Прыстань з… бібліятэкай

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Як знайсці сенсацыю?

/i/content/pi/cult/316/5568/pic_23.jpgНе для кога не сакрэт, што па абсягах нашай краіны праходзілі самыя разнастайныя гандлёвыя шляхі. Найвядомейшы з іх - "з варагаў у грэкі". Аднак і іншыя водныя пуцявіны не саступалі яму ў аб'ёмах гандлёвых патокаў. Пры гэтым здзелкі экспарту і імпарту тавару адбываліся не толькі ў буйных цэнтрах, але нават і пры заможных фальварках, для чаго будаваліся адмысловыя прыстані. Упершыню на Заходняй Дзвіне адзін з такіх аб'ектаў колькі месяцаў таму здолелі выявіць і грунтоўна даследаваць айчынныя археолагі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Раскопкі ля вёскі Лучна, што пад Полацкам, дзе быў выяўлены ўнікальны аб'ект - прыстань узростам у пяць стагоддзяў, - праводзіліся і раней, з 1998 па 2005 год. Аднак менавіта летась археалагічнае даследаванне дадзенай мясцовасці атрымала надзвычай маштабны размах. Па словах кіраўніка экспедыцыі, навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Марата Клімава, у мінулым сезоне гэтыя раскопкі сталі самымі буйнымі ў нашай краіне: помнік Сярэднявечча раскопваўся на плошчы 1140 квадратных метраў. Адначасова там працавала вельмі шмат студэнтаўгісторыкаў з БДУ, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава, а таксама валанцёраў. Экспедыцыя дзейнічала з ліпеня да пачатку верасня.

Нагода для такіх актыўных і маштабных работ тлумачыцца даволі проста: у бліжэйшы час у гэтым месцы плануюць пабудаваць Полацкую гідраэлектрастанцыю. У выніку яе плаціна будзе ўзведзена непасрэдна на плошчы археалагічнага помніка.

Што ж чакалі знайсці археолагі напярэдадні раскопак? Чаго-чаго, але, як ні дзіўна, толькі не сенсацыю. Як адзначыў Марат Клімаў, невыпадкова ў 2005 годзе ў гэтым месцы прыпыніліся раскопкі. Справа ў тым, што характар помніка дастаткова вывучаны, да таго ж, за час папярэдніх даследаванняў былі вызначаны і адметнасці матэрыяльнай культуры колішняга феадальнага комплексу.

Сёлета гісторыкі зафіксавалі ўсё тыя ж асаблівасці, што ведалі і раней. Аднак, бясспрэчна, быў высветлены і шэраг новых момантаў. У прыватнасці, цяпер дакладна можна сцвярджаць, што сярэднявечны феадальны комплекс каля вёскі Лучна існаваў з ХІ да XVI ст. з некаторымі перапынкамі. Пры гэтым фіксуюцца два перыяды жыццядзейнасці сядзібы на адным і тым жа месцы: з канца ХІ да першай паловы ХІІ, а пасля з XV ст. да пачатку XVI ст., калі яна была знішчана ў выніку ваенных дзеянняў.

Да таго ж, непадалёк ад Дзвіны гісторыкі выявілі яшчэ адзін, невядомы раней, археалагічны аб'ект, які знаходзіўся на тэрыторыі старадаўняй сядзібы: гэта грунтовы могільнік. Ён узнік пасля знікнення феадальнай сядзібы ў канцы ХІІ- пачатку ХІІІ стст., але, на жаль, амаль не пакінуў па сабе артэфактаў: змяненне клімату ў ХІІІ ст. спрыяла іх істотнаму разбурэнню. Толькі над некаторымі магіламі захаваліся камяні, ды быў выяўлены мінімальны інвентар. Таксама летась на сядзібе было знойдзена шмат даволі цікавых манет больш позняга часу - так званых дынарыяў Вітаўта і пражскіх грошаў.

 І ўсё ж галоўнай знаходкай раскопак ля вёскі Лучна стала прыстань. Упершыню, па словах Марата Клімава, комплекс прыстані гісторыкі пачалі фіксаваць у 2004 - 2005 гадах. Гэты старадаўні помнік уяўляў з сябе падводны насып, які вызначаўся асаблівымі памерамі, не суадноснымі з характарам падводных прыродных аб'ектаў. Аднак з гэтага насыпу археолагі раней мелі хіба толькі кераміку і цвікі, што не было пераканаўчым доказам існавання самой пабудовы. Сёлета ж, апрача дынарыяў Вітаўта, там быў знойдзены яшчэ і рыжскі солід.

