І пасавая гарнітура

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Адкрыцці за дваццацігоддзе

/i/content/pi/cult/329/6003/1-1.jpg За апошнія два дзесяцігоддзі айчыннымі археолагамі пад час планавых і так званых выратавальных раскопак былі знойдзены дзясяткі тысяч артэфактаў - ад невялікіх кавалачкаў старадаўняй керамікі да ўнікальных узораў старажытнага мастацтва. У выніку плённай працы беларускіх гісторыкаў зніклі многія "белыя плямы" нашай мінуўшчыны. Больш за тое: знойдзеныя ў час археалагічных даследаванняў прадметы сталі тымі ключамі, што змаглі адкрыць новыя, раней практычна невядомыя старонкі айчыннай гісторыі. "К" вырашыла прыгадаць найбольш сенсацыйныя знаходкі і надзвычай важныя для спазнання нашай спадчыны навуковыя адкрыцці. 

Для большасці людзей такія археалагічныя культуры, як лінгбі, свідэрская, валкушанская, кудлаеўская, тшцінецкая, лужыцкая, пшэворская і вельбарская, лукірайкавецкая, пражская, практычна нічога не кажуць. У той жа час, яны адлюстроўваюць тысячы гадоў развіцця старажытнага грамадства на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Знайсці іх у адным месцы - вялікая рэдкасць і ўдача для археолага. А таму можна толькі ўявіць, якую радасць прынеслі раскопкі ў краі некранутай прыроды - Белавежскай пушчы. Як адзначыў загадчык аддзела археалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза, пачынаючы з першых даследаванняў у 2007 годзе былі выяўлены артэфакты, што адлюстроўваюць перыяд засялення першымі людзьмі Белавежскай пушчы і яе навакольнай тэрыторыі ў эпоху позняга палеаліту, а таксама побыт першабытнага грамадства ў час мезаліту, неаліту, бронзавага веку, эпох жалеза і Сярэднявечча. Дзякуючы аналізу знойдзеных артэфактаў стала вядома, што рэкі, якія працякаюць праз Нацыянальны парк, у свой час сталіся воднымі шляхамі, дзе адбывалася пашырэнне размяшчэння індаеўрапейцаў.

Адзначаючы маштабнасць гэтых даследаванняў, варта згадаць, што толькі за першы год работ у Белавежскай пушчы было знойдзена некалькі тысяч артэфактаў, у тым ліку каменныя свідраваныя сякеры, фібулы і характэрныя для розных эпох наканечнікі стрэл. У выніку быў створаны адмысловы рэестр археалагічных помнікаў, што ўключае звыш 50 аб'ектаў і мае велізарны турыстычны патэнцыял./i/content/pi/cult/329/6003/1-3.jpg

Шмат адкрыццяў прынеслі даследаванні грамадства першабытнага ладу і ў іншых рэгіёнах краіны. Толькі ў раёне будаўніцтва ГЭС - каля Гродна - адкрыта больш за 30 паселішчаў нашых старажытных продкаў каменнага, жалезнага вякоў і Сярэднявечча.

Не менш значнымі з'яўляюцца і раскопкі ў старадаўнім Полацку, якія ажыццяўляюцца далёка не першы год у межах адпаведнай дзяржаўнай праграмы. Не дзіва, што бадай кожны археалагічны сезон прыносіць новыя адкрыцці. Як падкрэсліў Марат Клімаў, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у выніку за апошнія некалькі гадоў пад час раскопак былі знойдзены разнастайныя каштоўныя артэфакты, некаторыя - упершыню ў археалогіі краіны, у прыватнасці, пярсцёнак ХІІ стагоддзя з выявай крыжа, крыж-энкалпіён, пасавыя гарнітуры, характэрныя для прыбалтыйскіх плямёнаў.

Але што самае важнае - артэфакты даюць каштоўную інфармацыю пра полацкіх князёў, якія кіравалі горадам да знакамітага Рагвалода, бо і да яго прыезду Полацк імкліва развіваўся, аб чым сведчаць знойдзеныя ў апошнія дзесяцігоддзі разнастайныя вырабы матэрыяльнай культуры і ўпрыгожанні.

 Сталі сапраўдным навуковым адкрыццём і раскопкі ля вёскі Лучна, што пад Полацкам, дзе быў выяўлены ўнікальны аб'ект - прыстань "узростам" у пяць стагоддзяў. У даследаваннях, якія праводзіліся пачынаючы з 1998 г., акрамя насыпу была знойдзена і дарога да прыстані, а таксама такія артэфакты культуры, як шахматная фігура ды бронзавыя кніжныя зашпількі.

Не менш цікавыя старонкі айчыннай гісторыі звязаны са знаходжаннем на нашай зямлі вікінгаў. За апошнія дзесяцігоддзі на Беларусі былі знойдзены сляды іх сталага пражывання, у тым ліку рэшткі старажытнага паселішча вікінгаў. У час раскопак выяўлены і элементы зброі і прадметы побыту, якія сведчаць пра тое, што знаходжанне вікінгаў на тэрыторыі Беларусі было не "транзітным", а пастаянным. Сярод самых значных знаходак- зліткі каляровых металаў, сярэбраны наканечнік ножан мяча, а таксама такі "сенсацыйны" артэфакт, як накладка на дружынны пояс вікінга Х- пачатку XІ стст., што была выяўлена пры правядзенні археалагічных даследаванняў Оршы на месцы, дзе праходзіў шлях "з варагаў у грэкі"./i/content/pi/cult/329/6003/1-2.jpg

Спрэчкі пра дату ўзнікнення вядуцца ў навуковых колах не толькі адносна Полацка, але і іншых старадаўніх беларускіх гарадоў, у першую чаргу - Мінска. Прыадкрыць заслону таямніцы зноў-такі спрабуюць археолагі. Як адзначыў загадчык аддзела сярэднявечнай археалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Мядзведзеў, штогод у цэнтры Мінска вядуцца раскопкі на плошчы прыкладна 500 квадратных метраў. Па словах Аляксандра Мядзведзева, з-за таго, што Мінскае замчышча мела найперш абарончае значэнне, знаходак выявілася не вельмі многа. Тым не менш, дзякуючы асобным артэфактам з'явілася меркаванне: непадалёк ад колішняга храма размяшчаўся палац князя, а таксама стайня, пра што сведчаць знаходкі рыштунку вершнікаў. Яшчэ адной незвычайнай і досыць нечаканай знаходкай стала "ноу-хау" ХІІ ст., пра якое ўжо паведамляла "К": аналаг сучаснай каналізацыі - драўляная прылада, што збірала лішкі вады.

 І калі пра старажытнае паходжанне Мінска ведаюць ці не ва ўсім свеце, то пра існаванне такога беларускага горада, як Казімір, што размяшчаўся каля Бярэзіны на дарозе паміж Бабруйскам і Рэчыцай, да 2001 года ніхто нават і не здагадваўся. У выніку аналізу архіўных матэрыялаў і археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Светлагорскага раёна доктарам гістарычных навук Сяргеем Рассадзіным з дапамогай мясцовых аматараў даўніны былі выяўлены рэшткі горада, які меў мясцовае самакіраванне, развітую прамысловасць і гандаль. На жаль, ён праіснаваў усяго некалькі дзесяцігоддзяў у ХVІІ стагоддзі, але пры гэтым меў царкву, ратушу і іншыя, неабходныя для паўнавартаснага жыцця горада, будынкі.

Відавочна, такія значныя адкрыцці, як знаходкі старажытных паселішчаў і гарадоў, унікальных артэфактаў нашай старадаўняй культуры абавязкова паспрыяюць новым пошукам.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"