Праект “Бульвар Мулявіна”? Чаму б і не?

№ 9 (1032) 03.03.2012 - 10.03.2012 г

Вынікам візіту ў Мінск расійскай дэлегацыі на чале са спецыяльным прадстаўніком Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным супрацоўніцтве, паслом па асобых даручэннях Міхаілам Швыдкім стала папярэдняя дамоўленасць аб правядзенні шэрагу сумесных мерапрыемстваў.

 

Магчымыя праекты двух бакоў былі абмеркаваны на галоўным мерапрыемстве творчых сустрэч - "круглым стале" "Беларусь - Расія: узаемаўзбагачэнне культур". З беларускага боку ў пасяджэнні прынялі ўдзел намеснік старшыні Грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Анатоль Бутэвіч, галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Анісімаў, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін. З расійскага - акрамя Міхаіла Швыдкога, народная артыстка СССР Людміла Чурсіна. Прысутнічалі прадстаўнікі СМІ дзвюх краін.

З прапанаваных на "круглым стале" ідэй Міхаіл Швыдкой падтрымаў прапанову аб сумесным мерапрыемстве ў літаратурна-тэатральнай сферы. "Вечар беларуска-расійскай паэзіі падаецца самым магчымым варыянтам падобнага супрацоўніцтва, - адзначыў пасол па асобых даручэннях. - Трэба звесці маладых паэтаў, каб яны пачалі перакладаць адно аднаго. Менавіта так выбудоўваліся стасункі паміж паэтамі ў савецкія часы". Цалкам магчымай і прывабнай падалася ідэя ўдзелу ў падобным вечары вядомых артыстаў Беларусі і Расіі. "Калі б вершы маладых творцаў прачыталі знакамітыя акцёры, - разважаў Міхаіл Швыдкой у адказ на прапановы ўдзельнікаў дыялога, - гэта значна павялічыла б аўдыторыю падобнай імпрэзы".

Гэтак сама не падалася бесперспектыўнай двум бакам прапанова аб стварэнні спецыяльнай прэміі для перакладчыкаў за папулярызацыю класічнай літаратуры. "Вядома, штогадовая сустрэча перакладчыкаў ладзіцца ў Ерэване, - падтрымаў узнятую Анатолем Бутэвічам праблему дэфіцыту высокамастацкіх перакладаў Міхаіл Швыдкой. - У Маскве працуе Інстытут перакладу, але я згодны з тым, што мы можам паставіць задачу арганізацыі падобнага форуму ў рамках мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы".

Цалкам слушную ідэю аб правядзенні сумеснага маладзёжнага опернага фестывалю выказаў на пасяджэнні Аляксандр Анісімаў. "Чаму б не зладзіць аналагічнае мінскаму мерапрыемства ў Самары на пляцоўцы Опернага цэнтра?" - агучыў прапанову маэстра. Акрамя таго, дырыжор указаў на адсутнасць да гэтай пары ў сталіцы Беларусі летняга фестывалю сімфанічнай музыкі. "Гэты форум мог бы злучыць не толькі аркестры Расіі ды Беларусі, але і краін СНД, - падкрэсліў Аляксандр Анісімаў. - І ў мяне нават ёсць варыянт назвы для гэтага фестывалю: "Бульвар Мулявіна"...

Перспектывы будучага маладзёжнага мерапрыемства адпаведным чынам прадэманстраваў сумесны канцэрт маладых салістаў Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі і Вялікага тэтатра Расіі, які прайшоў у рамках беларуска-расійскіх творчых сустрэч у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Канцэрт, які наведаў і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, стаў завяршальным акордам праграмы беларуска-расійскай сустрэчы. Яе арганізатарам выступіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.

 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"