Замак у 3D — лінейкай

№ 52 (1023) 24.12.2011 - 06.01.2011 г

“100 ідэй для Беларусі”. Як стварыць эфект прысутнасці ў даўніне?

/i/content/pi/cult/356/6807/pic_14.jpgАдным з яркіх праектаў года, што прадстаўлены ў рамках акцыі БРСМ "100 ідэй для Беларусі", з'яўляецца віртуальная экскурсія па "замкавым залатым кольцы" нашай краіны, што распрацавана калектывам у складзе ўсяго трох чалавек. Гэта навуковы супрацоўнік Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Дзмітрый Прадун, вядучы архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіва краіны Вольга Нікіценка, а таксама аўтар ідэі, гісторык, метадыст факультэта бесперапыннага і дыстанцыйнага навучання БДУІР Лізавета БРЫЛЬ. Яна распавяла "К", што ўяўляе з сябе ідэя стварэння 3Dмадэлей замкаў. 

- Яшчэ ў дзяцінстве неаднойчы задумвалася над тым, што на Беларусі вельмі шмат цікавых архітэктурных помнікаў, пры гэтым істотная іх частка чамусьці знаходзіцца ў не самым прэзентабельным выглядзе. Пазней, пад час навучання на гісторыка, прыйшло ўсведамленне, што ў справу захавання нашай слаўнай мінуўшчыны трэба зрабіць і свой унёсак. Ідэю ж праекта падказала мая спецыялізацыя - гістарычная інфарматыка. Менавіта ў межах alma mater адбылося і першае знаёмства з тэхналогіяй 3D, якая зацікавіла сваімі магчымасцямі. А аднойчы, зусім выпадкова, з маёй сяброўкай Вольгай Нікіценка вырашылі паспрабаваць свае сілы ў спалучэнні найноўшых тэхналогій і айчыннай гісторыі. У выніку атрымалася дыпломная праца, ці не першая сярод падобных у нашай краіне. Такім чынам, ужо тры гады ідзе праца над гэтым праектам, з іх большая частка часу, шчыра кажучы, пайшла на навучанне, паколькі 3D-тэхналогія ў Беларусі тады была практычна terra incognita, а таму даводзілася выкарыстоўваць замежную літаратуру і крок за крокам рушыць наперад. Пры спрыяльных абставінах, спадзяюся, літаральна праз паўтара года можна будзе ацаніць зробленае, бо мы выдаткоўваем па месяцу на замак, да таго ж, пэўны час спатрэбіцца на падсумаванне зробленага і выданне дыска.

- У вашым калектыве пераважаюць гісторыкі. А таму хочацца пацікавіцца: якая навуковая база пакладзена ў падмурак праекта?

- Безумоўна, каб праект быў актуальны і запатрабаваны, даводзіцца збіраць неабходныя архіўныя дакументы, чарцяжы, так званы факталагічны матэрыял. Пасля дакументальныя факты дапаўняюцца матэрыяламі з нашых вандровак. Да прыкладу, у Косаве менавіта інфармацыя, атрыманая ад старажылаў, лягла ў "інфармацыйны падмурак" замка. І, безумоўна, кожная наша паездка не абыходзіцца без выкарыстання такой надзвычай важнай прылады як... звычайная лінейка: даводзіцца абмерваць прастору кожнага замка да дробязей. А акрамя таго, яшчэ карыстаемся і звесткамі ранейшых археалагічных раскопак ды апісанняў абраных намі замкаў. Інфармацыя пра іх знаходзіцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

- Наколькі лёгка зрабіць такія "лінеечныя замеры"? /i/content/pi/cult/356/6807/pic_13.jpg

