Анкета для журы

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

Прадставіць склад журы фестывалю “Лістапад” — задача не з простых. Папершае, таму, што пяць конкурсных праграм мінскага кінафоруму будуць ацэньваць пяць асобных журы кінематаграфістаў. Па-другое, да пяцёркі міжнародных каманд суддзяў-кінематаграфістаў далучаецца сёлета і міжнароднае журы кінапрэсы, у склад якога ўвойдуць кінакрытыкі і кіназнаўцы з розных краін (што, адзначым, на фестывалі адбудзецца ўпершыню). Каб пазнаёміцца з тымі, хто сёння будзе вырашаць лёс фільмаў-удзельнікаў, “К” паспрабавала звязацца з галоўнымі за правядзенне тых самых адказных вынікаў — старшынямі міжнародных журы “Лістапада” з своеасаблівай анкетай. Хтосьці з гасцей форуму адказаў на нашы пытанні ў пісьмовым выглядзе, з кімсьці ўдалося пагутарыць па тэлефоне. 1. Як вы ўспрынялі прапанову ўзначаліць журы конкурсу “Лістапада”? 2. З якімі чаканнямі вы едзеце на беларускі кінафорум? 3. Якое кіно вы як старшыня журы і глядач хацелі б убачыць на форуме? 4. Несумненна, ваша згода прыехаць на фестываль — вялікі гонар. Але ж ад якіх спраў вас “адарваў” “Лістапад”?

"Інтарэсы - не разыходзяцца"

/i/content/pi/cult/349/6585/5-1.jpgМарына РАЗБЕЖКІНА - рэжысёр, прафесар, стваральнік і кіраўнік Вышэйшай школы дакументальнага кіно "Майстэрня Марыны Разбежкінай", старшыня міжнароднага журы кінематаграфістаў асноўнага конкурсу дакументальнага кіно.

1. З цікавасцю.

2. Даўно не была ў Мінску. Люблю атмасферу яго фестываляў. Спадзяюся, што і гэтым разам ён не падмане маіх чаканняў.

3. Я хачу ўбачыць добрае кіно. Тут інтарэсы і журы, і гледачоў не разыходзяцца.

4. Усё ж я даўно абяцала арганізатарам кінафоруму прыняць удзел у працы журы, таму выконваю сваё абяцанне. Яшчэ мы сёлета закрылі нашу творчую майстэрню ў Вышэйшай школе эканомікі, і цяпер хочам адкрыць новую, цалкам аўтаномную ад дзяржадукацыі, школу.

"Структура "Лістапада" - на ўзроўні"

/i/content/pi/cult/349/6585/5-2.jpgАлена СЦІШОВА - кіназнаўца, рэдактар часопіса "Искусство кино", член Расійскай акадэміі кінамастацтва "Ніка", старшыня Міжнароднага журы кінапрэсы.

1. Я ўспрыняла прапанову ўзначаліць журы кінапрэсы з задавальненнем. Па-першае, для мяне гэта далёка не першы вопыт. Па-другое, прапанову ад Ігара Сукманава, майго вучня, з кім у мяне захаваліся вельмі добрыя стасункі цягам многіх гадоў, і якія сёння перайшлі ў шэраг партнёрскіх - карысных, шчырых і шчыльных, - было прыемна прыняць. Па-трэцяе, ведаю, што ў сёлетнім складзе журы будуць мае калегі, з якімі я калісьці працавала, і прыемна будзе зноў іх пабачыць і "пакантачыць" з імі. І, па-чацвёртае, я - працаголік і з радасцю ўспрымаю бадай кожную магчымасць заглыбіцца ў працу.

 2. Я даўно ведаю пра фестываль "Лістапад". Усё ніяк не атрымлівалася да яго "даехаць", - і нарэшце! Памятаю пра бурны "фемінісцкі кінарух" пад час маіх візітаў у Мінск; суполку вашых жанчын - руплівіц фестываляў, Таццяну Логвіну, з якой з той пары не бачылася... Сябрую з вашым кінакрытыкам Алай Бабковай, з кім гэтаксама буду рада сустрэцца, добрыя стасункі ў мяне былі і з Валерыем Рубінчыкам... Люблю Валерыя Рыбарава. Мне вельмі шкада, што ён "не ўпісаўся" ў постсавецкі кінапрацэс. Усё, што ён робіць, на мой погляд, - цудоўныя рэчы. Уладзімір Гасцюхін, з якім я сябравала, і вечар якога вяла ў свой час... Вядома, гэтыя мінчане, беларускія імёны прыцягваюць самыя цёплыя ўспаміны. Таму гэтую сустрэчу з Мінскам я чакаю з радасцю і спадзяюся, што не памыляюся ў сваіх прадчуваннях.

3. Мяне, безумоўна, зацікавіла праграма "Лістапада". Несумненная ўдача фестывалю - фільм Андрэя Звягінцава "Алена". На мой погляд, гэта адна з найлепшых карцін расійскага кіно за апошні год, і добра, што мінскі глядач здолее ўбачыць гэтую стужку. Шкада, што няма ў праграме карціны Андрэя Смірнова "Жыла-была адна баба", якая таксама з'яўляецца знакавай для сёлетняга расійскага кінематографа, але, разумею, што дастаць яе было складана. Трэба аддаць належнае густу Ігара Сукманава. Майстарклас з венгерскім рэжысёрам Бэла Тарам, які паставіў "Турынскага каня", з тайландцам Апчытапонгам Вірасетакуна, чыё імя можа вымавіць далёка не кожны, рэжысёрам "Дзядзькі Бунмі, які памятае мінулыя жыцці", - далека не ўсё калегі могуць запрасіць такіх гасцей. Іх імёны лічацца топавымі ў сусветным кінематографе. Спадзяюся, што гэтыя майстар-класы будуць запісвацца. Добрае ўражанне пакідае праграма "Панарама расійскага кіно", "Польскі ракурс", надзвычай прываблівае "Панарама паўднёвакарэйскага кіно"... Што і казаць, структура "Лістапада" - сапраўды на ўзроўні.

4. Ад чаго адцягвае ўвагу "Лістапад"? Працуем над тэкстамі ў часопісе. Што да асабістых планаў, цяпер збіраю кнігу, фармат якой можна апісаць як рэтраспектыва постсавецкага кінапрацэсу, або нават так: пралог да найноўшай гісторыі постсавецкага кіно. Толькі ёю, калі шчыра, зараз і хацелася б займацца. 

 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"