Нягледзячы на гэтую яднаючую рысу характару, персанажы твораў вельмі розныя: зімовая дзяўчынка з запалкамі, калядныя анёлкі, конікі-цвыркуны і яркія коцiкі. Калегі па студыі, якія прыйшлі на адкрыццё выстаўкі Таццяны Кублiцкай, характарызавалі яе як чалавека рахманага, але смелага. Яе мастацкай зацятасці хапае, каб данесці свой пункт гледжання да экрана. Таццяна працавала і ў лялечнай анімацыі, і ў маляванай, таму яна — мультыунiверсальны мастак. У яе працах гарманічна суіснуюць пяшчота, цвёрдасць і пачуццё колеру, яны так і зыходзяць з экрана праз ажываючых персанажаў. У графіцы дамінуюць тры самыя яркія і любiмыя ёю колеры: белы, жоўты і фіялетавы. Нават кветкі Таццяне падарылі гэтай палітры. Кублiцкая ніколі не гналася за сучаснасцю і “мадэрновасцю” — яна рабіла фільмы такімі, каб іх маглі глядзець і будучыя пакаленні, захапляючыся кожным героем. Лялькі з мультфільма "Церам-церамок".
— Неверагодна цікава ілюстраваць дзіцячыя кнігі. Так атрымалася, што я працавала над беларускімі казкамі, забаўлянкамi, а гэта велізарны пласт нацыянальнай культуры. Тэксты — немудрагелістыя, але яны вывераны часам і таму цікавыя нават дарослым. Наогул, калі працуеш, трэба арыентавацца на пэўны ўзрост, бо дзеці да 5 гадоў думаюць па-іншаму, чым старэйшыя. Але я заўважыла, што калі мультыплікатар патрапіць на хвалю, хай і пяцігадовых, дзяцей, ён абавязкова закране нейкія струны душы і дарослых, бо яны таксама калісьці былі маленькімі, — распавядае Таццяна Васільеўна.
На пытанне, ці ёсць у яе злыя персанажы і ці будзе асобная выстаўка пра іх, Таццяна дзеліцца сакрэтам:
— Аднойчы мне трэба было зрабіць ліхую алегорыю, я так старалася намаляваць злога персанажа, а заказчык, убачыўшы яго, кажа: “А можна ўсё зрабіць не такім добрым?”. З той пары ўвесь час думаю пра гэта, але адназначна ўпэўнена, што не намалюю карыкатуру або гратэск: мне людзей шкада. Ды і дзеці любяць добрых герояў.
Сапраўды: з ілюстрацый Таццяны на нас глядзіць шэранькі ваўчок, толькі ён прыйшоў не ўкусіць за бачок, а прынёс дзяўчынцы маліны. А мышка частуе зярняткамі птушанятка сарокі, якому не хапіла кашы…
Кацярына САКОВІЧ