Следам за Властам

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Адкрыцці па сігнальных экзэмплярах

/i/content/pi/cult/370/7180/1-3.jpeg

Парадокс, але сёння ў бібліятэках нашай краіны можна сустрэць разнастайныя рарытэтныя кнігі, напісаныя і выдадзеныя стагоддзі таму, у тым ліку - Францыскам Скарынам, але немагчыма знайсці многія выданні на беларускай мове, што пабачылі свет у 1920 - 1930-я. Больш за тое: да апошняга часу не было не толькі саміх кніг, але і інфармацыі пра іх.

Каб выправіць сітуацыю, быў падрыхтаваны і выпушчаны другі том "Гісторыі беларускай кнігі". Створаны пры ўдзеле нашага суайчынніка, старшыні Асацыяцыi беларусiстаў Санкт-Пецярбурга, загадчыка аддзела рэдкай кнігі Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Мікалая Нікалаева, ён пабачыў свет у выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі".

Сярод іншага, том ці не ўпершыню змяшчае грунтоўныя звесткі пра даваенныя кнігі, стварэнне ў 1920-х корпуса нацыянальнай юрыдычнай літаратуры, узоры беларускамоўнай сельскагаспадарчай ды медыцынскай кнігі, ілюстрацыі вокладак і асобных старонак прафесійных выданняў для вайскоўцаў у даваеннай БССР. Прадстаўлены ў заключным томе па гісторыі нашай кнігі і айчынныя выданні ў святле выставак ды сучасных тэхналогій.

Карэспандэнт "К" сустрэўся з Мікалаем НІКАЛАЕВЫМ і задаў яму некалькі пытанняў, непасрэдна звязаных з выхадам другога тома "Гісторыі беларускай кнігі".

- Не без гонару магу зазначыць, што даволі паспяхова завяршыўся маштабны праект, прысвечаны гісторыі беларускай кнігі, - адразу падкрэсліў суразмоўца "К". - Гэта вялікая падзея не толькі для стваральнікаў тома, але і для грамадскасці, бо выданне стала своеасаблівым падсумаваннем усіх здабыткаў айчыннай кніжнай культуры, прытым, што папярэдняе такое даследаванне было зроблена /i/content/pi/cult/370/7180/1-4.gifВацлавам Ластоўскім практычна стагоддзе таму.

- Якія новыя старонкі айчыннай кніжнай культуры раскрывае кніга? Ці варта чытачам чакаць гучных сенсацый і адкрыццяў?

- Пад час працы над выданнем вельмі шмат адкрыццяў было зроблена для мяне самога як для аўтара. Да прыкладу, мала хто ведае, што на Беларусі перад Вялікай Айчыннай уся спецыялізаваная літаратура, неабходная для комплекснай падрыхтоўкі салдат і афіцэраў, выдавалася па-беларуску: і танкісты, і лётчыкі, і пехацінцы карысталіся падручнікамі на роднай мове.

/i/content/pi/cult/370/7180/1-5.gifАкрамя таго, даваенных раённых, профільных, заводскіх газет на Беларусі захавалася вельмі мала. Дзякуючы рабоце супрацоўніцы Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Марыі Лукоўскай у кнізе прадстаўлена і падрабязная статыстыка, і ілюстрацыі перыёдыкі першай паловы ХХ стагоддзя.

- Відавочна, праведзена вялікая праца. Але ці можна сказаць, што праект па даследаванні беларускай кніжнай культуры завершаны?

- Ні ў якім разе! Ды і да кнігі ёсць шэраг заўваг. У прыватнасці, не ўсе тэмы навукова грунтоўна прапрацаваны. Да прыкладу, мала звестак прадстаўлена пра кнігі беларускай эміграцыі, выданні, што пабачылі свет на тэрыторыі колішняй Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Толькі ўскосна закранаецца шэраг юрыдычнай літаратуры, кніг для прамысловасці, выпушчаных у савецкія гады на беларускай мове. Акрамя таго, для многіх можа падацца незвычайным, што вялікае кнігавыданне было наладжана ў свой час у Маскве. Справа ў тым, што пакуль не адбылося ўзбуйненне беларускіх тэрыторый у 1924 годзе, Масква адказвала за "рэпертуар" беларускіх кніг. У архівах захоўваюцца дакументы, што праліваюць святло на тагачасныя тыражы, кошты. У другім томе нашага выдання мы заявілі пра гэтыя факты, аднак іх комплексная прапрацоўка - наперадзе.

Відавочна, мала інфармацыі прадстаўлена нават пра пасляваенны перыяд беларускага кнігавыдання. Па сутнасці, другі том быў створаны ўсяго за год. А таму гэтае выданне варта разглядаць як пачатак больш грунтоўнай працы па беларускім кнігазнаўстве.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"