Некурортны “раман” з турпатэнцыялам

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

У кантэксце Дзяржаўнай праграмы. Пра вынікі новай ідэі пад брэндам нарачанскай Рыўеры

/i/content/pi/cult/334/6123/pic_28.jpg"Вось не думаў, што ў нас, у Мядзеле, - столькі людзей", - здзіўлена вымавіў малады хлопец, трапіўшы на Свята рыбы ва ўласным горадзе. Абласное мерапрыемства, зладжанае мясцовымі ўладамі на возеры Мястра 23 ліпеня, сапраўды, пераконвала: калі захацець, то нашы гарады на азёрах могуць паспрачацца з вядомымі курортамі Еўропы. Галоўнае- жаданне, граматнае прыцягненне тых інвестыцый, вопыт і, вядома, густ.

 

"Вароты вуграмі завязвалі"

Здавалася б, ну якое дачыненне да "рыбных спаборніцтваў" можа мець культура? Гэтак, можа, спытаецца хтосьці са скептыкаў. Насамрэч, пры разумным стаўленні, спалучаючы культурны патэнцыял краю і яго прыродныя багацці, можна стварыць свята, дзе кожны здолее адчуць сябе далучаным да родных каранёў і захаплення летняй парой. Калі ласка: палавіць рыбу - для тых, хто захапляецца рыбалкай, паскакаць на батуце - натуральна, для малых, паслухаць канцэрт мастацкіх калектываў - для тых, хто ахвочы да спакойнага адпачынку, паглядзець на выкрутасы брэйк-дансараў - для моладзі, набыць творы народных майстроў - для аматараў "рукачынных" вырабаў... У праграме былі прадугледжаны і эстрадны канцэрт, і дыскатэка, і нават феерверк - і ўсё гэта злучалася "чырвонай ніткай" далучанасці да мядзельскай прыгажосці, да краю, дзе азёрнаму пейзажу так пасуюць белыя паруснікі і маленькія фігуркі на іх, бліскавіцы агнёў феерверка і меладычныя спевы. Арганізатары свята прадугледзелі шоу і тут: удзень для гледачоў выступалі выхаванцы мясцовай школы ДТСААФ, а таксама запрошаныя спартсмены-аквабайкеры з Мінска, увечары - над вадой зазіхацеў дождж феерверка... У гэты час Мядзел сапраўды ператварыўся ў курорт, з уласцівай яму атмасферай, калі час спыняе сваю хаду і можна адчуць водар азёрнай свежасці ў сваіх валасах...

- Калі мы задумвалі мерапрыемства, - распавядае начальнік аддзела культуры Мядзельскага райвыканкама Ганна Падгол, - мы адразу вырашылі зрабіць акцэнт на адметнасці нашага краю: у Мядзельскім раёне - больш за 50 азёраў, у кожнага другога жыхара рэгіёна рыбалка - асноўнае хобі... Раней у нашым краі, як кажуць, "вароты вуграмі завязвалі", і, вядома, паказаць гэтыя традыцыі, падкрэсліць іх - падалося рашэннем відавочным. А далей ужо мы імкнуліся пабудаваць праграму так, каб кожнаму на нашым свяце знайшоўся занятак па душы.

Мы запрасілі да ўдзелу калектывы з Мядзельшчыны, самадзейных майстроў і з суседніх раёнаў, - з Вілейскага, Валожынскага, Лагойскага Мінскай вобласці, з Астравецкага Гродзенскай і Пастаўскага Віцебскай, - каб прадставіць, з аднаго боку, разнастайную палітру артыстаў, рамеснікаў, а з іншага - далучыць іх да нашай ініцыятывы...

А што да прафесіяналаў- Георгія Калдуна і Сяргея Мінскага, як зазначыла начальнік аддзела культуры, "...мы вырашылі на нашым свяце зрабіць стаўку на мужчын - і не памыліліся". Асабліва ўразіла маю суразмоўцу выступленне Георгія Калдуна, якое прапаноўвала знаёмства з музычным матэрыялам, нетрадыцыйным для масавых святаў: гэта была рамантычная поп-музыка з пэўным рокавым ухілам, якая, між тым, прыйшлася мядзельцам даспадобы. І сапраўды, карэспандэнт "К" на ўласныя вочы бачыў, як адзін з каларытных мядзельцаў ахвотна сфатаграфаваў спевака на мабільны.

 

Свята рыбы стане Святам вады? /i/content/pi/cult/334/6123/pic_29.jpg

- Свята рыбы ладзілася ў межах Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011 - 2015 гады, зацверджанай Указам Прэзідэнта краіны, - намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама па сацыяльнай сферы Надзея Герновіч уводзіць у курс справы. - Гэта быў вынік сумеснай працы аддзела культуры райвыканкама, аддзела па справах моладзі, аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай працы... Дапамаглі нам і ДТСААФ, пажарныя службы, далучыўся Дэпартамент па меліярацыі і воднай гаспадарцы, гандаль... Прыемна, што першы наш "блін" атрымаўся не "камяком": бачна, людзям свята спадабалася...

 Але ўжо зараз яго арганізатары робяць высновы з мэтай далейшага ўдасканалення працы.

