Фармат “Тэлевяршыні”

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Фінал VII Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу “Тэлевяршыня”, які планаваўся на 15 красавіка, у сувязі з трагічнымі падзеямі ў Мінску перанесены на 17 мая.

Як паведаміла карэспандэнту "К" прэссакратар тэлеканала АНТ Таццяна Курбат, перанос даты правядзення фінальнай цырымоніі ўзнагароджання не паўплывае на якасць будучага шоу. "Весці фінал будуць сем пар вядучых, - увяла ў падрабязнасці дзеі Таццяна Курбат,- і ўпершыню ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання будзе пачынацца з дэфіле тэлевізійных зорак па "чырвонай дарожцы".

Што да непасрэдна плёну дзейнасці беларускіх тэлевізійшчыкаў, то сёлета на ўдзел у вядомым конкурсе было пададзена 228 заяў ад 47 тэлерадыёарганізацый. У фінал прайшлі 84. Па словах Таццяны Курбат, найвялікшую інтрыгу ў вызначэнні лепшых трымаюць намінацыі "Лепшая музычна-забаўляльная праграма", "Лепшы тэлевізійны дакументальны фільм", "Лепшы рэпарцёр", "Лепшы тэлевізійны прадзюсар". "Апошняя намінацыя, - удакладняе прэс-сакратар АНТ,- была ўведзена ў конкурс толькі летась, але яна ўсё больш "набірае абароты" з-за актуальнасці і запатрабаванасці гэтай прафесіі.

Не абыдзецца сёлетняе шоу і без намінацыі "Прыз глядацкіх сімпатый". Кожны тэлеканал вылучыў па два прэтэндэнты. За іх прагаласуе глядач.

А кульмінацыяй імпрэзы, натуральна, мусіць стаць выбар уладальніка Гран-пры- прызнанне "Лепшага тэлевізійнага праекта года". Пройдзе ж фінал "Тэлевяршыні" ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"