Готыка кафлі,або Што ў імбрычку першадрукара?

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Яшчэ адзін крок да разгадкі чарговай таямніцы полацкай мінуўшчыны

/i/content/pi/cult/354/6753/14-2.jpg

 У 2012-м на старонках "К", несумненна, неаднаразова будзе ўзнімацца тэма старажытнага Полацка, звязаная з 1150-гадовым юбілеем з часу яго першай летапіснай згадкі. І пакуль рыхтуюцца разнастайныя ўрачыстасці, мясцовыя археолагі падагульняюць атрыманыя пад час апошніх раскопак звесткі. З гэтай нагоды наш карэспандэнт наведаў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, выкладчыкі і студэнты якога сёлета актыўна "капалі" пласты мінуўшчыны горада.

Як адзначыў доктар гістарычных навук, загадчык кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі ПДУ Дзяніс Дук, у археалагічным плане даследчыкі падышлі да юбілею Полацка з даволі добрымі вынікамі, падагульняючы шматгадовыя раскопкі, што пачаліся ў 1928 годзе. У прыватнасці, археолагі даказалі: Полацк сапраўды існаваў у ІХ ст. і тая дата, якую шырокая грамадскасць будзе адзначаць, мае непасрэднае дачыненне да горада. Акрамя таго, сёння можна дакладна казаць пра тэрыторыю і асяроддзе гэтага месца, прафесійныя заняткі жыхароў.

Ці не адным з найважнейшых дасягненняў полацкіх археолагаў апошніх гадоў стала лакалізацыя месца, дзе вучыўся славуты Францыск Скарына. Да гэтага часу вучоныя і аматары кніжнай культуры ведалі, што першадрукар нарадзіўся і пэўны час жыў у Полацку, пасля чаго паехаў па свеце ўдасканальваць свае веды і займацца выдавецкай дзейнасцю. Аднак, вядома ж, без выдатнай пачатковай адукацыі пакарэнне Еўропы наўрад ці магло адбыцца. Шляхам аналізу разнапланавых звестак і артэфактаў айчынныя гісторыкі высветлілі: у юнацтве Скарына вучыўся ў мясцовых бернардзінцаў. Да гэтай думкі прывяло, да прыкладу, і тое, што Скарына з маладых гадоў цудоўна валодаў латынню, што выкладалі ў тагачасным Полацку толькі ў кляштары, які бернардзінцы заснавалі напрыканцы XV ст./i/content/pi/cult/354/6753/14-1.jpg

Але дзе ж размяшчалася першая alma mater асветніка? Дакладнага адказу да апошняга часу ні ў каго не мелася. Па словах Дзяніса Дука, раней існавалі толькі версіі, што гэтая навучальная ўстанова размяшчалася ў старажытнай частцы Полацка. Канкрэтнае ж месцазнаходжанне выявіць доўгі час не атрымлівалася. І толькі нядаўна архітэктар і рэстаўратар Вадзім Гліннік у касцёле святых Францыска і Бернардзіна выпадкова прыкмеціў фрэску з выявай полацкага бернардзінскага кляштара. Дзякуючы гэтаму з'явіліся звесткі, аб ягоным знешнім выглядзе ды прыкладным размяшчэнні. Кляштар, мяркуецца, меў шмат карпусоў, рамесныя майстэрні, а таксама - так званыя вытворчыя карпусы, касцёл, і, вядома ж, памяшканні, дзе ўласна і праводзілася навучанне. Сёлета адзін з жылых будынкаў раскапаны групай археолагаў на чале з Дзянісам Дукам.

Як адзначыў гісторык, знойдзены дом быў пабудаваны з дрэва. На жаль, не знойдзена ніякіх каменных падмуркаў, якія можна было б музеефікаваць. У той жа час, археолагі выявілі фрагменты абпаленай падлогі, склепы, і, што самае каштоўнае, рэшткі ўнікальнай па сваіх гістарычных вартасцях печы. Як аказалася, пры яе стварэнні ўжывалася архаічная сценавая кафля, якая раней выраблялася толькі на нямецкіх землях. Такім чынам, палачане былі першымі, хто пазнаёміўся з кафляй, што і сёння скарыстоўваецца пры абліцоўцы печаў. Па словах Дзяніса Дука, на той час гэта было сапраўднае ноу-хау. Пацвярджаюць жа датаванне аб'екта і манеты першай паловы XVI ст. Акрамя таго, сярод адметных выяўленых артэфактаў вялікую каштоўнасць мае цікавы па форме керамічны імбрычак. Мо ім карыстаўся і сам Францыск Скарына?

Калі ж вярнуцца да кафлі, дык мяркуецца, што яна выраблялася на тэрыторыі Полацкай зямлі, паколькі з тэрыторыі Цэнтральнай Еўропы хоць і прывозілі розны сталовы посуд (фрагменты яго таксама неаднойчы знаходзілі ў горадзе), але - не будматэрыялы. А вытворчасць, кажучы сучаснымі словамі, арганізавалі, хутчэй за ўсё, па ліцэнзіі.

 Факты сведчаць: нямецкі майстар прыехаў у Полацк і пачаў вырабляць кафлю на мясцовай гліне. Але не вядома: прывёз ён форму з сабой альбо зрабіў яе ўжо ў горадзе над Палатой? Тым не менш, на кафлі змешчаны рэлігійны сюжэт, не ўласцівы мясцовай традыцыі. Да таго ж, па стылі перадачы выявы апошні меў відавочныя гатычныя элементы.

Як паведаміў Дзяніс Дук, адносна нядаўна полацкія археолагі даследавалі і тэрыторыю ў межах колішняга ніжняга замка - самую старажытную частку горада. Там у свой час размяшчалася селішча - месца, дзе сялілася асноўная частка людзей, якія, у выніку, і стварылі Полацк. І калі раней не ўдавалася адкрыць гістарычны слой, што папярэднічаў "гарадской" гісторыі Полацка, то ў выніку апошніх раскопак на гарадзішчы вызначана прастора матэрыяльнай культуры балтаў (у тым ліку- з характэрнай керамікай), якія да прыходу славян засялялі гэтую тэрыторыю. Апошні факт дазваляе казаць: горадам Полацк стаў толькі з прыходам славян. Пры гэтым вялікую спадчыну пакінулі і старажытныя балты, у тым ліку - назву ракі Палаты.

У выніку плённых археалагічных раскопак, якія папярэднічаюць юбілею Полацка, было прыадкрыта шмат загадак і таямніц старажытнага горада. Цяпер Полацк чакае практычнае ўвасабленне гістарычных даследаванняў: яны мусяць узбагаціць і без таго разнастайную турыстычную інфраструктуру горада. А таму "К" абавязкова вернецца на сваіх старонках да тэмы.

На здымках: фрагменты кафлі і імбрычку XVI ст; месца раскопак-2011 у Полацку.

Фота Дзяніса ДУКА

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"