У кантакце са спадчынай неаліту

№ 47 (1018) 19.11.2011 - 26.11.2011 г

“Незакансерваваны” канцэрт

/i/content/pi/cult/351/6652/14-2.jpg

Пра глыбінныя традыцыі беларускай культуры сведчаць не толькі археалагічныя артэфакты, але і ўнікальныя абрады, што захаваліся з першабытных часоў. У іх ліку - "Пахаванне стралы", якое засталося "ў спадчыну" ад нашых далёкіх продкаў, першых земляробаў часоў неаліту. Гэтая традыцыя на Веткаўшчыне захавалася не ў закансерваванай форме, а ў жывым асяродку.

 Адметна, што сёння на Беларусі старажытныя традыцыі збіраюць вялікае кола аматараў. Пра гэта сведчыць, што ў згаданага абраду "Пахаванне стралы", які ў 2006 годзе быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі, маецца нават свая старонка ў адной з папулярных сацыяльных сетак. Чарговым жа прызнаннем унікальнай традыцыйнай культуры Веткаўшчыны стала вялікая цікавасць з боку аматараў народнага мастацтва да выступлення калектываў аўтэнтычнага фальклору гэтага раёна ў рамках VІІІ Этнаграфічнага канцэрта "Фальклор беларускай глыбінкі", што напрыканцы мінулага тыдня адбыўся ў сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Пад час выступлення гуртоў можна было назіраць сапраўдны аншлаг.

 Сёлета ў госці да сталічнай публікі завіталі такія калектывы з Веткаўшчыны, як "Стаўбуноўскія вячоркі", "Задорынка" і выканаўцы народных песень са знакамітай вёскі Неглюбка, якая здаўна славіцца ўнікальнымі ручнікамі.

 Як падкрэсліў прарэктар па інавацыйнай дзейнасці і мастацкай творчасці БДУКіМ Канстанцін Рэмішэўскі, мерапрыемства адбылося, у першую чаргу, пры вялікай падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны. Акрамя таго, ён адзначыў, што дзякуючы выкананню аднаго з заданняў Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі", у рукі супрацоўнікаў універсітэта трапіў унікальны матэрыял, які мае непасрэднае дачыненне да традыцыйнай культуры нашага народа: відэахроніка 1930-га, дзе паказаны побыт і абраднасць, унікальныя строі. Менавіта з яго і пачалася праграма штогадовага этнаграфічнага канцэрта./i/content/pi/cult/351/6652/14-1.jpg

Хоць фільм і здымаўся на расійскай Браншчыне, але, на думку даследчыкаў, дакументальная стужка адлюстроўвае традыцыйную культуру на этнічнай мяжы беларускага народа ў цэлым, і Падняпроўя ды Усходняга Палесся ў прыватнасці.

Па словах кандыдата мастацтвазнаўства Вольгі Лабачэўскай, карціна была знята напярэдадні глабальных змен у сацыяльнай культуры вёскі. На кадрах прадстаўлены, у тым ліку, і вясельны абрад, які мае такі дзіўны для сучаснага чалавека элемент, як змазванне галоў маладых алеем. Зафіксавана аператарамі таксама і досыць рэдкая з'ява ў рамках веснавога свята, непасрэдна звязанага з урадлівасцю, - рытуальнае калектыўнае частаванне яечняй, смажанай на ўлонні прыроды.

Пазнаёмілі з асобнымі абрадамі гэтага рэгіёна і госці сёлетняга этнаграфічнага канцэрта "Фальклор беларускай глыбінкі". У прыватнасці, веткаўскія артысты выканалі гадавы цыкл песень, у тым ліку вясновыя і жніўныя. Убачылі гледачы і ўжо знакаміты ў краіне абрад "Ваджэнне і пахаванне стралы" прымеркаваны да Ушэсця, якое святкуецца на саракавы дзень пасля Вялікадня. Варта нагадаць, што абрад складаецца са спеваўзаклінанняў пра стралу, шэсця шарэнгай па вуліцах вёскі, ваджэння карагодаў, выхаду да жытняга поля, качання па ім і, нарэшце, пахавання "стралы", якой уяўляліся разнастайныя побытавыя прадметы, у зямлю.

Акрамя таго, "Стаўбуноўскія вячоркі" прадставілі і міні-рэканструкцыю вясельнага абраду Гомельшчыны. Згодна з ім, пад час рытуальных спеваў жанчыны ўпрыгожвалі пастаўленую ў бохан хлеба ялінку для таго, каб жаніх спачатку выкупіў дрэўца, а ужо потым і саму нявесту.

Як адзначыў начальнік аддзела культуры Веткаўскага райвыканкама Уладзімір Мельнікаў, вельмі важна, што сёння адбываецца пераемнасць традыцый. Поруч са сталымі выканаўцамі, некаторым з якіх пайшоў дзявяты дзясятак гадоў, сёння на Веткаўшчыне спяваюць, удзельнічаюць у архаічных абрадах дзеці і моладзь. У сваю чаргу, загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, кандыдат культуралогіі Вячаслаў Калацэй падкрэсліў: аўтэнтычныя народныя традыцыі Веткаўшчыны па сваіх глыбінных каранях - гэта ўнікальная частка беларускай культуры. А таму энергію, якую нясуць носьбіты гэтых традыцый, трэба беражліва захоўваць.

На здымках: дзяўчаты з "Задорынкі" пераймаюць вопыт у сталых калег з вёскі Неглюбка;

пад час танца "Стаўбуноўскіх вячорак" і "Задорынкі".

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"