Тытанічная праца

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Не хто іншы як рэстаўратар мусіць мець вялікую адказнасць у справе вяртання ўнікальных твораў, узораў айчыннага мастацтва шырокай грамадскасці. Чарговы раз пераканацца ў гэтым дазволіла выстаўка “Адкрыццё святой прыгажосці. Новае жыццё старажытных абразоў” у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

/i/content/pi/cult/321/5742/14-3.jpgЯе наведаў напрыканцы мінулага, Велікоднага, тыдня Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У час візіту адбыліся прэзентацыя і гашэнне маркі да 850годдзя з часу стварэння ювелірам Лазарам Богшам славутага Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай.

 Мітрапаліт Філарэт высока ацаніў работу рэстаўратараў, падкрэсліўшы, што іх тытанічная праца па складанасці часам пераўзыходзіць само напісанне іконы. Уладыка адзначыў, што прадстаўленыя ў межах выстаўкі абразы валодаюць не толькі духоўнай, але і гістарычнай, культурнай каштоўнасцю для беларускага народа. Таму невыпадковым стала і ўзнагароджанне ганаровымі граматамі Беларускай Праваслаўнай Царквы рэстаўратараў, якія прымалі ўдзел у вяртанні з нябыту каштоўных твораў жывапісу XVII - XIX стагоддзяў.

Па словах Патрыяршага Экзарха, прадстаўленыя іконы з'яўляюцца нашым усенародным набыткам, а іх захаванне - нашай агульнай справай.

На здымку: Уладыка Філарэт з дырэктарам музея Уладзімірам Пракапцовым (другі справа) і кіраўніком групы рэстаўратараў Аркадзем Шпунтам.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"