння ў арганізацыях культуры апякунскіх саветаў, што павінна садзейнічаць прыцягненню прыватнага капіталу ў сферу культуры.

Акрамя таго, згодна з Законам, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь упаўнаважана вызначаць асаблівасці прававога становішча і парадак дзейнасці арганізацый культуры змяшанага тыпу, тэатраў, цыркаў і канцэртных арганізацый. Законапраектам удакладняюцца і палажэнні аб прысваенні пачэсных званняў прафесійным і аматарскім калектывам.

Прагрэсіўны характар мае і праект Закону "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь", які таксама быў ухвалены дэпутатамі Савета Рэспублікі.

Праект Закону скіраваны на павышэнне эфектыўнасці аховы гісторыка-культурнай спадчыны. У прыватнасці, згодна з дакументам, прадугледжана, што складанне пашпарта гісторыка-культурнай каштоўнасці будзе ажыццяўляцца не толькі за кошт сродкаў яе ўласніка, але і іншых крыніц фінансавання, не забароненых заканадаўствам. Змяненні ўносяцца ў кампетэнцыю Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Да таго ж, у мэтах скарачэння адміністрацыйных працэдур прапануецца выключыць дазвол на правядзенне архіўна-бібліяграфічных даследаванняў. Акрамя таго, у праекце Закону вялікая ўвага надаецца ахове не толькі матэрыяльных, але і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, а таксама спрашчэнню працэдуры іх уліку.

Большасцю галасоў парламентарыі адобрылі тры законапраекты, якія рэгулююць заканадаўства ў сферы культуры і мастацтва.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"