Перапіска з класікам

№ 44 (1015) 29.10.2011 - 05.11.2011 г

Пра славутага класіка нашай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа і яго творчасць, здавалася б, вядома ўсё. Аднак кожны год у дзень нараджэння Канстанціна Міцкевіча “ўсплываюць” новыя факты з яго багатай на розныя перыпетыі біяграфіі.

/i/content/pi/cult/348/6574/14-3.jpg

 Не стане выключэннем і бягучы год. Як адзначыла ў размове з карэспандэнтам "К" намеснік дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ганна Зайцава, на наступным тыдні пройдзе традыцыйнае, ХХVII Літаратурнае свята "Каласавіны" з нагоды 129-годдзя з дня нараджэння аўтара славутай паэмы "Новая зямля".

 У межах свята запланавана правядзенне XXVІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Якуб Колас і яго сучаснікі: да вывучэння творчага і асабістага кола ўзаемасувязей пісьменніка". Па словах Ганны Зайцавай, прадстаўнічы форум паспрыяе далейшай сістэматызацыі актуальных даследаванняў у галіне сучаснага коласазнаўства, а таксама будзе сад з е й ні ч а ц ь збору інфармацыі пра асоб, якія вялі перапіску з народным паэтам Беларусі Якубам Коласам цягам 1921 - 1956 гг. Ганна Зайцава спадзяецца, што даклады канферэнцыі ўзбагацяць унікальнае выданне - энцыклапедычны даведнік "Якуб Колас і яго акружэнне", што мае выйсці ў свет у наступным годзе і будзе прэзентавана ў рамках шырокага святкавання юбілею творцы.

Асноўнымі ж тэмамі літаратуразнаўчага форуму стануць тэксталагічныя і мовазнаўчыя даследаванні твораў Якуба Коласа, іх гісторыка-культуралагічны кантэкст. Не застанецца па-за ўвагай і эпісталярная спадчына нашага Песняра, а таксама творчы лёс яго ваеннай паэзіі і публіцыстыкі. Асобнай старонкай канферэнцыі стане праблема ўшанавання і папулярызацыі нацыянальнай культурнай спадчыны праз музейныя калекцыі мемарыяльнага статуса.

 Да слова, свой удзел ужо пацвердзілі не толькі многія айчынныя даследчыкі і спецыялісты музейнай справы, але і іх калегі з замежжа, у прыватнасці, галоўны захавальнік фондаў Літаратурнага музея імя А.Пушкіна ў Маскве Дайнора Аўкштакене і вучоны сакратар Літаратурна-мастацкага музея Марыны і Анастасіі Цвятаевых у горадзе Аляксандраў Улад з імірскай вобласці Расіі.

Акрамя таго, як паведаміла Ганна Зайцава, у рамках "Каласавін" адбудуцца ўрачыстае падвядзенне вынікаў літаратурнага конкурсу "Дэбют" сярод жыхароў Першамайскага раёна сталіцы, што ладзіўся сумесна з аддзелам культуры адміністрацыі раёна, літаратурнае свята для дзяцей "Казкі жыцця", выстаўка з уласных фондаў "Рукою Коласа", а таксама прэзентацыя 13 - 15 тамоў Поўнага збору твораў класіка ў 20-і тамах. Завершацца мерапрыемствы ўскладаннем кветак да помніка Якубу Коласу на аднайменнай плошчы беларускай сталіцы.

Кіно пра невядомага Коласа

Яшчэ адзін аспект коласазнаўства цяпер даследуюць айчынныя кінадакументалісты. Як паведаміў "К" адказны рэдактар РУП "Беларускі відэацэнтр" Аляксандр Купрыянаў, цяпер гатовы да выхаду ў свет фільм "Я - часовы вандроўнік. Якуб Колас: паэт і чалавек". А ўжо непасрэдна да 130-годдзя з дня нараджэння класіка рыхтуецца сапраўды сенсацыйная прэм'ера. Аляксандр Купрыянаў кажа, што налета выйдзе стужка "Невядомы Колас", дзе, у прыватнасці, будзе прыадкрыта таямніца перапіскі і любоўнай лірыкі народнага паэта. "Прынамсі, маем дамоўленасць зазірнуць ва ўнікальныя фонды з кіраўніцтвам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа", - дадаў Аляксандр Купрыянаў.

На здымку: Якуб Колас з унукамі.

Фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"