Госць з Высокага неба

№ 49 (1020) 03.12.2011 - 09.12.2011 г

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусціла новае выданне з вядомай серыі “ЖЗЛБ” — “Максім Багдановіч. Пясняр чыстае красы” да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

/i/content/pi/cult/353/6721/pic_32.jpgПа словах укладальніка, дырэктара Літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча Таццяны ШЭЛЯГОВІЧ, выхад гэтай кнігі стаўся справай не толькі прэстыжу музея і выдавецтва, а і вялікай запатрабаванасцю часам. "У нашым грамадстве вырасла ўжо цэлае пакаленне людзей, якія не бачылі і не ведаюць ранейшых работ, прысвечаных Максіму Багдановічу, тых зборнікаў, што выходзілі ў 1970-я - 80-я гады, - распавядае Таццяна Эдуардаўна, якую нам удалося заспець у Мінску за колькі гадзін да ад'езду ў Ялту на ўрачыстасці да 120-годдзя з дня нараджэння паэта.

- Прыйшоў час нагадаць моладзі, якая ідзе нам на змену, якую геніяльную постаць мае беларуская літаратура. Хрэстаматыйным выданнем для большасці багдановічазнаўцаў з'яўляецца зборнік Ніны Ватацы "Шлях паэта". Галоўны бібліёграф Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, яна 40 гадоў аддала даследаванню біяграфіі пісьменніка, і яе праца з'яўляецца асновай для ўсіх, хто пачынае вывучаць жыццёвы шлях паэта. Аднак сёння гэтае выданне ўжо лічыцца рэдкасцю. У сценах музея нашы супрацоўнікі просяць адно ў аднаго пазычыць кнігу, каб падрыхтаваць пэўны даклад ці экскурсію. Адно выданне - на тры-чатыры чалавекі. Прычым я апісваю сітуацыю толькі ў музеі, а што адбываецца ў бібліятэках, можна толькі ўявіць. Таму галоўнай маёй мэтай пад час укладання зборніка было - даць магчымасць усім прыхільнікам творчасці паэта судакрануцца з матэрыяламі, якія знайсці, дастаць, адшукаць вельмі цяжка.

- З якіх частак складаецца зборнік?

- Першая - "Светлы свет будзе вечна жывы" - гэта ўспаміны пра класіка беларускай літаратуры яго родных, сяброў, таварышаў... Пад адной вокладкай мы сабралі ўспаміны, якія былі раскіданы па розных зборніках, перыядычных выданнях, успаміны, што раней друкаваліся з "купюрамі" або не выходзілі наогул... Напэўна, для многіх сведчанні Вацлава Ластоўскага, Аркадзя Смоліча стануцца сапраўднай знаходкай. Другая частка - "Госць з высокага неба" - уяўляе з сябе артыкулы пра творчасць Песняра чыстае красы. У форме развагі, нататкі, нарыса аўтары дзеляцца сваім ўспрыняццем творчасці Паэта. У гэтым раздзеле прысутнічаюць артыкулы і тых людзей, якія асабіста не ведалі Максіма Багдановіча: Уладзіміра Караткевіча, Максіма Лужаніна, Анатоля Бутэвіча, Анатоля Вярцінскага, Міхася Стральцова, Міколы Ермаловіча, Уладзіміра Конана... Трэцяя частка кнігі, у якую лагічна пераходзіць другая, - "Усе мы разам ляцім да зор..." - гэта паэтычныя прысвячэннні паэту. У нашым музеі знаходзіцца шмат зборнікаў, якія ўтрымліваюць вершы-прысвячэнні беларускаму класіку. І тут мы таксама вырашылі скарыстацца здабыткамі- і зрабілі выбарку гэтых палымяных прызнанняў у любові, гэтых слоў захаплення, пра якія, мабыць, і не ведае чытач. Чые вершы можна прачытаць у раздзеле? Напэўна, усіх вядомых беларускіх літаратараў некалькіх пакаленняў. Шмат параўнанняў, гіпербал, радкі, прысвечаныя мясцінам, дзе жыў Багдановіч, пераасэнсаванні яго вядомых вершаў...

- Таццяна Эдуардаўна, ці адбылося ў вас пасля працы над кнігай пэўнае пераасэнсаванне творчасці паэта?

- Па-першае, хачу выказаць словы падзякі на адрас тых, хто дапамагаў мне працаваць над выданнем. Гэта Віталь Скалабан, які, на жаль, пайшоў з жыцця. Ён не толькі выдатны наш архівіст, даследчык, навуковец і вялікі прыхільнік творчасці Максіма Багдановіча. Віталь Уладзіміравіч быў маім лоцманам у даследаваннях, падказваў і даваў карысныя парады. Не атрымалася б ажыццявіць выданне кнігі, вядома, без падтрымкі ініцыятывы музея выдавецтвам "Мастацкая літаратура" і асабіста галоўным рэдактарам Віктарам Шніпам, які вельмі далікатна і тактоўна курыраваў арганізацыйную частку працы. Вялікі дзякуй і працавітаму, шчыраму, адукаванаму рэдактару выдавецтва Інэсе Паланейчык. І, безумоўна, не магу не адзначыць удзел у стварэнні кнігі супрацоўнікаў музея. Што ж да вашага пытання - ці адбылося адкрыццё пэўных новых граняў Максіма Багдановіча пад час працы над кнігай, - то магу зазначыць наступнае. Я ўжо больш за дваццаць гадоў працую ў музеі, і ў мяне склалася пэўнае стаўленне да гэтай асобы. Лічу, што Максім Багдановіч - геніяльны паэт, і нам трэба быць бязмежна ўдзячнымі Богу за тое, што ён падарыў такога творцу Беларусі. Пад час працы над кнігай я яшчэ раз у гэтым упэўнілася. Здавался б, ён пражыў усяго 25 гадоў, але гэты таленавіты юнак да сённяшняй пары вучыць нас таму, як належыць ставіцца да выпрабаванняў лёсу, да сваёй радзімы, як трэба трымацца выбранага шляху, як дастойна жыць. Калі чытаеш успаміны ці прысвячэнні знакамітых людзей Багдановічу - зноў і зноў у гэтым пераконваешся. І хочацца, каб кожны пра гэта ведаў. Ведаеце, пад час працы над кнігай я колькі месяцаў сыходзіла з музея вельмі позна. І ахоўніца ўстановы ўсё пыталася, чаму я так позна працую. Калі том выйшаў, я прэзентавала кнігу жанчыне са словамі: "А вось тая рэч, якая трымала мяне на рабочым месцы". Сёння я сустракаю яе, і яна пачынае мне дзякаваць: чытаю вашу кнігу, кажа, і не магу нарадавацца...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"