“Імпарт” у нашым кантэксце

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Сёння на паліцах айчынных кнігарняў — сапраўднае раздолле беларускай і замежнай літаратуры. Можна без асаблівых намаганняў знайсці шыкоўныя фотаальбомы, турыстычныя выданні, мастацкую літаратуру беларускіх кнігавыдаўцоў. У той жа час, пераважная большасць кніг пра замежную архітэктуру і мастацтва “прыехала” да нас з Расіі. Больш за тое: часцей за ўсё гэта — перавыданні дарэвалюцыйных і савецкіх аўтараў…

/i/content/pi/cult/358/6827/5_1.jpegНа думку кандыдата мастацтвазнаўства Барыса Лазукі, аўтара кніг "Гісторыя сусветнага мастацтва", у нашых кнігарнях багата мастацтвазнаўчай літаратуры, разлічанай галоўным чынам на масавага чытача, дзе асноўным з'яўляецца не змест, а прыгожыя ілюстрацыі. Да таго ж, на думку спецыяліста, доўгі час у краіне адсутнічаў сучасны погляд на замежнае мастацтва. Усё названае і падштурхнула даследчыка зрабіць крок па стварэнні беларускага бачання асноўных тэндэнцый сусветнага мастацтва.

Па словах Барыса Лазукі, у беларускім мастацтвазнаўстве і сёння існуе праблема ў справе вывучэння замежнай культуры. І калі ў многіх краінах Еўропы ў гэтым кірунку створаны і працуюць цэлыя навуковыя падраздзяленні, то ў нас - адзінкі. У той жа час, Барыс Андрэевіч перакананы, што айчыннае мастацтва патрэбна працягваць вывучаць і надалей, паколькі кожны даследчык прыўносіць у мастацтвазнаўства сваё бачанне складаных працэсаў і з'яў. І вельмі важна рабіць гэта ў агульнаеўрапейскім і сусветным кантэксце, што дазваляе адчуць, у першую чаргу, нацыянальную годнасць, зразумець: наша краіна - гэта вартая і багатая на значныя дасягненні ў культуры і навуцы частка Еўропы.

Барыс Лазука падкрэсліў важнасць таго, што кнігі, прысвечаныя гісторыі мастацтва, напісаны і выдадзены ім на беларускай мове. На яго думку, у падачы матэрыялу на роднай мове сусветная культура выглядае адпаведным чынам. Пры гэтым у даследчыка ўзнікалі пэўныя складанасці, паколькі часта нават у айчынных слоўніках і энцыклапедыях пераклад замежных назваў і прозвішчаў ажыццяўляецца не з мовы арыгінала, а праз рускамоўныя аналагі. Разам з тым, Барыс Лазука падкрэсліў, што яго кнігі выйшлі у рамках Дзяржаўнай праграмы па падтрымцы беларускамоўнай літаратуры пры дапамозе Міністэрства інфармацыі нашай краіны. У выніку, што немалаважна, выданні з'яўляюцца даступнымі па сваім кошце для розных слаёў насельніцтва, у тым ліку для маладога чытача, студэнта, аспіранта.

На зробленым Барыс Андрэевіч спыняцца не збіраецца. Літаральна праз гадзіну пасля нашай размовы даследчык збіраўся наведаць выдавецтва "Беларусь" і вычытаць апошнія старонкі ўжо трэцяга тома "Гісторыі сусветнага мастацтва", што будзе ўключаць перыяд з ХІХ да пачатку ХХ ст. Пры гэтым аб'ём сабранага матэрыялу вымусіў аўтара змясціць у новай кнізе аналіз толькі беларускага і рускага мастацтва, а заходнееўрапейскае - пакінуць на наступную кнігу, якая таксама неўзабаве павінна выйсці з друку.

Да ўсяго, Барыс Лазука перакананы, што айчыннае мастацтва павінна быць годна прадстаўлена і ў замежных кнігарнях. А таму ў планах даследчыка - пераклад і падрыхтоўка да выдання кніг па гісторыі беларускага мастацтва на англійскай і рускай мовах.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"