Адкуль дзірхамы на Бярэзіне?

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

Факты і версіі Брылёўскага скарбу

/i/content/pi/cult/332/6050/pic_32.jpgСотні тысяч людзей ва ўсім свеце аб'ядноўвае адно надзвычай цікавае хобі - нумізматыка. Яны калекцыянуюць манеты розных эпох і краін, адметныя па форме і метале, з якога выраблены. Але, вядома ж, найб о л ь шыя зборы маюць н а й п е р ш м у з е і , с я р о д якіх нельга не адзначыць і Нацыянальны гістарычны музей нашай краіны.

Як падкрэсліў дырэктар установы Сяргей Вечар, у яе фондах захоўваецца каля паўсотні самых разнастайных калекцый, у тым ліку манетных скарбаў, знойдзеных пад час археалагічных даследаванняў. Адзін з найбуйнейшых з іх - Брылёўскі, які ўключае 214 цэлых і 76 фрагментаваных манет ІХ стагоддзя. На жаль, гэтая ўнікальная калекцыя з аб'ектыўных прычын пакуль не экспануецца. Аднак дзякуючы падтрымцы генеральнага партнёра Нацыянальнага гістарычнага музея не так даўно збор усё ж трапіў да шырокай грамадскасці - праўда, пакуль у друкаваным варыянце.

Багата аздоблены каталог "Брылёўскі скарб", аўтарамі якога сталі айчынныя гісторыкі Валянцін Рабцэвіч, Мікалай Плавінскі і Алег Іоў, распачынае новую серыю выданняў пад агульнай назвай "Скарбы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь". Гэтую серыю мяркуецца прысвяціць знаёмству з найбольш каштоўнымі і цікавымі музейнымі калекцыямі і прадметамі, якія з'яўляюцца сапраўднымі здабыткамі айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны. І што самае галоўнае - такая праца дапаможа ўвесці ў агульнаграмадскі і навуковы зварот многія ўнікальныя музейныя калекцыі.

Па словах загадчыка навуковафондавага аддзела археалогіі, /i/content/pi/cult/332/6050/pic_33.jpgнумізматыкі і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея, кандыдата гістарычных навук Мікалая Плавінскага, выданне каталога разглядалася не толькі як падсумаванне даных пра цікавую калекцыю, але і як даніна памяці заснавальніку беларускай нумізматыкі Валянціну Рабцэвічу. Толькі дзякуючы яго намаганням гэты скарб у поўным аб'ёме трапіў у фонды музея і быў апісаны на высокім навуковым узроўні.

Што ж уяўляе з сябе дадзеная калекцыя? Як адзначаюць спецыялісты, Брылёўскі скарб, які паступіў у музейныя фонды ў 2003 годзе, - адзін з найбольш адметных нумізматычных комплексаў Ранняга Сярэднявечча на тэрыторыі Беларусі. Ён складаецца з сярэбраных арабскіх манет - дзірхамаў, - фрагментаў шыйнай грыўні, франкскага мяча і набору гірак для ўзважвання срэбра. У скарбе, як у своеасаблівым фатаграфічным адбітку, адлюстроўваюцца падзеі, што адбываліся на нашых землях у канцы ІХ - пачатку ХІ стагоддзя. У прыватнасці, можна прасачыць за фарміраваннем гандлёвых шляхоў, якія злучылі між сабой першыя айчынныя і замежныя гарады. Прысутнасць у складзе скарбу арабскіх манет і франкскага мяча паказвае, наколькі шырокімі былі гандлёвыя зносіны нашых продкаў ужо ў тыя далёкія часы.

Цікавай падаецца і знаходка самога скарбу. Брылёўскае поле, дзе былі знойдзены каштоўнасці, знаходзіцца каля вёскі Брылі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. У 1812 г. на гэтым месцы адбылася бітва паміж французскімі войскамі, што адступалі з Масквы, і расійскімі часткамі, якія імкнуліся перашкодзіць праціўніку пераправіцца праз раку Бярэзіну. У баях з абодвух бакоў загінула каля 30 тысяч чалавек, з прычыны чаго поле стала месцам "паломніцтва" розных ваенна-гістарычных клубаў і аматараў ваеннай гісторыі.

