200 га для “горада-музея”

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Гродна ў ракурсе Аляксандра Ласмінскага

/i/content/pi/cult/320/5696/pic_14.jpgПрызнаюся шчыра: першапачаткова мая сустрэча з Аляксандрам Іосіфавічам ЛАСМІНСКІМ была запланавана як гутарка з дэпутатам, захопленым захаваннем спадчыны Гродна, старшынёй камісіі Гродзенскага гарсавета дэпутатаў па культуры, адукацыі і справах моладзі, якая выступіла колькі гадоў таму з ініцыятывай надання слыннаму "гораду каралёў" юрыдычнага статуса "горад-музей". Дазнацца пра лёс той прапановы, якая сёння як ніколі на слыху, і ўваходзіла ў мае планы, пакуль у тэлефоннай слухаўцы не пачула: "Выбачайце, зараз размаўляць не магу: я на цырымоніі ўручэння ўрадавай ўзнагароды". Некалькі бліц-пытанняў адкрылі: амаль у той самы момант, калі я "прабівалася" да Аляксандра Ласмінскага, ён атрымліваў медаль Францыска Скарыны з рук прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. Падзея ўнесла карэкціроўку ў запланаваны ход інтэрв'ю. 

- Як мне сказалі, узнагароду я атрымаў "за ўсё" здзейсненае апошнім часам, - праз гадзіну пасля ўрачыстай цырымоніі гутарым з Аляксандрам Іосіфавічам, які ў Мінск завітаў, як кажуць, "па справе". - Вядома, навіна аб узнагароджанні была нечаканай, але, што і казаць, вельмі прыемнай.

Аляксандр Ласмінскі, як неаднойчы пісалі журналісты, - "чалавек-аркестр". Тэлевізійшчыкі яго ведаюць па ўкладзе ў развіццё беларускага тэлебачання, а сёння - як дырэктара тэлерадыёвяшчальнага канала "Гродна Плюс", заснаванага Гродзенскім гарвыканкамам. Газетчыкі памятаюць яго нататкі ў колішняй, яшчэ эсэсэраўскай, "Камсамолцы". Кола фатографаў паважае Ласмінскага як майстра, аўтара шматлікіх альбомаў і выставак пра родны край, кіраўніка Народнага фотаклуба "Гродна". Дарэчы, у апошнія дні сакавіка ў Маскве ён стаў лаўрэатам І Міжнароднага журналісцкага конкурсу "Лепшы ў прафесіі " сярод удзельнікаў з 15 краін СНД у намінацыі "Фатаграфія" зноў жа за серыю "Мая гродзенская зямля". Ягоны аўтарытэт дэпутата і краязнаўцы таксама прызнаны не толькі ў межах Гродна: Аляксандр Ласмінскі з'яўляецца адным з распрацоўшчыкаў гарадской праграмы "Спадчына".

- Як я ўспрымаю ўзнагароды? У першую чаргу - як пацвярджэнне таго, што плён маіх спраў мае ацэнку "плюс"...

Наведванне Аляксандрам Ласмінскім Мінска не абмежавалася адно атрыманнем пачэснай адзнакі - і карэспандэнту "К" было прапанавана скласці кампанію ў дзелавым шпацыры.

- Віншуем! - шчыра вітаюць Аляксандра Іосіфавіча ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь за некалькі дзён да Дня работнікаў радыё і тэлебачання.

Начальнік упраўлення электронных СМІ Уладзімір Ядранцаў тут жа ахвотна распавядае пра ўнікальнасць канала:

- Калі мы праводзілі калегію па развіцці рэгіянальнага тэлерадыёвяшчання ў Салігорску, быў адзначаны высокі ўзровень гродзенскага тэлеканала. За кароткі тэрмін - тры гады - ён сабраў выдатную базу, што, адзначым, здараецца рэдка ў рэгіёнах. Па-другое, там працуе цудоўная творчая каманада. Мы ўпэўнены, што з часам гродзенцы створаць канкурэнцыю не толькі абласному тэлебачанню, але і цэнтральнаму. І гэты поспех, безумоўна, абумоўлены талентам яго кіраўніка... "Гродна Плюс", зазначым, заяўлены ў дзвюх намінацыях "Тэлевяршыні", але раскрыць падрабязнасці пакуль не можам. Дарэчы, аднаго "дзіцяці" мала: Міністэрства інфармацыі зарэгістравала "Радыё Гродна Плюс". "Народзіны" чакаюцца восенню...