- Ёсць моманты, якія можна палепшыць, - канстатуе Надзея Герновіч.

У Дзяржаўную праграму развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011 - 2015 гады ўключана шмат пунктаў: гэта рэканструкцыя, мадэрнізацыя здраўніц, гасцініц ля возера Нарач, пабудова новых аб'ектаў сэрвісу, распрацоўка інвестыцыйных праектаў... У яе рамках прадугледжаны і абласныя мерапрыемствы кшталту Свята рыбы, якія садзейнічаюць комплекснаму росту турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.

На дасягненне названай мэты маюць быць накіраваны і прыватныя сродкі. Намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама па эканамічных пытаннях Леанід Берняковіч нядаўна пракаменціраваў карэспандэнту "К" дадзены факт наступным чынам:

- Яшчэ летась да нас звярнулася прыватная фірма з Масквы з просьбай выдаткаваць ёй участак пад будаўніцтва аздараўленчага комплексу на базе старадаўняй сядзібы ў вёсцы Альшэва. Гэтая сядзіба - помнік архітэктуры XVIII стагоддзя - на сённяшні дзень ужо перададзена на баланс названай фірмы. Усе пытанні, звязаныя з перадачай аб'екта, былі вырашаны ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, і расіяне атрымалі дазвол на аднаўленне сядзібнага дома. Ужо распачаты праектныя работы. Паводле папярэдніх разлікаў, інвестарамі будзе выдаткавана на аднаўленне шэсць - сем мільёнаў долараў ЗША. Яшчэ прыклад. Прыватнай фірмай у курортным пасёлку Нарач распрацоўваецца праект будаўніцтва выставачнага павільёна - накшталт мастацкай галерэі, - дзе будуць дэманстравацца карціны як выхадцаў з Мядзельшчыны, так і з іншых рэгіёнаў Беларусі.

- На сённяшні дзень у нашым аддзеле распрацавана больш за 30 турыстычных маршрутаў па Нарачанскім краі, - распавядае начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Антон Крыштафовіч. - А ў рамках Дзяржаўнай праграмы цяпер уводзіцца новы маршрут - "Архітэктура Нарачанскага краю", які ўключае ў сябе наведанне турыстамі касцёлаў і цэркваў у Нарачы, Свіры, Засвір'і, Мядзеле, Канстанцінаве... Зроблена глядзельная пляцоўка ў Мядзеле з відам на азёры Мястра, Нарач і Баторына. У наступным квартале плануем устанавіць стэнд з адпаведнай інфармацыяй, на якім абавязкова будзе размешчана і гісторыя Мядзела...

Спыняцца на дасягнутым спецыялісты не збіраюцца, і, як запэўнівае Антон Іосіфавіч, наперадзе - шмат новых распрацовак.

Што да будаўнічых работ, то непасрэдна ў Мядзеле летась быў рэалізаваны праект па рэканструкцыі гарадскога аўтавакзала. Цяпер завяршаецца будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Актыўна вядуцца работы па рэканструкцыі мясцовай гасцініцы.

Але вернемся да лёсу Свята рыбы. Цікавіць адно: ці атрымае надалей гэтая ініцыятыва трывалую "прапіску" ў Мядзеле?

Надзея Герновіч сцвярджае, што- так. "Але на будучы год мы, напэўна, зменім назву падзеі на больш агульную - Свята вады".

Пакуль жа, падводзячы вынік зладжанага мерапрыемства, прысвечанаму ўсё ж рыбе, не хочацца абмінуць увагай удзельнікаў "рыбнага спаборніцтва", сярод якіх былі, пацвярджаючы словы начальніка аддзела культуры Мядзельскага райвыканкама, " і стары, і малады".

- Мне не пашчасціла: нічога не злавіў,- прызнаўся адзін з удзельнікаў конкурсу рыбак Андрэй.- Рыбалка - гэта, ведаеце, такая справа: сёння - кароль, а заўтра - анічога. Але ведаю, што адзін хлопчык проста з берага 119 рыбін дастаў. Во як бывае!..

Максім Гурыновіч, якому споўнілася 12 гадоў, без перабольшвання, на свяце "паказаў клас" шматлікім вопытным рыбакам, насамрэч вылавіўшы такую колькасць акунькоў. Але яго апярэдзіў, як кажуць, "вопыт": сямідзесяціпяцігадовы Анатоль Каласоўскі з Мядзела выцягнуў на 13 рыбін больш за Максіма - у яго скарбонцы суддзі налічылі 132 экзэмпляры. Ды ўсё ж пераможцам стаў урачветэрынар Дзмітрый Станчык, таксама з райцэнтра: вага ягонага ўлову склала 9,4 кг! Ён атрымаў у якасці ўзнагароды надзіманую лодку.

 

Замест P.S.

Як кажа спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Вольга Чарняцова, прытым, што Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011 - 2015 гады не прадугледжвае ўкладанне ў яе сродкаў з боку Міністэрства культуры, правядзенне падобных арыгінальных святаў можна толькі вітаць. "Падобныя ініцыятывы - несумненны плюс, і мы будзем рады дапамагчы любымі метадычнымі матэрыяламі", - зазначыла яна.

Фота аўтара

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"