Расстанне даўжынёй у стагоддзе

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

Род Пушкіных на Беларусі

 

/i/content/pi/cult/341/6308/14-1.jpgВідавочна, не ўсе ведаюць, што лёс славутага Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна і яго роду непасрэдна звязаны і з нашым краем. У прыватнасці, паэт у свой час падарожнічаў па беларускай зямлі, спыняўся ў Магілёве, а яго дзеці і ўнукі цягам гадоў жылі на Бабруйшчыне і, як аказалася, на Слонімшчыне.

Мецэнатка з роду Пушкіных Пераканацца ў гэтым дазволіла сустрэча з нашчадкамі Пушкіна, якія сёлета наведалі Беларусь. Ганна Георгіеўна і Міхаіл Уладзіміравіч Варанцовы-Вельямінавы- праўнукі знакамітай беларускай мецэнаткі Наталлі Аляксандраўны Пушкінай (унучкі вялікага паэта). Пад час свайго падарожжа па бабруйскай зямлі, што адбылося на мінулым тыдні, яны паспелі пазнаёміцца з горадам, Бабруйскай крэпасцю, сустрэліся з супрацоўнікамі мясцовага краязнаўчага музея і бібліятэкі імя Пушкіна, якая сёлета адзначыла сваё 110-годдзе. І, што самае галоўнае, наведалі месца колішняга родавага маёнтка, магілу сваёй прабабулі ў вёсцы Цялуша і адслужылі паніхіду ў храме, пабудаваным у ХІХ ст. не без удзелу іх продкаў.  

Нельга не закрануць гісторыю гэтага адгалінавання роду Пушкіных. Беларускую нітку нашчадкаў знакамітага паэта праклала яго ўнучка, Наталля Аляксандраўна, дачка старэйшага сына класіка рускай літаратуры. Цікава, што  яна з'явілася на свет у 1859 годзе, і яе нараджэнню паспела яшчэ парадавацца бабуля, Наталля Пушкіна-Ланская, удава паэта.   

Упершыню ў Беларусі Наталля Пушкіна пабывала ў дзяцінстве. Ейны бацька, Аляксандр Аляксандравіч, быў кадравым ваенным і скончыў службу ў званні генерал-лейтэнанта. У другой палове 1860-х ён служыў у Віленскай ваеннай акрузе на пасадзе члена камісіі па сялянскіх справах. Летам 1870 г. яго прызначылі камандзірам 13-га Нарвскага кавалерыйскага палка, які ў той час быў раскватараваны ў Навагрудку.  Менавіта там Наталля і знайшла сваё каханне. На яе звярнуў увагу адзін з лепшых афіцэраў палка, якім камандаваў Аляксандр Пушкін, - Павел Аркадзьевіч Варанцоў-Вельямінаў. Пасля вяселля маладыя жылі ў Мічурынску, а праз колькі часу Варанцоў-Вельямінаў падаў у адстаўку і пераехаў з жонкай у маёнтак сваёй маці - Вавулічы, што знаходзіцца прыкладна за 10 кіламетраў ад Бабруйска.  Акрамя сядзібы ў вёсцы Варанцовы-Вельямінавы мелі яшчэ і дом у Бабруйску.

