Знайсці “залатую сярэдзіну”

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Заслужаны артыст Беларусі Ігар Сігоў пад час здымак у гэтым тэлевізійным праекце прызнаўся, што падобных “выпрабаванняў” ён не забудзе доўга. “Даводзіцца знаходзіцца ў акопах, будаваць снежныя сховішчы, плаваць у вадзе, падпальваць розныя прадметы, лазіць па катакомбах...” — адзначыў ён. І дадаў: “Усё гэта хоць і складана часам, але вельмі захапляльна!” Вядома, гаворка — пра 13-серыйны дакументальна-мастацкі праект “Гарады-героі” тэлеканала “АНТ”, які стаўся своеасаблівым крокам наперад для беларускага тэлебачання ў стварэнні гістарычнага тэлекіно. Над дакументальна-мастацкім цыклам працавала цэлая каманда прафесіяналаў, але рэжысёру Ільі Баранаву ды аператару Канстанціну Рабкову прыйшлося, бадай, цяжэй за ўсіх: сабраць усе складнікі ў адно цэлае і годна ажыццявіць добрыя ідэі сцэнарыста Вячаслава Бандарэнкі.

/i/content/pi/cult/358/6819/3_2.jpeg- "Гарады-героі" - першы вопыт у жанры, якому і не адразу дасі вызначэнне, - распавёў пра падрабязнасці тэлевізійнай "кухні" рэжысёр тэлебачання спецыяльных праектаў Ілья БАРАНАЎ,  - На першы погляд, гэта дакументальны серыял, з добрай графікай, з цікавымі вядучымі. Згоду на ўдзел у "Гарадах..." далі такія вядомыя акцёры, як Уладзімір Гасцюхін, Ігар Сігоў. Пагадзіцеся, гэта вялікая ўдача. Наша здымачная група пабывала ва ўсіх гарадах-героях. З іншага боку, у праекце прысутнічаюць пастановачныя эпізоды, дзе падзеі разглядаюцца з мастацкага пункта гледжання. І серыял ператвараецца ў дакументальна-пастановачны фільм.

- Што было самым складаным пад час рэалізацыі праекта?

- Самым складаным было - знайсці залатую сярэдзіну паміж сухімі фактамі, што даюць разнастайныя даведнікі, і эмоцыямі ветэранаў, відавочцаў, якіх, на жаль, становіцца з кожным годам усё менш... Напрыклад, адзін з ветэранаў, абаронцаў Севастопаля, узгадваў, што яго атрад адбіваў нямецкую танкавую атаку, якая налічвала каля пяцісот "Тыграў". Вядома, столькі бранятэхнікі на тым участку фронту быць не магло, але самае галоўнае - чалавек змагаўся, не ўцякаў, не хаваўся, ваяваў на смерць. Мне падаецца, для перадачы эмацыйнага стану чалавека, які знаходзіўся ў баі, не так важна колькі там было гармат, самалётаў...

Складаная была і серыя пра Ленінград. Вельмі перажывалі, ці атрымаецца перадаць стан блакаднікаў. Дзякуй усім гэтым людзям за іх адкрытыя, часам вельмі цяжкія ўспаміны, бо часта яны былі звязаны са смерцю блізкіх...

- У цэлым, наколькі цяжка рэканструяваць гістарычныя падзеі?

- Рэканструкцыю гістарычных падзей можна параўнаць, напэўна, з працай майстроў-рэстаўратараў, што аднаўляюць каштоўнасці мінулага. І калі пэўны фрагмент беззваротна страчаны, яны мусяць вырашыць, якім жа ён быў. На жаль, многія з нас ведаюць толькі агульнавядомыя факты, што не перадаюць усіх жахаў вайны. Мы ж шчыра імкнуліся даследаваць "падводную частку айсберга", каб адказаць на пытанне: "За што гарады атрымлівалі статус герояў?".

На здымку: Ілья Баранаў і Канстанцін Рабкоў пад час здымак у Кіеве.

Фота ont.by

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"