Вялікае падарожжа па Дняпры: "пражэкт" ці ўсё ж — праект?

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

У кантэксце турыстычнай тэмы

Турыстычны маршрут па рацэ Днепр з рабочай назвай "З варагаў у грэкі" распрацоўваецца ў Магілёўскай вобласці.

Вядома, што на дадзеным этапе маршрут "асвоены" прыкладна на трэць: невялічкае судна ад Магілёўскага рачнога параходства курсіруе "ў ваколіцах" абласнога цэнтра, але казаць пра даступнасць паслугі для шырокага кола насельніцтва пакуль не выпадае.

- Для запуску праекта яшчэ трэба шмат чаго зрабіць, - распавядае Віктар Сцяпанаў. - Цалкам маршурт існуе, хутчэй, у "пражэктавым" выглядзе. Патрэбна пабудаваць прычалы для суднаў у адпаведных прыпынках, правесці работы па ачыстцы берагоў, пабудаваць, адрамантаваць аб'екты інфраструктуры і г. д. І тут уся справа ўпіраецца ў інвестыцыі...

Так, у рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2011 - 2015 гады прадугледжана выдзяленне сродкаў на пабудову двух прычалаў. Але далейшае паступленне фінансаў, па словах Віктара Сцяпанава, у бліжэйшы час не чакаецца.

Тым не менш, упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму выпусціла каляровы даведнік з апісаннем маршруту з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці і патэнцыйных інвестараў да праекта.

Турыстам па водным маршруце, да прыкладу, у вёсцы Баркалабава прапануюць наведаць мясцовы манастыр, куды два гады таму вярнулася цудатворная ікона Баркалабаўскай Божай Маці. У Буйнічах, не кажучы пра наведанне славутага Буйніцкага поля,  - пазнаёміцца з традыцыйнымі рамёствамі ў этнаграфічнай вёсцы, стылізаванай пад ХІХ стагоддзе. Ды яшчэ - пракаціцца на маленькім паравозе і паглядзець на жывёлін у вядомым Магілёўскім заасадзе. Пункт прыпынку  "Палыкавіцкая крыніца" мае на ўвазе не толькі наведанне цуд-крыніцы і помніка прыроды рэспубліканскага значэння, але і капліцы Святой вялікапакутніцы Параскевы, заступніцы шлюбу, жанчын і дзяўчат.

- Вядома, што мы будзем імкнуцца ўдзельнічаць у гэтым праекце, - абазначыў пазіцыю ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама ў дачыненні ды новай ініцыятывы яго галоўны спецыяліст Аляксандр Ліпскі. - Нам бачыцца перспектыўным спалучэнне сіл работнікаў культуры і турызму на прыкладзе сумесных мерапрыемстваў.

- Вядома, што назва маршруту гучыць магутна: "З варагаў у грэкі",  - падагульняе сказанае Віктар Сцяпанаў, - спадзяёмся, нашу ініцыятыву падтрымаюць іншыя краіны, і захапляльнае падарожжа па Дняпры стане рэальнасцю.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"