Сем дамоў Варбурга

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Далёка не кожны госць Брэста паспявае адкрыць усе яго таямніцы і архітэктурныя скарбы. Не з’яўляецца выключэннем і так званая калонія Варбурга — сем драўляных двухпавярховых дамоў па 1-м Мінскім завулку амаль у цэнтры горада над Бугам.

/i/content/pi/cult/347/6542/pic_26.jpgНаступствы Першай сусветнай вайны, якая зрабіла бежанцамі больш за два мільёны жыхароў Беларусі, былі моцна адчувальныя і пасля 1918 года. Вяртаючыся на радзіму, бежанцы вельмі часта не знаходзілі ацалелым сваё ранейшае жытло. Асабліва востра жыллёвае пытанне адчувалася ў прыфрантавым Брэсце, дзе было разбурана тры чвэрці будынкаў... Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы 1921-га, калі Брэст адышоў да Польшчы, гарадскія ўлады былі няздольныя вырашыць гэтае складанае пытанне. Тым не менш, у 1925 годзе ў горадзе будуецца квартал з дванаццаці васьмікватэрных двухпавярховых дамкоў з высокімі, крытымі гонтай, дахамі, адпаведным дэкорам - гэта закапанскі стыль. Ініцыятыва будаўніцтва належала Феліксу Варбургу - кіраўніку міжнароднага дабрачыннага таварыства, заснаванага ў 1914-м.

Мірнае жыццё калоніі Варбурга абарвалася з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны: усе жыхары былі выселены фашыстамі ў гета і забіты. На тэрыторыі квартала размясцілі лагер для 1800 ваеннапалонных савецкіх салдат, якія неўзабаве паўтарылі лёс саміх брэстчан...

Пасля Перамогі на 1-м Мінскім завулку працаваў перасыльны лагер для палонных з ліку італьянцаў. Потым дамы калоніі былі перададзены ў жыллёвы фонд, пра лёс жа яе першых жыхароў, а таксама размешчаны на тэрыторыі Варбурга лагер савецкіх ваеннапалонных шырока не згадвалася да апошняга часу.

Нягледзячы на сённяшні занядбаны стан і адсутнасць гаспадароў, гэты невялікі архітэктурны комплекс кранае і ўражвае менавіта сваёй рэгіянальнай адметнасцю. Думаецца, у калоніі Варбурга можна было б размясціць гатэль ці маладзёжны хостэл, кавярні і сувенірныя крамы, Музей Памяці ваеннапалонных ці нават Цэнтр міжкультурнага дыялога. Чаму б і не?..

Ала СІДАРОВІЧ

На здымку: Варбург у міжваенны перыяд.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"