/i/content/pi/cult/341/6308/14-2.jpgМенавіта там Наталля Аляксандраўна прымала сяброў сям'і, сярод якіх былі і такія знакамітыя людзі свайго часу, як Тургенеў і Дастаеўскі.  Цікавы і яшчэ адзін факт. Паводле ўспамінаў старажылаў навакольных вёсак высветлілася, што ўнучка Пушкіна захаплялася мясцовымі паданнямі, традыцыйнай культурай, любіла слухаць беларускія народныя песні.    Дзякуючы намаганням Наталлі Варанцовай-Вельямінавай у 1894 годзе ў вёсцы была пабудавана школа, у 1902м - царква, а пазней і бібліятэка, якая, на жаль, была спалена пад час Вялікай Айчыннай вайны. Сям'я ВаранцовыхВельямінавых прыняла ўдзел і ў стварэнні Бабруйскай гарадской бібліятэкі, якая сёння носіць імя знакамітага паэта. Дарэчы, бібліятэка адкрыла свае дзверы для наведвальнікаў у лютым 1901-га, у 64-ю гадавіну з дня смерці Аляксандра Пушкіна.  "Убачанае лепшае за мары" Менавіта будынак гэтай бібліятэкі ці не праз стагоддзе стаў месцам сустрэчы нашчадкаў Пушкіна з шырокай грамадскасцю Бабруйска.  Расстанне з беларускай зямлёй даўжынёй у стагоддзе, відавочна, зрабіла для прадстаўнікоў роду Варанцовых-Вельямінавых іх родны горад своеасаблівай сямейнай легендай. Як падкрэсліла Ганна Георгіеўна, Бабруйск для іх быў сапраўдным міфам. "Мы шмат чулі пра горад, дзе нарадзіліся нашы бацькі. Нам шмат расказвалі пра Бабруйск, маёнтак Вавулічы, паказвалі фотаздымкі. Але ўсё гэта было нейкай казкай",- распавяла прадстаўніца шляхецкага роду.   Па словах Ганны Варанцовай-Вельямінавай, упершыню яна трапіла ў Бабруйск у 2009 годзе- нікога не ведаючы, а таксама ўжо і не спадзеючыся, што тут будуць памятаць пра іх сям'ю. І якое ж было здзіўленне, калі перад ёй паўсталі прыгожа аздобленыя вітрыны з фотаздымкамі продкаў, а аказаць інфармацыйную дапамогу вызваліся ветлівыя людзі, супрацоўнікі музея.   Нечаканай была сустрэча і з мясцовым жыхаром, які распавёў, што ў вёсцы захоўваецца добрая памяць пра род Варанцовых-Вельямінавых. "Я не чакала,- прызналася Ганна Георгіеўна,- што і праз сто гадоў людзі ўшаноўваюць памяць маіх продкаў, якія там жылі. Прыемна ўражана і тым, што храм, які будаваў мой прадзед Павел Аляксандравіч, адрэстаўраваны і сёння дзейнічае. Дагледжана і магіла Наталлі Аляксандраўны..." У выніку першага візіту наладзілася плённае супрацоўніцтва з Бабруйскім краязнаўчым музеем. Распачалася перапіска, абмен дакументамі, сямейнымі фотаздымкамі. Дзякуючы гэтаму была арганізавана цікавая тэматычная выстаўка. А таму другі прыезд стаў, па прызнанні гасцей з Італіі і Францыі, падарожжам да сваіх старых сяброў.  Але на гэтым праца па абмене дакументамі не спынілася, наадварот - актывізавалася. У прыватнасці, па словах Ганны Георгіеўны, сёлета з'явілася магчымасць прагледзець разам з супрацоўнікамі мясцовага краязнаўчага музея вялікую колькасць дакументаў. "Мы пастараемся пераслаць усе магчымыя дакументы, якія ў нас маюцца.

Акрамя таго, мая сястра падарыла фотакопію вялікага фармату плана маёнтка Вавулічы. І дзякуючы гэтаму дакументу кожны зможа  ўбачыць знешні выгляд нашай сядзібы стогадовай даўніны",- падкрэсліла госця.   Сярод дакументаў, якія захаваліся, вялікую цікавасць уяўляюць і ўрыўкі двух лістоў Наталлі Аляксандраўны да дочкі і запіска да сына. У іх змешчаны цікавыя жыццёвыя дэталі, што сведчаць пра досыць просты побыт сям'і. Маецца там і шмат цікавых падрабязнасцей з жыцця тагачаснай шляхецкай сям'і на Бабруйшчыне, а таксама інфармацыя пра праблемы горада.  Не застаўся па-за размовай і Міхаіл Уладзіміравіч, які з захапленнем падкрэсліў: "Мы шмат марылі пазнаёміцца з горадам, аднак на самой справе ўбачанае аказалася лепшым за мары. Асабліва - людзі, якіх мы сустрэлі. Гэта самае галоўнае ўпрыгожанне горада!" Паводле  ягоных слоў, у планах прадстаўнікоў роду Варанцовых-Вельямінавых - наведаць вёску Ягорына Слонімскага раёна, дзе ў свой час таксама быў родавы маёнтак, а літаральна праз год - максімальнай колькасцю яго родных ізноў пабываць на гасціннай Бабруйшчыне.   

 

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"