Як адзначаецца ў каталозе, вясной 2000 г. у пошуках дэталей вайсковага рыштунку і ўзбраення сябра ваенна-гістарычнага клуба "Мінскі пяхотны полк" і, адначасова, мастак-рэстаўратар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Захараў у пойме ракі выявіў фрагменты мяча, моцна пашкоджанага кар о з і я й . Мяркуючы, што да яго ў рукі трапілі дрэнна захаваныя матэрыялы 1812 года, ён першапачаткова не надаў ім асаблівай увагі, але, калі высветлілася, што знаходка мае значна большы ўзрост, прадоўжыў раскопкі і ў выніку знайшоў сотні каштоўных артэфактаў. Асобныя прадметы ў гэтай жа мясцовасці былі пазней выяўлены Валянцінам Рабцэвічам і Алегам Іовым.

/i/content/pi/cult/332/6050/pic_34.jpgНа падставе аналізу манетнай часткі В.Рабцэвічам было вызначана, што найстарэйшая манета адчаканена ў 125 г. мусульманскага летазлічэння, што адпавядае 742 ці 743 году нашай эры, а найноўшая, адпаведна, - 890 ці 891 году. Такім чынам, гэта дазваляе датаваць скарб 890 - 892 гг.

У той жа час, паводле адной з версій, знойдзеная калекцыя з'яўляецца зусім не скарбам, а страчанымі пры драматычных абставінах каштоўнасцямі. Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, якая ў выніку ўзброенай сутычкі, што адбылася ў плыткім месцы (на караблі ці каля яго), паранены ваяр упаў у ваду, пры гэтым упусціўшы з рук меч і згубіўшы свае грошы. Аднак, на думку аўтараў выдання, больш праўдападобнай падаецца іншая версія. Мяркуючы па тым, што клінок мяча быў мэтанакіравана сагнуты не менш як у двух месцах, над ім ажыццяўляліся пэўныя рытуальныя дзеянні. Верагодна, перад хаваннем скарбу над зброяй быў праведзены нейкі рытуал па яе псаванні. Зыходзячы з гэтага, найбольш верагоднай з'яўляецца інтэрпрэтацыя Брылёўскага скарбу як своеасаблівага паднашэння багам з мэтай забяспечыць поспех будучых ваенных і гандлёвых мерапрыемстваў уладальніка гэтага багацця.

Найбольш цікавай знаходкай з'яўляецца меч. Нягледзячы на вельмі дрэнную захаванасць (у выніку карозіі меч распаўся на 10 фрагментаў рознага памеру), даследчыкі вызначылі яго асноўныя асаблівасці. У прыватнасці, меч мае прамую крыжавіну і двухсастаўнае навершша з прамой асновай і трохвугольнай галоўкай. На крыжавіне і навершшы часткова захаваліся вертыкальныя барозны пад інкрустацыю. Да таго ж, месцамі захавалася і сама інкрустацыя - размешчаныя ў шахматным парадку палі.

Паводле даных аўтараў выдання, меч належыць да тыпу Н паводле тыпалогіі нарвежскага археолага Яна Петэрсана. Такая зброя была шырока распаўсюджана ў Еўропе, дзе сёння выяўлена каля 600 падобных экзэмпляраў. Пры гэтым на тэрыторыі Старажытнай Русі ўжо знойдзена 27 аналагічных рэчаў, якія датуюцца канцом IX - пачаткам XI стагоддзя. На думку даследчыкаў, выяўлены на Бярэзіне меч быў выраблены ў франкскіх майстэрнях на Сярэднім Рэйне, пра што сведчыць характэрны біметалічны лінейна-геаметрычны арнамент.

Не менш каштоўная і манетная частка Брылёўскага скарбу. У прыватнасці, знойдзеныя манеты прадстаўлены дзвюма халіфскімі дынастыямі і трыма эмірскімі родамі, 14 халіфамі і 3 эмірамі, 26 гарадамі Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу, Ірана, Афганістана, Закаўказзя і Цэнтральнай (Сярэдняй) Азіі, перайманнямі куфічных дзірхамаў і манетнымі кружкамі без прыкмет штэмпельных адбіткаў.

Такім чынам, увесь Брылёўскі грашова-рэчавы комплекс складаецца з 290 дзірхамаў і іх фрагментаў, 10 гірак-разнавагаў, часткі шыйнай грыўні і мяча, які захаваўся ў 10 фрагментах. У сакавіку 2003 года скарб быў перададзены на пастаяннае захоўванне ў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. І, як падкрэсліў Сяргей Вечар, у поўным аб'ёме скарб будзе прадстаўлены грамадскасці літаральна праз некалькі месяцаў - ужо ў новым будынку музея.

На здымках: рэшткі мяча, абасіды, бранзалеты з Брылёўскага скарбу.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"