 

Парадоксы прафесійнага ТБ /i/content/pi/cult/320/5696/pic_15.jpg

Наступны "прыпынак" у "прафесійным праменадзе"- гэта выдавецтва "Беларусь". Там рыхтуецца да выпуску вялікая кніга Аляксандра Ласмінскага - "Гродзенская зямля з вышыні птушынага палёту". Менавіта тут, пад час прагляду яскравых фатаграфій, зробленых з верталёта, быццам бы абстрагаваўшыся ад надзённых турбот, мне ўдаецца пагутарыць з няўрымслівым журналістам, фатографам і грамадскім дзеячам.

- Аляксандр Іосіфавіч, калі вы вырашылі адкрыць "Гродна плюс", задачу стварыць якое тэлебачанне вы перад сабой паставілі?

- Як чалавек, які шмат гадоў аддаў тэлебачанню, я ўяўляў сабе толькі прафесійны тэлеканал. А такі канал, натуральна, патрабуе шматлікіх выдаткаў. Тым не менш, удалося сабраць унікальную сучасную тэхнічную базу. Вам трэба ўсё ўбачыць сваімі вачыма. Далей, канал - гэта, безумоўна, добры калектыў. І я лічу, што ў гэтым сэнсе ў нас усё склалася выдатна. Калі мы зрабілі аб'яву аб будучым тэлебачанні, да нас на кастынг прыйшло больш за сто чалавек! І, прызнаюся шчыра, у выніку ўзялі тых людзей, якія раней не мелі дачынення да тэлебачання, вядома, акрамя некалькіх асноўных супрацоўнікаў. Вось такі парадокс атрымаўся: прафесійнае тэлебачанне, якое стваралася збольшага з рупліўцаў і энтузіястаў.

- І якім крытэрыем вы кіраваліся пад час адбору?

- Напэўна, шостым пачуццём. Калі казаць больш празаічна, я абапіраўся на свой вопыт. Менавіта ён навучыў мяне разбірацца ў людзях. І можна сказаць, што ў гэтым адчуванні людзей я ніколі не памыляўся. Вядома, усе нашы новыя супрацоўнікі прайшлі базавы курс падрыхтоўкі. Мы навучылі людзей. І ў выніку атрымалася яскравая і таленавітая каманда. Так, у кожнага свой характар, але разам яны - калектыў, праца якога стварае адметнасць і непаўторнасць нашага тэлебачання. Штодзень у нас працуе тры здымачныя групы на навінах. Яны "выходзяць" на пяць-шэсць сюжэтаў у вячэрніх выпусках. "Гродна Плюс" - гэта таксама адзінае тэлебачанне ў горадзе, якое робіць прамую трансляцыю ўсіх масавых святаў. Таксама мы маем 25 цыклаў перадач, у распрацоўцы - яшчэ некалькі. Такім чынам, можаце бачыць, якія задачы мы сабе ставім і імкнёмся іх выконваць.

 

/i/content/pi/cult/320/5696/pic_16.jpgДэталь да партрэта гродзенцаў

- Новы канал можна было зрабіць выключна забаўляльным, але вы пайшлі іншым шляхам...

- Так, у першую чаргу, мы імкнуліся да таго, каб гродзенцы атрымлівалі самыя свежыя навіны. Да ўсяго - абвязкова, - культурна-асветніцкія праграмы, бо гродзенцы цікавяцца сваёй гісторыяй, культурай. Без падобных цыклаў мы не ўяўлялі сваё тэлебачанне. Ведаеце, якую асаблівасць мае выява немаўляткі на іконе Каложскай Божай Маці? Дзіця трымае пад пахай кнігу. Мне здаецца, гэтая дэталь як ніякая іншая характарызуе гродзенцаў. Дарэчы, гэтая ўнікальная гродзенская святыня была страчана на пачатку ХХ стагоддзя. Мы ўжо цягам шасці гадоў актыўна займаемся яе пошукам. След іконы абрываецца ў Расіі перад Вялікай Айчыннай вайной. Звесткі, якія мне даводзіцца здабываць усімі праўдамі і няпраўдамі, сведчаць пра тое, што святыню ведаюць. Гэта дае надзею на тое, што аднойчы яна вернецца ў Гродна...

 

Колькі ў Гродна гісторыі?

- Набыццё Гроднам статуса "горада-музея". Ініцыятыва, "рухавіком" якой вы з'яўляецеся, сёння разглядаецца дэпутатамі Парламента. Як хутка, на вашу думку, гэты тэрмін атрымае юрыдычную сілу?

