Спадарожнік для спадарожніка

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Як убачыць старадаўні замак з арбіты і на суперкамп’ютары?

/i/content/pi/cult/317/5584/6-1.jpg

Незвычайную спадарожнікавую талерку даволі вялікіх памераў, якая, да таго ж, цягам усяго дня змяняе сваю пазіцыю, сочачы за касмічнымі таямніцамі, можна з лёгкасцю заўважыць непадалёк ад скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава ў Мінску. Але далёка не кожны ведае, якое яе прызначэнне.

Напярэдадні Дня касманаўтыкі карэспандэнты "К" наведалі аб'ект, які размяшчаецца ў Аб'яднаным інстытуце праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ды паспрабавалі высветліць "касмічныя амбіцыі" айчынных вучоных. Тым больш, згодна з зацверджанай Нацыянальнай касмічнай праграмай на 2008 - 2012 гады, запланавана распрацоўка касмічных апаратаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і перспектыўных тэхналогій касмічнай тэхнікі. Мае быць створана наземная інфраструктура для прыёму, апрацоўкі, распаўсюджвання касмічнай інфармацыі і кіравання касмічнымі апаратамі.

Як аказалася, гэтая "талерка" сёння выкарыстоўваецца для прыёму інфармацыі ад спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. І, як адзначыў генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Тузікаў, менавіта яна будзе прымаць інфармацыю ад беларускага касмічнага апарата, які ў хуткім часе плануецца вывесці на арбіту.

У чым жа сутнасць нацыянальнай касмічнай праграмы, прынятай у 2008 годзе? З гэтым пытаннем мы і звярнуліся да прафесара, кандыдата фізіка-матэматычных навук Аляксандра Тузікава.

- Толькі на першы погляд, - адзначыў спецыяліст,- прасцей купіць патрэбныя даныя, атрыманыя замежнымі касмічнымі апаратамі. Такая заганная тэндэнцыя вядзе да непасрэднай залежнасці ад тых распрацоўшчыкаў, якія гэтую інфармацыю маюць. Тым больш, касмічная тэматыка заўсёды звязана з высокімі тэхналогіямі, якія з цягам часу пераходзяць у іншыя сферы дзейнасці грамадства. А таму, калі краіна ставіць задачу, каб сучасныя інавацыйныя тэхналогіі развіваліся, то неабходна ўзнімаць на высокі ўзровень і касмічную тэматыку ў цэлым. Ды і напрацоўкі ў нас маюцца: яшчэ з канца 1970-х Аб'яднаны інстытут займаецца касмічнай тэмай. Цягам дзесяцігоддзяў ажыццяўлялася пераважна праца па лічбавай картаграфіі.../i/content/pi/cult/317/5584/6-2.jpg

 Сёння ў гэтай галіне даследаванняў апрача Нацыянальнай праграмы рэалізуюцца і праекты сумесна з Расійскай Федэрацыяй. - Трэба разумець і той факт, што калі першапачаткова касмічная навука была накіравана на правядзенне фундаментальных даследаванняў Сусвету, то цяпер яна носіць прыкладны характар, - працягвае Аляксандр Тузікаў.- І што самае галоўнае - вынікі гэтай дзейнасці значна перавышаюць затраты...

 Сярод прыкладаў варта толькі згадаць такую важную дзейнасць, як прагназаванне надзвычайных сітуацый, выкліканых прыроднымі ці тэхнагеннымі катастрофамі, а таксама выпрацоўку мер па ліквідацыі наступстваў. І тут размова ідзе, вядома ж, не аб імгненнай выгадзе.

У цэлым, дзякуючы беларускаму касмічнаму апарату, які мае айчыннае оптыка-валаконнае начынне, можна будзе аналізаваць стан дрэў у парках і лясах, а таксама зямельных угоддзяў. Такім чынам, будуць развівацца тэхналогіі, скіраваныя на рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Па словах Аляксандра Тузікава, беларускі спадарожнік будзе пралятаць над канкрэтным месцам нашай краіны раз у трое сутак. З такой перыядычнасцю можна назіраць за любым аб'ектам, у тым ліку за станам палацаў, замкаў ды іншыхбуйных помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны. І, што не менш важна, беларускі спадарожнік ствараецца не адзін. Рыхтуецца да запуску і шэраг яго расійскіх "калег". У выніку гэтая групоўка спадарожнікаў будзе пралятаць над нашай краінай значна часцей. А таму пры неабходнасці можна абменьвацца інфармацыяй і комплексна яе выкарыстоўваць.

/i/content/pi/cult/317/5584/6-3.jpgКалі казаць пра беларускую праграму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, трэба разумець, што яна ўключае не толькі непасрэдна сам спадарожнік, але і сістэму, прызначэнне якой - атрымліваць інфармацыю ад касмічных апаратаў і аналізаваць яе. Менавіта таму адной з задач Аб'яднанага інстытута і з'яўляецца распрацоўка тэхналогій апрацоўкі спадарожнікавых даных. І гэтаму, безумоўна, спрыяе суперкамп'ютарны накірунак дзейнасці ўстановы, на рахунку якога - стварэнне "Скіфа": высокавытворчай машыны сямейства сучасных суперкамп'ютараў, што выконвае больш за 10 мільёнаў аперацый у секунду і можа справіцца з разнастайнымі задачамі.

З вывядзеннем на арбіту беларускага спадарожніка дзейнасць па касмічнай тэматыцы ў нашай краіне не прыпыніцца. Вучоных чакае далейшая праца па ўдасканаленні сістэмы назірання больш высокай дэталізацыі аб'ектаў. У прыватнасці, у краіне вядуцца і работы па стварэнні спадарожніка сувязі, скіраваныя на стварэнне найноўшай сістэмы тэлекамунікацый, а таксама выкарыстанне інфармацыі з навігацыйных касмічных апаратаў для атрымання дакладных даных аб пазіцыянаванні аб'ектаў, што надзвычай актуальна для даследаванняў геолагаў. Пакуль жа чакаем беларускага спадарожніка, які будзе падаваць сігналы з касмічных абсягаў.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"