Графіка і “Белавежа”

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Па ініцыятыве Пасольства нашай краіны і Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы і пры падтрымцы таварыства “Польшча — Беларусь” у залах Музея кінематаграфіі ў Лодзі на пачатку чэрвеня адкрылася выстаўка графічных работ беларускага мастака Сяргея Стэльмашонка, якая дагэтуль экспанавалася ў Варшаве і Беластоку.

Як адзначыў пад час адкрыцця выстаўкі дырэктар Музея кінематаграфіі Мечыслаў Кузміцкі, праект стаў працягам плённага супрацоўніцтва з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Польшчы. У сваю чаргу, дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы Аляксандр Карачун адзначыў шматгранны талент і надзвычайную працавітасць мастака.

Усяго ж у экспазіцыі прадстаўлена 40 работ майстра, у тым ліку графічныя выявы музыканта Чэслава Нэмэна, гурта "Бітлз" ды іншых зорак, адлюстраваных у выглядзе... катоў.

Папулярызуецца беларуская культура і на іншым паўшар'і планеты. У прыватнасці, у Цэнтры беларускай культуры імя Кастуся Каліноўскага ў аргенцінскай правінцыі Буэнас-Айрэс адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да гадавіны заснавання Цэнтра. Як паведамілі ў прэсслужбе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Аргенцінскай Рэспубліцы, у канцэртнай праграме прыняў удзел вакальна-інструментальны ансамбль "Белавежа", што працуе пры Цэнтры. Ад імя нашага Пасольства Цэнтру былі ўручаны адметныя падарункі, у тым ліку два беларускія нацыянальныя касцюмы.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"