Калі паглядзець на план рэкаструкцыі прыстані, можна ўбачыць, што на насып, які выкарыстоўваўся як дапаможная прыстань пры падзенні ўзроўню вады ў Заходняй Дзвіне, усталёўваўся драўляны памост. Узнікае лагічнае пытанне: ці былі падобныя прыстані характэрныя для гэтай ракі? Адказаць сцвярджальна археолагі пакуль не могуць, бо такая прыстань знойдзена ўпершыню. Па словах Марата Клімава, драўляная прыстань была больш за 20 гадоў таму ідэнтыфікавана ў Віцебску загадчыкам аддзела археалогіі Інстытута гісторыі Вольгай Ляўко. Але гэты аб'ект знаходзіўся не на Дзвіне./i/content/pi/cult/316/5568/pic_24.jpg

На думку Марата Клімава, прыстані не мелі падобнай формы, па якой іх можна было б з лёгкасцю ідэнтыфікаваць. У кожным асобным выпадку рабіліся практычныя і зручныя прыстасаванні для таго, каб ажыццяўляць прычальванне суднаў. Што вельмі важна- акрамя насыпу была знойдзена і дарога да прыстані, сляды якой захаваліся дагэтуль. Яе шырыня складала каля трох метраў. Пры гэтым каля прыстані было створана адмысловае месца для стаянкі і развароту вазоў. Сёння ўяўляецца, што дарога была грунтовай, хаця таксама фіксуюцца і камяні. Вядома, прайшло 500 гадоў, і магчыма, элементы колішняй брукаванкі былі часткова знішчаны вясновымі паводкамі.

Відавочна, падобныя сядзібы на беразе Заходняй Дзвіны былі распаўсюджаны. І хоць пакуль знойдзена толькі адна такая сядзіба, яе аналагі, на думку Марата Клімава, павінны былі ў свой час існаваць. Тым больш, па Заходняй Дзвіне адбываліся гандлёвыя сувязі з Рыгай, пра што сведчаць не толькі разнастайныя манеты, але і калекцыя посуду замежнай вытворчасці, у тым ліку так званы "нямецкі каменны тавар" - кераміка рэйнскіх майстэрняў, якая хоць і каштавала вельмі дорага, але была даволі распаўсюджана ў Еўропе.

Пакуль няма адказу і на пытанне, хто быў уладальнікам гэтай досыць заможнай сядзібы. На жаль, высветліць тое пакуль не атрымалася, бо, па словах Марата Клімава, сядзіба загінула ў пачатку XVI ст. і аб ёй не засталося ніякіх пісьмовых дакументаў. Хутчэй за ўсё, яна стала ахвярай аднаго з баёў пад час вайны Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай. Цікава, што адзін з тагачасных атрадаў, паводле летапісных даных, праваліўся пад Дзвіну. Гэты факт апісаны не толькі ў Пскоўскім летапісе, але нават і ў "Запісках аб Масковіі" Сігізмунда Герберштэрна - пасланніка аўстрыйскага д/i/content/pi/cult/316/5568/pic_25.jpgвара, які праязджаў праз тэрыторыю нашага краю і зафіксаваў багата цікавых фактаў.

І хоць мы пакуль не ведаем, хто жыў у сядзібе Лучна, дзякуючы даследаванням айчынных археолагаў можна зразумець, што ўяўляў з сябе гэты жылы комплекс некалькі стагоддзяў таму.

Паводле меркавання кіраўніка даследавання, сядзіба мела замкнёны характар планіроўкі і, нібыта падковай, паўкругам прымыкала да Заходняй Дзвіны. Пры гэтым пабудовы, плошча якіх складала ад 40 да 60 квадратных метраў, датыкаліся адна да адной. Гэта былі своеасаблівыя дамы-комплексы. Нездарма пабудовы мелі мінімум дзве печы: гаспадарчую і для ацяплення памяшканняў, якая рабілася з гаршковай кафлі.

Нельга не адзначыць і яшчэ адзін факт. Культурны ўзровень гаспадароў сярэднявечнай сядзібы быў даволі высокі. І хоць многія артэфакты да нас не дайшлі, тым не менш, у сядзібе была знойдзена шахматная фігура, а таксама бронзавыя кніжныя зашпількі, што сведчаць пра наяўнасць бібліятэкі. Сёлета археалагічныя работы на аб'екце ля вёскі Лучна будуць працягвацца, бо яшчэ ёсць магчымасць знайсці цікавыя артэфакты, якія змогуць хоць трохі зменшыць колькасць белых плям у айчыннай гісторыі.

Тым часам, частка артэфактаў, знойдзеных пад час раскопак ля Лучна, ужо прадстаўлена ў Музеі археалогіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"