Залаты медаль Сержпутоўскага

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

"Мне ўдалося далучыцца да ўсіх бакоў жыцця народа…"

/i/content/pi/cult/339/6306/15-1.jpg

Сёння паміж вёскамі Чудзін і Пярэвалакі, што на Ганцавіччыне, існуе ўрочышча Сержпутоўшчына. Менавіта туды пераехала сям'я будучага этнографа і фалькларыста, правадзейнага члена Інбелкульта Аляксандра Сержпутоўскага, калі яму было ўсяго некалькі месяцаў.

Шлях да навукі ў Аляксандра Сержпутоўскага быў не з лёгкіх. Не валодаючы моцным здароўем, ён усё ж атрымаў пачатковую адукацыю ў Вызнянскім народным вучылішчы, што размяшчалася непадалёк ад Слуцка, а ў чатырнаццацігадовым веку паехаў паступаць у падрыхтоўчы клас Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. І, як сведчаць дакументы, нягледзячы на паказаныя добрыя веды, хлопцу давялося вярнуцца дамоў ні з чым. Нібыта праз стан здароўя. Але настойлівасць будучага даследчыка беларускага Палесся перамагла ўсе перашкоды - ужо праз год Сержпутоўскага прымаюць на вучобу ў Нясвіж, а яшчэ праз чатыры - ён сам пачынае настаўнічаць у Лучыцкім народным вучылішчы Мазырскага павета.

Відаць, у гэты час у м а л а д о г а настаўніка і з'явілася жаданне вывучаць мясцовыя абрады і фальклор. Пра гэта сведчаць яго словы: "Жывучы доўгі час на Палессі і маючы непасрэдныя кантакты з народам, мне ўдалося далучыцца да ўсіх бакоў яго жыцця. Такім чынам я рабіў свае назіранні, пры любой магчымасці знаёміўся з рознымі прымхамі, забабонамі, якімі так багатыя жыхары гэтага кутка Беларусі".

Як адзначае брэсцкі гісторык і краязнаўца Павел Дайлід, першы нарыс Сержпутоўскага "Голас з глушы" быў надрукаваны ў "Минских губернских ведомостях" у 1891 годзе. Усяго ж у гэтай газеце даследчык апублікаваў звыш дваццаці артыкулаў, дзе паспрабаваў адлюстраваць адметнасць побыту і традыцый сялян. У 1904 годзе Сержпутоўскі скончыў Пецярбургскі археалагічны інстытут. А літаральна праз два гады вучоны двойчы выязджаў у Слуцкі (у які ўваходзіла і сучасная Ганцавіччына) і Мазырскі паветы. Вынікам стала праца "Беларусы-палешукі (этнаграфічны нарыс): пабудовы, заняткі і павер'і сялян паўночнай палавіны Мазырскага і паўднёвай часткі Слуцкага паветаў Мінскай губерні (38 чарцяжоў і малюнкаў)". Яна была прадстаўлена ў Рускі музей як дадатак да сабраных экспанатаў.

Вось як апісвае жыхароў Палесся Сержпутоўскі ў кнізе "Земледельческие орудия Белорусского Полесья": "Полешуки живут небольшими селениями, разбросанными на большом расстоянии одно от другого среди обширных лесов и огромных болот, в малодоступной, глухой местности, и живут, притом, очень изолированно. До самого последнего времени сюда слабо проникала городская культура, так что весь быт и уклад домашней и хозяйственной жизни сельского населения мало чем отличались от жизни его предков в XIV-XV столетии. Только с проведением полесских железных дорог и с осушением некоторых непроходимых топких болот этот глухой край постепенно начинает оживляться и утрачивать свои характерные черты".

Па даных Паўла Дайліда, не абышоў вучоны сваёй увагай і народную песню. У прыватнасці, захаваўся рукапіс яго зборніка "Беларускія песні". Апісваючы вёскі Агарэвічы, Шашкі, Круговічы, Чудзін, Дзяніскавічы, Гаўрыльчыцы, ён адначасова запісваў там прыказкі і прымаўкі, замовы і песні.

Цікавы і яшчэ адзін факт з біяграфіі даследчыка. Маюцца звесткі, што Аляксандр Казіміравіч сябраваў з Янкам Купалам, ведаў на памяць яго многія вершы. Хвалявала яго і творчасць Якуба Коласа. Сержпутоўскі адным з першых пачаў а д с т о й ваць неа б х о д н а с ц ь стварэння ў складзе этнаграф і ч н а г а а д д з е л а Рускага музея самастойнага беларускага аддзялення. Рашэнне пра яго адкрыццё было прынята 24 мая 1931 года. Аддзяленне займалася даследаваннем жыцця не толькі беларусаў, але і іншых народаў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, вучоны распрацаваў план экспедыцыі "Беларусы і БССР". У выніку гэтага ў 1931 - 1933 гадах пад аднайменнай назвай у Рускім музеі працавала выстаўка. У 1939 годзе Сержпутоўскі падбіраў беларускія экспанаты для прадстаўлення іх на міжнароднай этнаграфічнай выстаўцы, што праходзіла ў Ліверпулі. Пры гэтым большая частка з іх была знойдзена вучоным у час яго этнаграфічных экспедыцый па Беларусі.

Варта адзначыць яшчэ некалькі важных момантаў у біяграфіі вучонага. За зборнік беларускіх прыказак са слоўнікам, што быў падрыхтаваны да друку ў 1908 г., Сержпутоўскі атрымаў малы залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства. А ў 1919 г. падрыхтаваў да друку ўнікальнае па сваёй сутнасці выданне - "Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы", які, на жаль, не захаваўся.

Сёння рукапісная спадчына Сержпутоўскага захоўваецца ў Музеі этнаграфіі ў Санкт-Пецярбургу, Рускім музеі, Расійскай акадэміі навук, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"