- Пра ўяўную лёгкасць сведчыць ці не дэтэктыўная гісторыя пра збор інфармацыі ў тым жа палацы Пуслоўскіх у Косаве. У час нашага прыезду там актыўна вялася рэканструкцыя, а таму для таго, каб трапіць на аб'ект і даследаваць яго, давялося ісці на розныя хітрыкі. На жаль, мы не займелі паразумення з мясцовым кіраўніцтвам, але, у той жа час, адчулі рэальную падтрымку жыхароў з навакольных вёсак, тых жа рабочых-рэстаўратараў і нават мясцовага міліцыянера, які падрабязна распавёў легенды Косаўскага замка. Калі казаць пра зробленае, то за час рэалізацыі нашага праекта ўжо дасканала даследаваны тры аб'екты з шаснаццаці: у Косаве, Лідзе і Нясвіжы. Пакуль не поўнасцю сабрана інфармацыя па Мірскім замку, паколькі няма магчымасці яго абмераць: як толькі мы прыязджаем у Мір, там праходзяць розныя мерапрыемствы. Крыўдна, але часам назіраем такую сітуацыю: да нашай дзейнасці ставяцца са скепсісам, не ўспрымаюць усур'ёз... Калі казаць пра адметнасць праекта, то 3D-мадэлі паўстаюць дакладнымі копіямі замкаў у розныя перыяды іх існавання. У нас ёсць удалыя прыклады. Падобныя дыскі маюцца ў той жа Польшчы. Да прыкладу, дзякуючы найноўшым інфармацыйным тэхналогіям можна прайсціся па вулачках Кракава ХІІІ ст. Праўда, над згаданым дыскам працаваў не адзін дзясятак аўтараў, але і мы, нягледзячы на цяжкасці і недахоп часу, імкнёмся стварыць годны прадукт. І ўжо з канца сакавіка кожныя нашы выхадныя будуць праходзіць у вандроўках па замках.

- Якім вы бачыце супрацоўніцтва з краязнаўчымі музеямі, іншымі ўстановамі культуры?

- Думаю, што калі хто захоча скарыстацца гэтай праграмай - ці гэта будзе ўстанова, ці звычайны аматар даўніны, - то зможа яе атрымаць. Мяркую, праект станецца цікавы і дзецям, якія з шэрагу прычын не могуць трапіць у той або іншы замак. На жаль, нашы дзеткі бачаць замежныя помнікі архітэктуры часцей за айчынныя, што, здаецца, знаходзяцца пад бокам. Акрамя таго, будзем рады, калі да праекта далучацца рыцарскія клубы. У выніку такога супрацоўніцтва на фоне замкаў стане магчымым паказаць сярэднявечныя турніры, тагачасную атмасферу. Хочацца верыць, што дыск акажацца запатрабаваны і турыстамі, у тым ліку замежнымі. І хоць пакуль ён будзе "гучаць" на дзвюх дзяржаўных мовах, у перспектыве магчымае стварэнне версій і на іншых мовах.

- Мы ўжо даволі шмат казалі пра праект, але што канкрэтна я змагу ўбачыць на дыску, што мяне можа зацікавіць?

- Першапачаткова ў меню трэба выбраць замак, а таксама адну з трох пазіцый, разлічаных у адпаведнасці з узроўнем падрыхтаванасці карыстальніка дыска. Да прыкладу, можна будзе ўбачыць як унутраную планіроўку, так і працэс узвядзення замка, прасачыць, як з цягам часу дабудоўваліся або знікалі яго вежы. Таксама можна будзе самастойна "блукаць" па замку, зазірнуць у яго пакоі... Калі ж казаць пра вынікі, то стварэнне праграмы візуалізацыі 3D-мадэляў замкаў дазволіць дапоўніць турыстычную інфраструктуру нашай краіны, створыць эфект прысутнасці пры рэкламе гістарычных славутасцей Беларусі.

- У заканчэнне гаворкі не магу не запытацца, ці не баіцеся вы крытыкі праекта з боку масцітых гісторыкаў, краязнаўцаў ды і простых аматараў даўніны, якія прыдзірлівым вокам могуць заўважыць нейкія недакладныя дэталі?

- Як вядома, той, хто баіцца крытыкі, нічога не робіць. Заўсёды будуць як абыякавыя людзі, так і тыя, хто будзе падтрымліваць. Спадзяюся, апошніх станецца болей!..

На ілюстрацыях: 3D-мадэлі Лідскага замка і Палаца Пуслоўскіх у Косаве.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"