Перспектыва і лагатып

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Міжнароднае супрацоўніцтва ў музейнай сферы, якое дазваляе прыцягнуць замежных і айчынных турыстаў, сёння актуальнае як ніколі. Да таго ж, дзякуючы такім стасункам у нашу краіну прыязджаюць унікальныя разнапланавыя выстаўкі, праходзіць шэраг арт-праектаў.

 

Якасна новым крокам у развіцці музейнай дзейнасці мусіць стаць навукова-практычны семінар "Літаратурныя музеі Расіі і Беларусі: праблемы і перспектывы супрацоўніцтва", які адбудзецца напрыканцы красавіка на базе Дзяржаўнага мемарыяльнага музея-запаведніка А.С. Пушкіна "Міхайлаўскае", што знаходзіцца на Пскоўшчыне. Ён прымеркаваны да 100-годдзя з моманту адкрыцця першай музейнай экспазіцыі ў Міхайлаўскім.

Ад нашай краіны плануюць прыняць удзел супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Кожнаму з іх ёсць чым падзяліцца, у тым ліку сваімі цікавымі і арыгінальнымі распрацоўкамі.

Асобным пунктам у праграме семінара пазначана перспектыва будучых сумесных праектаў у 2012-м, калі будзе адзначацца 130годдзе класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Тым часам Літаратурны музей Максіма Багдановіча рыхтуецца шырока адзначыць сваю 30-ю гадавіну. За гэтыя дзесяцігоддзі былі створаны асноўная экспазіцыя Літаратурнага музея, пастаянныя выстаўкі, размешчаныя ў двух філіялах - "Беларуская хатка" і "Фальварак Ракуцёўшчына". Да таго ж, сярод разнастайных мерапрыемстваў па ўшанаванні беларускага паэта, 120-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета, распачаўся конкурс на стварэнне арыгінальнага лагатыпа Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"