Прызма хараства

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Ці не самая цікавая для грамадскасці гісторыя — гэта гісторыя сусветнага мастацтва. Невыпадкова толькі за апошняе дзесяцігоддзе ў свеце выйшлі з друку дзясяткі выданняў з даследаваннямі працэсаў і тэндэнцый развіцця жывапісу, архітэктуры, выяўленчага мастацтва ад першабытных часоў да сённяшняга дня.

Дырэктар Музея гісторыі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыс Лазука прадставіў першыя два тамы фундаментальнага выдання "Гісторыя сусветнага мастацтва".

Кнігі ўнікальныя тым, што сусветная і айчынная культура разглядаюцца ўзаемазвязана, як сукупнасць гістарычна абумоўленых з'яў і працэсаў. Тым больш, што, як падкрэсліў сам аўтар, айчынная архітэктура, жывапіс, скульптура займаюць годнае месца ў сусветнай культуры, і не адлюстраваць іх было б недаравальна.

Намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак адзначыў, што кніга, створаная сіламі Барыса Лазукі і калектыву выдавецтва "Беларусь", - гэта сапраўдны шэдэўр кніжнай культуры. А таму дзяржава не можа не дапамагаць у выданні фундаментальных даследаванняў, якія дазваляюць ганарыцца сваёй культурай. "Нягледзячы на вялікія выдаткі, такія кнігі будуць выпускацца і надалей", - падкрэсліў Ігар Лапцёнак.

Па словах дырэктара Інстытута, членакарэспандэнта НАН Беларусі Аляксандра Лакоткі, кожны народ мусіць мець сваю вялікую энцыклапедыю, грунтоўныя выданні. А таму праца Барыса Лазукі чарговы раз засведчыла, што айчынныя даследчыкі маюць свой пункт гледжання на падзеі, у тым ліку гісторыю мастацтва.

Да таго ж, сімвалічна, што гэтыя кнігі выйшлі з друку напярэдадні 90-годдзя выдавецтва "Беларусь". Па словах выконваючай абавязкі дырэктара Валянціны Пінчук, сёлета плануецца выпусціць у свет і апошні, трэці, том "Гісторыі сусветнага мастацтва", які закранае адметнасці культуры ХХ-га і пачатку ХХІ стагоддзя.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"