Калядная імпрэза ў МЗС

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Паводле добрай традыцыі, ужо трэці год запар міністр культуры нашай краіны Павел Латушка, а таксама студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прымаюць удзел у традыцыйным святкаванні Каляд у шэрагу міністэрстваў і дыпламатычных місій.

/i/content/pi/cult/358/6834/8_1.jpegЯк падкрэсліў Павел Латушка, у гэтым шэрагу вельмі важнае месца займае Міністэрства замежных спраў, паколькі шмат у чым спрыяе захаванню і папулярызацыі айчыннай культурнай спадчыны ва ўсім свеце.

Яскравым прыкладам такой супольнай дзейнасці стала сусветнае прызнанне абраду вёскі Семежава Капыльскага раёна "Калядныя цары", які быў унесены ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO. Да таго ж, як адзначыў міністр культуры, цяпер вядзецца актыўная праца над ажыццяўленнем і іншых падобных праектаў.

Павел Латушка выказаў спадзяванне, што, пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, пра беларускую нематэрыяльную спадчыну даведаюцца ва ўсіх кутках нашай планеты. Усяго ж, па словах міністра, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей ужо ўнесена 56 аб'ектаў нематэрыяльнай спадчыны. "Але галоўнае, што мы сёння імкнёмся захаваць тыя традыцыі, што прыйшлі ад нашых продкаў, - адзначыў Павел Латушка. - Вельмі важна, каб мы разумелі, што маем багатую народную спадчыну, якую абавязаны зберагчы разам."

У сваю чаргу, міністр замежных спраў нашай краіны Сяргей Мартынаў падкрэсліў, што істотны ўклад у справу захавання народнай культуры ўносяць выкладчыкі і студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, у сувязі з чым заклікаў рознабакова падтрымліваць іх ініцыятывы ў гэтым кірунку.

Святочную ж атмасферу стваралі аўтэнтычныя народныя спевы, танцы і гульні ў выкананні студэнтаў БДУКіМ. Пад іх у каляднай дзеі ўдзельнічалі міністр культуры Павел Латушка, міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, супрацоўнікі МЗС, а таксама рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Барыс Святлоў.

Акрамя таго, на памяць аб мерапрыемстве і з нагоды аднаго з галоўных хрысціянскіх святаў міністры двух ведамстваў абмяняліся каляднымі падарункамі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"