Дасье на спадчыну

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Пытанні аднаўлення і вяртання да жыцця аб’ектаў айчыннай сакральнай спадчыны, іх сумеснае выкарыстанне і ахова ляглі ў аснову “круглага стала” “Культурная спадчына і рэлігія”, які распачаў цыкл мерапрыемстваў у праграме Дзён Еўрапейскай спадчыны на Беларусі.

 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры нашай краіны, адказныя за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, кіраўніцтва Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў на Беларусі, спецыялісты ў галіне аховы матэрыяльных і нематэрыяльных каштоўнасцей, а таксама  беларускія вучоныя.   

Па выніках "круглага стала" было вырашана ў бліжэйшы час правесці навуковапрактычны семінар, прысвечаны праблемам аховы, рэстаўрацыі і выкарыстання помнікаў сакральнай спадчыны, а таксама падрыхтаваць для ўключэння і, адпаведна, уключыць сёлета ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь дасье па элементах сакральнай спадчыны  "Святкаванне ўрачыстасці ў гонар Будслаўскай іконы Божай Маці" і "Мастацтва званароў Заходняй Беларусі".

Плануецца таксама актывізаваць працу па дапрацоўцы дасье  "Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны Святой Ефрасінні Полацкай" і прадставіць яго на разгляд Цэнтра сусветнай спадчыны UNESCO цягам наступнага года. Акрамя таго, будзе прапрацоўвацца пытанне па магчымасці выдання альбома "Фрэскі  СпасаЕфрасіннеўскай  царквы ў Полацку" з улікам апошніх адкрыццяў рэстаўратараў.  

 

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"