Мяркуецца, што ў гэтым годзе ў фестывалі прымуць удзел 30 тэатраў з 17 краін свету, сярод якіх - Беларусь, Расія, Украіна, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Харватыя, Славенія, Германія, Сербія, Грузія, Ізраіль, Марока, Бразілія, Іарданія і Нідэрланды.
Сёлетняя праграма адкрыецца вялікім, святам "КуфарГрад", пад час якога ўнутраны дворык БДУ ператворыцца ў прастору для тэатралізаванага шэсця, паказу чатырохгадзіннага шматжанравага праекта "BioObjekt" і працы шэрагу міні-пляцовак, сярод якіх упершыню - спецыялізаваная дзіцячая пляцоўка з клоўнамі, аніматарамі і крэатыўнымі заданнямі для ўсіх ахвотных.
Традыцыйна, акрамя звыклай конкурснай праграмы, штогод "Тэатральны куфар" прапануе сваім прыхільнікам адмысловыя праекты. Гэтым разам такой "стравай ад шэф-кухара" мусіць стаць першы ў гісторыі нашай незалежнай краіны шоукейс беларускіх студэнцкіх тэатраў пад назвай "Koufar.by", які пройдзе паза конкурснай праграмай, але, несумненна, выкліча вялікі інтарэс як сярод айчынных тэатралаў, так і, што немалаважна, сярод шырокага кола замежных гасцей форуму.
Асобна хочацца адзначыць, што "Тэатральны куфар" - гэта не проста "свята раз на год", а - сапраўдная творчая карпарацыя, жыццё якой не заканчваецца ў дзень закрыцця фестывалю. Менавіта таму за час свайго існавання "...Куфар" зарэкамендаваў сябе як адзін з уплывовых творчых форумаў студэнцкіх калектываў на постсавецкай прасторы. З 2006 года ён з'яўляецца членам Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў, з 2008га - у складзе выканаўчага камітэта. І не выпадкова, што ў наступным годзе з 25 па 29 чэрвеня на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пройдзе IX Сусветны кангрэс гэтай арганізацыі. У яго праграме прадугледжаны навуковая частка (даклады і лекцыі), адукацыйная (майстаркласы і навучальныя лабараторыі), а таксама практычная (спектаклі). А з 1 чэрвеня бягучага года пачаўся прыём заявак на ўдзел у ім.