- Усё ж такі гэта тая справа, што патрабуе ўважлівага разгляду і дакладнага прапісвання дэталей, але, безумоўна, дадзеная ініцыятыва - адна з найважнейшых для лёсу горада. Мы маем 200 га гістарычнай забудовы ў цэнтры - і гэта ўнікальны рознастылёвы архітэктурны фонд, чым можа пахваліцца не кожны мегаполіс. Фонд, які патрабуе інвестыцый і клапатлівага да сябе стаўлення. Музеефікацыя горада дазволіць, з аднаго боку, пакінуць нашчадкам нашу спадчыну ў належным выглядзе, з іншага - будзе спрыяць прамоцыі Гродна, а гэта значыць, праз развіццё турызму дазволіць атрымаць сродкі ў бюджэт.

- Найменне "горад-музей" прадугледжвае пэўны комплекс старых пабудоў, якімі славіцца Гродна, шэраг музеяў. Што да апошніх, дзе вы плануеце іх размясціць?

- Вядома, у нашым гістарычным цэнтры. Сёння фасады будынкаў цэнтральнай Савецкай вуліцы, адной з самых вядомых у горадзе, адноўлены па чарцяжах ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя. Але ў дворыках гістарычнага цэнтра знаходзяцца дамы, якія, пры ўсёй сваёй культурнай каштоўнасці, мала прыдатныя для жылля. Цяпер горад прыняў рашэнне паступова адсяляць людзей адтуль, прадастаўляючы новае жыллё, і нават не на ўскраіне горада. У той жа самы час, гэтыя цудоўныя камянічкі з'яўляюцца выдатным месцам для маленькіх музеяў. Можам узгадаць прыклады падобных устаноў у нашых суседзяў: у тым жа Шаўляі ў Літве ёсць музеі тэлевізараў, веласіпедаў, фатаграфіі... Мяркую, спіс можна доўжыць. У фондах жа нашага Гісторыка-археалагічнага музея знаходзіцца шмат унікальных прадметаў, калекцый, якія чакаюць сваёй экспазіцыі. Тая ж калекцыя манет налічвае 20 000 экзэмпляраў. Манеты розных народаў, і тыя, якія чаканіліся на нашай зямлі, золата, срэбра, скарбы- усё гэта ляжыць у скрынях, якія адкрываюцца толькі пад час інвентарызацыі. Чаму ж не скарыстацца спадчынай? На аснове калекцыі манет можна стварыць цудоўны Музей нумізматыкі. У ім жа або побач магла б быць зала для сучасных калекцыянераў манет. І тут жа - філіял, да прыкладу, Нацыянальнага банка, дзе будуць прадавацца памятныя сучасныя манеты. Вось вам адзін прыклад музейнага комплексу. Далей, у наступным падворку,- Музей філатэліі. У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі ёсць і найцікавая калекцыя марак, пачынаючы з першай расійскай і гэтак далей. Таксама магчыма атачыць яе сучаснымі крамамі, дзе прадаваліся б філатэлістычныя вырабы - ці не яшчэ адзін музейны комплекс? Музей старадаўняга побыту, Музей фатаграфіі, Музей паштовай сувязі - мяркую, што і гэтыя ўстановы, як і Пажарна-тэхнічны музей, нядаўна створаны паводле той самай праграмы "Спадчына", карысталіся б попытам у турыстаў... А калі матэрыял спалучыцца з прапановамі кавярняў, якія размесцяцца ў старажытных сутарэннях, - ці ж гэта не ідэальнае месца для адпачынку?

- Справа, як разумею, у часе?

- Паўтаруся: хоць наша канцэпцыя амаль складзена, спяшацца не трэба. Днямі ў нас прайшла міжнародная канферэнцыя, прысвечаная паняццю "горад-брэнд". Як стварыць брэнд горада? Як яго прасоўваць? Досвед, якім падзяліліся спецыялісты, для нас вельмі карысны і, як кажуць, быў атрыманы своечасова. І ў гэтым сэнсе наша канцэпцыя яшчэ мае магчымасці для ўдасканалення. Ведаеце, я сапраўды лічу, што лепш за гродзенскую зямлю - няма. Вось мы зараз з вамі размаўляем і паралельна разглядаем фатаграфіі гродзенскага краю. Ці вы можаце паспрачацца з маім меркаваннем?..

 

P.S. Кульмінацыяй інтэрв'ю стаў здымак суразмоўцы ў адной з мінскіх кнігарняў. Усіх пятнаццаць яго кніг у краме не знайшлося, але з тымі выданнямі, што былі ў продажы, фотамастак і папазіраваў.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"